Што маларытчане чакаюць ад выбараў Прэзідэнта Беларусі
Краіна рыхтуецца да важнай палітычнай падзеі года. Да яе засталося не так і многа часу. Выбары Прэзідэнта Беларусі адбудуцца 26 студзеня. Нагадаем, што з 1 студзеня пачаўся чарговы этап выбарчай кампаніі: перадвыбарная агітацыя і інфармаванне выбаршчыкаў. Карэспандэнт газеты пацікавіўся, ці пойдуць маларытчане на выбары і што ад іх чакаюць.
– Заўсёды ўдзельнічаю ў кожнай выбарчай кампаніі. Жыць у краіне і не прымаць удзел у палітычным жыцці – гэта няправільна. Тым больш у сітуацыі, калі ад голасу кожнага з нас, беларусаў, надзеленых выбарчым правам, залежыць канчатковы вынік і тое, якое жыццё мы выберам. Я люблю сваю краіну і хачу, каб яна і далей квітнела. Аддам голас за таго, каму давяраю, хто шчыра і ўжо не адзін год па-гаспадарску, разважліва кіруе і клапоціцца пра Беларусь, дбае пра дабрабыт людзей, якасць іх жыцця. Невідушчым трэба быць, каб не бачыць, чаго наша краіна дасягнула за папярэднія трыццаць гадоў у эканоміцыі, індустрыялізацыі, развіцці прамысловасці, у сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, ахове здароўя, адукацыі. Таму прагаласую за працяг гэтай дзяржаўнай палітыкі.
– Я падтрымліваю курс Прэзідэнта, а значыць, і стабільнае развіццё краіны. Моладзь мае права на бясплатную адукацыю, на атрыманне стыпендыі і інтэрната. Я вучылася ва ўніверсітэце на бюджэце, рэалізоўвала ўсе свае задумкі. Мне камфортна жыць у Беларусі. Як мама рада, што ў нас ёсць сістэма сацыяльных выплат і льгот, аплачваецца дэкрэтны адпачынак па догляду за дзіцём да трох гадоў. Мы можам, пры жаданні, выязджаць на аздараўленне ў розныя санаторыі. Для мяне важна захаванне суверэннай Беларусі. Я пайду на выбары, каб галасаваць за стабільнасць і парадак, паспяховую будучыню краіны.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.

