Вакалісты ўзорнай эстраднай студыі “Забава” вярнуліся з узнагародамі з фестывалю мастацтваў «Кобрынскія іскры»
Скарбонка дасягненняў дзіцячай узорнай эстраднай студыі “Забава” Маларыцкага раённага цэнтра культуры (кіраўнік Вікторыя Лышчык) папоўнілася чарговымі ўзнагародамі. Яны заваяваны вакалістамі студыі на вочным рэспубліканскім шматжанравым фестывалі мастацтваў «Кобрынскія іскры».
Творчае спаборніцтва было скіравана на выяўленне і падтрымку маладых талентаў, развіццё іх здольнасцей, абмен вопытам, павышэнне ўзроўню выканання твораў.
Кампетэнтнае журы высока ацаніла прадстаўленыя песенныя нумары маларытчан. Пры падвядзенні вынікаў улічваўся ўзровень тэхнічнага майстэрства канкурсантаў, адметнасць іх творчай індывідуальнасці, дакладнасць перадачы стылістычных асаблівасцей твора, створаны сцэнічны вобраз. У намінацыі «Эстрадны вакал» дыпломамі лаўрэата І ступені адзначаны выступленні Ліліі Трэбік (песня «Львінае сэрца»), Кацярыны Бурштын (песня «Кветкі сінія»), Марыі Бурштын (песня «Мільёны сэрцаў») і Міланы Антановіч (песня «Белы горад»). Дыпломам лаўрэата ІІІ ступені ўганаравала выступленне Алісы Навумчык (песня «У старой шкатулцы»). Акрамя таго, Лілія Трэбік адна з трох удзельніц намініравалася на атрыманне Гран-пры рэспубліканскага фестывалю.
Аргкамітэт выказаў пісьмовую падзяку Вікторыі Лышчык за папулярызацыю і ўкараненне ідэй на сцэне, развіццё творчага патэнцыялу і падтрымку таленавітай моладзі.
Мікалай НАВУМЧЫК.
