Праект #НАШАЛЕПШАЕ: Барыс Пухоўскі
У Рэспубліцы Беларусь культывуецца больш як 130 відаў спорту. У кожнага з іх ёсць прыхильнікі, свае слаўныя старонкі гісторыі і яркія імёны. У беларускім гандболе сваёй гульнёй слаўную старонку ўпісаў наш зямляк Барыс Пухоўскі: майстар спорту міжнароднага класа, капітан мужчынскай нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па гандболе, шматразовы чэмпіён краіны і Рэспубліканскай універсіяды. Цяпер ён з’яўляецца разыгрываючым сербскага клуба “Вайвадзіна”.
У 4 класе Надзея Барысаўна і Валерый Георгіевіч Пухоўскія запісалі сына Барыса ў спартыўную секцыю дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Маларыцкага раёна да трэнера Віталя Чорнага. Неўзабаве юнака сталі ўключаць у склад каманды для ўдзелу ў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах па гандболе. Тут Барыса заўважылі і прапанавалі вучобу ў Рэспубліканскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Так Барыс Пухоўскі трапіў да Віктара Касінскага, а затым і ў каманду СКА (Мінск), якую трэніраваў Спартак Мірановіч.
Барыс Валер’евіч з 2005 года (з 18-гадовага ўзросту) стаў выступаць за нацыянальную зборную Беларусі па гандболе. Абараняў яе гонар на чэмпіянатах свету 2013, 2015 і 2017 гадоў, а таксама чэмпіянатах Еўропы 2008, 2014, 2016 і 2018 гадоў. Барыс Пухоўскі сыграў за зборную 209 матчаў, закінуў 865 мячоў і ўзначаліў спіс бамбардзіраў зборнай Беларусі (на другім месцы Іван Броўка з 603 мячамі).
Пачынаў кар’еру гандбаліста ў 2002 годзе ў мінскім СКА, у 2009 годзе перабраўся ў “Дынама” (г.Мінск), але ў пачатку 2012 года вярнуўся ў склад армейцаў і дапамог клубу ў 2013 годзе выйграць еўрапейскі Кубак выкліку. У 2013 – 2015 гадах выступаў за венгерскі клуб “Чурго”, у першай палове 2015 года зноў іграў за СКА, пасля чаго стаў іграком украінскага “Матора” (г. Запарожжа). Вясной 2016 года на правах арэнды выступаў у дзвюх гульнях розыгрышу нацыянальных Кубкаў гандбольнага клуба “Аль-Кіяда” Рэспублікі Катар. Затым вярнуўся ў Запарожжа. Пад нумарам 87 выступаў разыгрываючым за гандбольны клуб “Матор”. У 2022 годзе некаторы час выступаў зноў за СКА (г. Мінск). З 2022 года іграе за гандбольны клуб “Вайвадзіна”, які дасягнуў лепшых сваіх вынікаў: выйграў амаль усе ўнутраныя “трафеі” ў Сербіі: чэмпіянат, Кубак, Суперкубак, а таксама стаў уладальнікам Кубка ЕГФ. Нягледзячы за ветэранскі па гандбольным меркам узрост (3 студзеня споўнілася 38 гадоў), Барыс Пухоўскі працягвае заставацца лідарам “Вайвадзіны”. У 2023-2024 сезоне быў прызнаны лепшым гандбалістам года.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота з архіва аўтара.
