Маларытчане ў складзе дэлегацыі Брэстчыны пабывалі на экскурсіі ў афіцыйнай рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – Палацы Незалежнасці
Дэлегацыя Брэстчыны пабывала на экскурсіі ў афіцыйнай рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – Палацы Незалежнасці. Гэтая экскурсія стала падарункам да 85-годдзя Брэсцкай вобласці. Ад Маларытчыны ў склад дэлегацыі ўвайшлі старшыня Маларыцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Серада і настаўніца гісторыі і грамадазнаўства раённай гімназіі Ірына Сацюк. Сваімі ўражаннямі яны падзяліліся з карэспандэнтам раёнкі.
Алена Серада:
– Нас цёпла вітала прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант. Гасцям расказалі гісторыю стварэння будынка. Паказалі залы і кабінеты, дзе праходзяць важныя сустрэчы міждзяржаўнага ўзроўню.
Пераступіўшы парог Палаца Незалежнасці, мы быццам бы судакрануліся з гістарычнымі падзеямі, якія адбываліся тут. Мы прайшліся па залах, дзе прымаюцца найважнейшыя палітычныя рашэнні ў гісторыі краіны, убачылі маштабную экспазіцыю прадметаў мастацтва – падарункаў Аляксандру Лукашэнку. Яны атрыманы падчас замежных візітаў, рабочых паездак па краіне, ад замежных гасцей. Па падарунках у літаральным сэнсе можна вывучаць геаграфію, гісторыю і беларускую шматвектарную палітыку.
Палац Незалежнасці па праву можна лічыць візітнай карткай Беларусі, эпіцэнтрам актыўнага грамадска-палітычнага і дзелавога жыцця. Гэта аб’ект, які ўражвае сваёй веліччу і захапляе прыгажосцю. Тут усё зроблена рукамі выключна беларускіх будаўнікоў, мастакоў і дызайнераў, і практычна цалкам выканана з айчынных матэрыялаў. Сапраўды, ёсць на што паглядзець. Бярэ гонар за краіну, за народ, за тое, што мы многае ўмеем рабіць на вышэйшым узроўні.
Ірына Сацюк:
– Калі жывеш у рэгіёне ў штодзённым рытме “дом – праца – дом” і асабліва нідзе не бываеш, магчымасць наведаць Палац Незалежнасці – падзея незвычайная, знакавая і запамінальная.
Палац Незалежнасці – сімвал беларускай дзяржаўнасці. Гэта шматфункцыянальная пляцоўка, не толькі пратакольная і афіцыйная. Я ў гэтым пераканалася асабіста. Калі слухала экскурсавода, то ўяўляла, якія падзеі тут адбываліся. Адчуваліся важнасць, сур’ёзнасць і маштабнасць гэтага месца. Можна толькі ўявіць, колькі тут ужо пабывала высокапастаўленых прадстаўнікоў улады розных дзяржаў свету. Вядома ж, я не раз бачыла Палац Незалежнасці па тэлевізары, але не ўяўляла такіх яго маштабаў і такой прыгажосці. Тут адчуваецца беларускі каларыт, нацыянальны характар, які выяўляецца праз работы айчынных майстроў.
Для нас падчас экскурсіі была створана цёплая, утульная, гасцінная атмасфера. Спадабалася абсалютна ўсё: і вялізная зала ўрачыстых цырымоній, і залы перамоў, і Зялёная зала, і зімовы сад… Такія экскурсіі – выдатная магчымасць у поўнай меры адчуць гонар за сваю краіну. Станоўчых уражанняў засталося шмат, экскурсія запоўніцца надоўга.
Мікалай НАВУМЧЫК.