Мерапрыемствы да Дня праваслаўнай кнігі прайшлі ва ўстановах культуры Маларытчыны
Да Дня праваслаўнай кнігі ва ўстановах культуры Маларытчыны былі прымеркаваны розныя мерапрыемствы.
У чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі клірык храма свяціцеля Мікалая Цудатворцы іерэй Сергій Раманко прыняў удзел у сустрэчы «Сэрцы напоўнім святасцю і разважлівасцю». Мерапрыемства прайшло ў цёплай і душэўнай атмасферы. Яго вядучая Галіна Кучына нагадала пра гісторыю Дня праваслаўнай кнігі, пра ролю чытання ў фарміраванні маральных каштоўнасцей і светапогляду. Іерэй Сергій Раманко адзначыў, што праваслаўная кніга – гэта не проста крыніца інфармацыі, а правадыр да Бога, дапамагае зразумець глыбіню веры і здабыць духоўную гармонію.
Святар таксама адказаў на пытанні прысутных.
Гутарка атрымалася жывой, зацікаўленай і змястоўнай. Напрыканцы яе Сергій Раманко пажадаў прысутным духоўнай моцы, мудрасці і любові да чытання.
У дзіцяча-юнацкім сектары цэнтральнай раённай бібліятэкі прайшоў час духоўнасці «Кнігі мудрасці і дабра» з удзелам іерэя Сергія Раманко і вучняў 4 «Б» класа СШ №1. Падчас мерапрыемства дзяўчаты і хлопцы паразважалі аб сваіх учынках, пагаварылі аб павазе і клопаце да навакольных, аб значэнні веры ў жыцці чалавека.
Олтушская сельская бібліятэка стала месцам правядзення праваслаўнай гадзіны «Духоўных кніг боская мудрасць». Настаяцель Спаса-Праабражэнскага храма аг. Олтуш протаіерэй Уладзімір Стрэха расказваў вучням 5 класа пра ролю і значэнне духоўнай літаратуры ў жыцці чалавека, пра яе ўплыў на маральнае выхаванне.
Праваслаўны дыялог «Праз кнігу – да духоўнасці» адбыўся ў Гвозніцкай сельскай бібліятэцы. У ім прынялі ўдзел настаяцель храма Успення Прасвятой Багародзіцы протаіерэй Генадзь Шэпялевіч, старшыня Гвозніцкага сельскага Савета Аляксей Дзямінскі. Асаблівая ўвага была скіравана на значэнне праваслаўнай літаратуры ў фарміраванні асобы чалавека, якая дапамагае разабрацца ў складаных жыццёвых пытаннях і знайсці адказы на пытанні маралі і веры.
Час духоўнай асветы «Сусвет праваслаўя» сабраў жыхароў аграгарадка ў Макранскай сельскай бібліятэцы. Яго правёў настаяцель храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы іерэй Сергій Капанька. Размова падчас мерапрыемства ішла пра каштоўнасці праваслаўнай літаратуры, яе ролю ў жыцці чалавека. Бібліятэкар Тамара Максімук і іерэй Сергій Капанька таксама пазнаёмілі прысутных з навінкамі праваслаўнай літаратуры, якая папоўніла фонды сельскай і царкоўнай бібліятэк.
Мікалай НАВУМЧЫК.




