Маларыцкаму раённаму цэнтру народнай творчасці ўжо 26 гадоў
Маларыцкаму раённаму цэнтру народнай творчасці ўжо 26 гадоў! Ён быў адкрыты 1 студзеня 1998 года ў вёсцы Замшаны, яго першым дырэктарам стаў Сцяпан Серада. Са снежня 1998 па снежань 1999 Дом народнай творчасці ўзначальвала Валянціна Арцямук. У 2001 годзе ўстанова была перайменавана ў раённы цэнтр народнай творчасці з месцам пастаяннай прапіскі ў будынку былой друкарні горада Маларыты (вул. Савецкая, д. 38). З мая 2000 года дырэктарам установы працавала Таццяна Кіркіна, а з кастычніка 2007 года раённы цэнтр народнай творчасці ўзначаліла Валянціна Струнец. Памятным для супрацоўнікаў установы стаў студзень 2013 года. Пасля капітальнага рамонту Маларыцкі раённы цэнтр народнай творчасці зноў адчыніў дзверы.
Калектыў, які цяпер працуе пад кіраўніцтвам загадчыка народнага майстра Рэспублікі Беларусь Валянціны Струнец у складзе майстроў народны рамёстваў Святланы Барабан, Ульяны Верашчагінай, Людмілы Яраменка, Людмілы Асіпук, Любові Чуль працягвае традыцыі, закладзеныя іх папярэднікамі. Прыярытэтным накірункам у рабоце цэнтра па-ранейшаму застаецца адраджэнне і папулярызацыя ткацтва, аднаўленне традыцыйнага народнага касцюма маларыцкага строю.
Маларыцкі раённы цэнтр народнай творчасці вядомы сваёй папулярызацыяй старажытных рамёстваў сярод насельніцтва, захаваннем і адраджэннем лепшых здабыткаў традыцыйных рамёстваў рэгіянальнага ткацтва і вышыўкі, прыцягненнем моладзі да заняткаў народнай творчасцю. Сярод самых значных дасягненняў з’яўляецца адроджаная старадаўняя тэхналогія ткацтва “Кажушком”, яе колеравая гама і ўзоры арнаменту.
Маларыцкі раённы цэнтр народнай творчасці працуе над стварэннем арыгінальных узораў тканых вырабаў – мужчынскіх гальштукаў, сарочак, сумак, вясельных кашуль, розных фасонаў спадніц, праводзіць масавыя мерапрыемствы… У майстроў народных рамёстваў Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці шмат ідэй, над ажыццяўленнем якіх яны цяпер працуюць.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.
