Да навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” далучылася і Маларытчына

Кожнае дзіця ў Новы год чакае нейкага цуду і чараўніцтва. Калі па нейкай прычыне яно не адбываецца, то на дапамогу Дзеду Марозу і Снягурцы абавязкова прыходзіць традыцыйная навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. У краіне яна праводзіцца з 16 снежня 2024 года па 15 студзеня 2025 года. Да гэтай акцыі актыўна  далучылася і Маларытчына.

 Для дзяцей, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі і якім асабліва патрабуецца ўвага і падтрымка,  у Маларыцкім раённым цэнтры культуры  прайшло навагодняе дабрачыннае свята “Шчаслівага Новага года!” Яго падрыхтавалі і правялі педагогі Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Шчыра павіншаваў дзяцей з Новым годам  старшыня Маларыцкага райвыканкама Аляксандр Корж. Кіраўнік раёна, вітаючы ўдзельнікаў свята, адзначыў, што акцыя праводзіцца з 1995 года. Ініцыятарам яе стаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Акцыя прадугледжвае шмат розных навагодніх мерапрыемстваў. Прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх аб’яднанняў, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый клапоцяцца, каб дзеці не засталіся без увагі. Для дарослых галоўная задача – стварыць свята для кожнага дзіцяці, нікога не абмінуць, дапамагчы ажыццявіць мары.  Аляксандр Корж пажадаў дзяўчатам і хлопцам  выдатнага здароўя, поспехаў ва ўсім, пабольш радасных і шчаслівых дзён, здзяйснення мар і надзей.

Другая частка мерапрыемства прайшло ў банкетнай зале з удзелам Дзеда Мароза, Снягуркі, Сняжынкі, снегавічкоў, іншых навагодніх персанажаў. Яны ля ёлкі весялілі  прысутных гульнямі, песнямі, танцамі, сюрпрызамі.  Дарэчы, на свята былі запрошаны дзеці-сіроты, дзеці-інваліды, дзеці, якія засталіся без бацькоўскай апекі, дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.  Разам з імі вакол ёлкі карагод вадзілі старшыня райвыканкама Аляксандр Корж,  намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Ляшчук,  начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Пятручык, загадчык сектар культуры  райвыканкама Вольга Краско.

Вочы дзяцей свяціліся радасцю ад кожнага чароўнага казачнага імгнення. Не абышлося на свяце без самага галоўнага і доўгачаканага моманту. Дзяўчаты і хлопцы атрымалі салодкія навагоднія падарункі ад старшыні райвыканкама.

 Мерапрыемства “Шчаслівага Новага года!” стала яскравым і запамінальным, падарыла добры настрой і станоўчыя эмоцыі.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

 

Поделиться:
  •  
  • 5
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий