Успамінамі пра бацьку-ветэрана Вялікай Айчыннай вайны падзялілася Зоя Ляшчынская

12 лютага Івану Астапуку споўнілася б сто гадоў. Івану Аляксандравічу было адведзена 92 зямныя гады. Пражыў іх мужчына годна, сумленна і па-справядлівасці, у ладзе і згодзе з усімі. У памяці чатырох дзяцей, шасці унукаў і адзінаццаці праўнукаў ён назаўжды застаўся як любячы муж, выдатны бацька, клапатлівы дзядуля, руплівы і дбайны гаспадар. Суседзі да Івана Астапука мелі заўсёды вялікую сімпатыю, павагу і прыязнасць, калегі цанілі яго за прафесіяналізм і адданасць педагагічнай справе. Для грамадскасці ён быў сапраўдным воінам-вызваліцелем, прыкладам сапраўднага грамадзяніна-патрыёта сваёй Радзімы, які, не шкадуючы ўласнага жыцця, каваў Вялікую Перамогу.

Вось што расказвае пра свайго бацьку педагог дадатковай адукацыі Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Зоя Ляшчынская:

– Мой бацька Іван Аляксандравіч Астапук нарадзіўся і вырас у вёсцы Высокае. З маленства ён быў прывязаны да зямлі. Гаспадарлівасці бацьку, брата і сястру вучылі мае бабуля і дзядуля, у якіх было ва ўласнасці некалькі гектараў зямлі. Да вайны бацька паспеў скончыць два класы польскай і чатыры класы савецкай вячэрняй школы. Фашысцкая навала ўварвалася ў мірнае жыццё нечакана. Вайна да вёскі дакацілася вельмі хутка. Бацька не раз успамінаў пра тое, як пачалася Вялікая Айчынная вайна. 22 чэрвеня 1941 года быў сонечны дзень. Вяскоўцы выганялі кароў на ранкі. У 10.00 на луг да статку пад’ехаў старшыня сельсавета і паведаміў пра тое, што Германія вераломна напала на Савецкі Саюз. Панікі ў людзей не было. Была невядомасць і нейкі страх.

Калі немцы акупіравалі Маларыцкі раён, жыццё змянілася. Днём, як успамінаў бацька, усе хаваліся ў лесе ва ўрочышчы “Шапка”, на ноч прыходзілі ў свае хаты. Але гэта было вельмі небяспечна і рызыкоўна. Пазней захопнікі сталі адпраўляць людзей ў Германію. Ім патрабавалася дармовая рабочая сіла. Таму, каб не трапіць у рабства ў Нямеччыну, вяскоўцам прыйшлося зрывацца з наседжаных месцаў. Іншага выйсця не было. Мой бацька не раз імкнуўся пайсці ў партызаны, каб змагацца з фашыстамі, але маці хлопца не пускала, бо яму было мала гадоў. Дасягнуўшы паўналецця, бацька спачатку апынуўся ў атрадзе імя Ліцвінава брыгады імя Флегантава. Разам з іншымі хадзіў на розныя заданні, у тым ліку падрываў і чыгунку на ўчастку Брэст–Маларыта.

Іван Астапук любіў расказваць пра тое, як ваяваў з захопнікамі. Сваімі успамінамі дзяліўся ён і з унукамі. Жыццёвыя гісторыі ваеннай пары Івана Аляксандравіча заўсёды слухаліся з цікавасцю.

З набліжэннем фронту партызаны злучыліся з часцямі Савецкай Арміі. Іван Астапук быў прызваны на тэрміновую службу Карасінскім ваенкаматам (цяпер – тэрыторыя Украіны). Спачатку юнак праходзіў слубжу ў 222 запасным палку, а затым накіраваны ў 93 полк 160 дывізіі 70 арміі. Са зброяй у руках ён хацеў адпомсціць ненавіснаму ворагу за родных і блізкіх, за сваю вёсачку, нанесеныя крыўды, за мары, якім не наканавана было збыцца. Ён ірваўся ў бой. Неўзабаве жыццё твар у твар сутыкнула хлопца з ваеннай рэальнасцю на полі змагання на Прыпяці бліз горада Ратна. Сваё першае баявое хрышчэнне Іван Аляксандравіч памятаў усё жыццё дакладна і дэталёва. Першы бой змяніў юнака, пераканаў, што літасці да ворага не павінна быць ніякай. Потым ён не адзін раз удзельнічаў у жорсткіх змаганнях на тэрыторыі Маларытчыны (часць, дзе служыў Іван Астапук, дыслацыравалася ля вёскі Замшаны). Затым фарсіраваў Заходні Буг, на працягу 17 дзён разам са саслужыўцамі спрабаваў узяць Варшаву. А 13 жніўня 1944 года атрымаў раненне ў нагу каля польскай вёскі Куры. Для лячэння адправіўся ў Рэчыцу. Пасля папраўкі зноў выказаў жаданне апынуцца на фронце. Трапіў пад Варшаву стралком-аўтаматчыкам у складзе 20 гвардзейскай механізаванай брыгады І танкавай арміі. З таго часу стаў ужо сябе лічыць байцом вопытным і спрактыкаваным. 14 студзеня 1945 года ўдзельнічаў у наступленні на Сандамірскім плацдарме.

– Майму бацьку Івану Аляксандравічу, – гаворыць Зоя Іванаўна, – яшчэ давялося з вінтоўкай у руках паваяваць ва Усходняй Прусіі, Памераніі, выйсці да Балтыйскага мора, удзельнічаць у баях на Зеялоўскіх вышынях, фарсіраваць раку Шпрэе і нават штурмаваць Берлін. Усё гэта беражліва захоўвала памяць бацькі. Ваенныя ўспаміны для яго былі жахлівымі, пакутлівымі, балючымі. Асабліва – ад першага наведвання 7 красавіка 1945 года Асвенцыма. Тут, на фабрыцы смерці, было сапраўднае пекла на зямлі.

За мужнасць і адвагу, праяўленую падчас баявых дзеянняў, Іван Астапук узнагароджаны медалямі “За вызваленне Варшавы”, “За адвагу”, “За ўзяцце Берліна” і інш.

Пасля заканчэння вайны Іван Астапук служыў у Цэнтральнай камендатуры Берліна. Дэмабілізаваўся з арміі толькі ў 1949 годзе. Вярнуўшыся ў родную вёску, стаў працаваць рахункаводам у калгасе “Чырвоны партызан”, потым некаторы час паштальёнам у Лукаўскім аддзяленні сувязі. А з 1954 года ўладкаваўся на працу ў Высокаўскую сямігадовую (пазней – васьмігадовую) школу Маларыцкага раёна настаўнікам. 33 гады Іван Астапук выкладаў тут фізічную культуру, працу і чарчэнне. За гэты час закончыў Пінскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, бо адчуваў, што для эфектыўнай і выніковай работы ў школе не хапае неабходных ведаў. Іван Аляксандравіч быў чалавекам простым, сціплым, непрыкметным, але шчырым, спагадлівым, дабрадушным. Такіх настаўнікаў асабліва любяць вучні. Для высокаўскіх дзяцей Іван Астапук стаў бясспрэчным аўтарытэтам. Да кожнага умеў падабраць ключык, якім лёгка і проста адкрываў душы. Сэрца, аддадзенае дзецям, – гэта пра яго. Настаўнік давяраў заўжды дзецям, у любой сітуацыі, а дзеці – яму. Вучні часта адкрывалі яму свае таямніцы і мары. На такое здатны толькі рэдкай душы чалавек.

За сваю працоўную дзейнасць Іван Астапук атрымаў многа розных узнагарод: медалёў, ордэнаў, грамат… Аднак найбольш важнымі і значнымі ён лічыў узнагароды, атрыманыя за ўклад у разгром фашысцкай Германіі.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Фота з архіва аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий