133 гады – агульны працоўны стаж сямейнай дынастыі Улезла з СВК “Дарапеевічы”
Ва ўсе часы заслугоўвалі павагу сем’і, дзе ў спадчыну ад аднаго пакалення да другога перадавалася нейкае рамяство, сямейная справа. Абапіраючыся на вопыт бацькоў і дзядоў, пераймаючы ад іх практычныя навыкі і ўменні, моладзь развівала і рухала сямейную справу далей. І ў нашым раёне ёсць шаноўныя дынастыі настаўнікаў, урачоў і, вядома ж, аграрыяў – людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё працы на зямлі. Адной з такіх дынастый з’яўляецца сям’я Улезла з СВК “Дарапеевічы”, агульны працоўны стаж якой складае звыш 133 гадоў.
Пачынальнікамі гэтай сямейнай дынастыі былі ў свой час Аляксей Аляксандравіч і Вольга Пятроўна Улезла, якія ўсё сваё жыццё працавалі ў калгасе “17 Верасня”: ён – вадзіцелем, а яна – паляводам. Дзве дачкі гэтай сямейнай пары выйшлі замуж ды разляцеліся па свеце, а вось сын Аляксандр пасля службы ў арміі вярнуўся ў родны калгас і стаў працаваць, як і бацька, вадзіцелем аўтамабіля. У хуткім часе і сваю сям’ю стварыў. Яго абранніцай стала прыгожая вясковая дзяўчына Святлана, якая ў 1994 годзе прыехала ў калгас пасля заканчэння Ваўкавыскага саўгаса-тэхнікума і адразу стала працаваць загадчыцай жывёлагадоўчай фермы №2, ці, як цяпер кажуць, брыгадзірам фермы. У маці, якая была даяркай ва ўкраінскім калгасе, Святлана брала першыя ўрокі па жывёлагадоўлі. Ёй падабалася працаваць з жывёлай, назіраць за ёю, таму і вырашыла вучыцца на заатэхніка. На Маларытчыну малады спецыяліст прыехала з дыпломам з адзнакай і ўжо трыццаць гадоў нязменна шчыруе на ферме №2 СВК “Дарапеевічы”.
“Жыць мы сталі ў хаце, якая дасталася мужу ў спадчыну ад яго бабулі”, – успамінала Святлана Цярэнцьеўна. Адзін за адным у маладой сям’і нарадзілася двое сыноў – Андрэй і Іван. Падрасталі хлопцы, а паколькі маці амаль увесь дзень была занята на ферме і іх не было на каго пакінуць, то сыноў часцей за ўсё браў з сабой бацька. Яны, як жартам расказвала Святлана Цярэнцьеўна, можна сказаць, выраслі ў кабіне бацькавай машыны. І, вядома ж, не ўяўлялі свайго далейшага жыцця без тэхнікі. Пасля школы Андрэй скончыў Маларыцкі ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці і зараз працуе ў Расіі. А вось меншы сын, Іван, стаў не проста трактарыстам ці вадзіцелем – ён атрымаў дыплом Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа па спецыяльнасці тэхнік-механік, і набытыя там веды дапамагаюць сёння маладому спецыялісту не толькі ўпэўнена кіраваць даверанай тэхнікай, але і весці яе наладку, тэхнічнае абслугоўванне. Другі год ўжо шчыруе Іван у СВК “Дарапеевічы”, трыццаць гадоў у якім добрасумленна адпрацаваў яго бацька, Аляксандр Аляксеевіч, і не раз заахвочваўся кіраўніцтвам гаспадаркі за сваю самаадданую працу. Апошнім часам Аляксандр Аляксеевіч па стане здароўя вымушаны пакінуць любімую справу.
А сыну ў сельгаспрадпрыемстве спачатку даверылі трактар “Беларус 1221”, а зараз хлопец паспяхова працуе на магутным трактары “Беларус 3022”. Самыя розныя работы даводзіцца выконваць яму на працягу сельскагаспадарчага года. Гэта і падрыхтоўка глебы, і ўнясенне ўгнаенняў, і апрацоўка пасеваў. А гэтым летам Іван упершыню быў памочнікам камбайнера ў экіпажы з Андрэем Пурасам. Праца ў час адной з самых важных сельгаскампаній патрабуе шмат сіл, поўнай самааддачы. Нялёгка было, успамінаў Іван Улезла, гарачай летняй парой шчыраваць у полі ад світання да змяркання. Але ж жніво – зорны час хлебароба, і ўдзельнічаць у ім – пачэсная і адказная справа для кожнага сельскага працаўніка. Гэта добра разумеў малады памочнік камбайнера і стараўся ні ў чым не падвесці свайго старэйшага таварыша. Экіпаж Андрэя Пураса і Івана Улезлы дастойна вытрымаў экзамен жніва, намалаціўшы звыш тысячы тон збожжа новага ўраджаю. У ліку іншых экіпаж-тысячнік прама ў полі прымаў віншаванні і ўзнагароды.
Так паступова малады працаўнік СВК “Дарапеевічы” Іван Улезла ўзнімаецца па прыступках майстэрства. Яму падабаецца працаваць з сучаснай магутнай тэхнікай, весці яе наладку і рэгуліроўку. Нездарма ж кажуць, што добры спецыяліст па гуку рухавіка разумее, як працуе яго жалезны конь. Іван Улезла мае жаданне развівацца далей, марыць стаць класным спецыялістам, каб любая машына ў яго руках “пела”. Для ажыццяўлення сваёй мары хлопец вырашыў вучыцца далей – ён завочна займаецца на другім курсе Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта. Будучы інжынер не шкадуе часу на вучобу, бо добра ведае, што авалодванне новымі ведамі – гэта крок да новых вяршынь у прафесіі. Іван Аляксандравіч жыве і працуе на роднай зямлі і ганарыцца тым, што з’яўляецца годным прадаўжальнікам хлебаробскай справы свайго бацькі і дзеда ды і ўвогуле цэлай дынастыі аграрыяў.
Галіна ПРАКАПУК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.
