Як ідзе пасяўная кампанія на палетках СУП “Хаціслаўскі”

На мінулым тыдні ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна распачалі сяўбу ранніх яравых. Карэспандэнты “Голасу часу” пабывалі ў пятніцу на палетках СУП “Хаціслаўскі”, дзе ўжо чацвёрты дзень сеялі авёс і ячмень. На ранак 14 сакавіка тут засталося засеяць аўсом 49 гектараў з запланаваных 180, а ячмень быў пасеяны на плошчы звыш 98 га пры плане 508 гектараў.

Ва ўрочышчы Сынына ля былога хутара Зарычка працаваў у гэты дзень Дзяніс Анішчук на трактары “Джон Дзір” з сеялкай “Амазон Авант”. Дзяніс Станіслававіч толькі другі сезон на сяўбе, але працаваць, як прызнаўся сам, яму падабаецца. Вось зараз роўнымі радочкамі сыплецца зерне ў раллю, а праз нейкі час сейбіт будзе мець магчымасць назіраць, як зазелянеюць і з кожным днём будуць набіраць сілу першыя ўсходы. А гарачай летняй парой трактарыст перасядзе за штурвал камбайна, каб да апошняга зярнятка сабраць пасеянае ім жа збожжа, і будзе ганарыцца тым, што ў важкіх намалотах ёсць часцінка і яго працы.

Для сям’і Анішчукоў сельгаспрадпрыемства будуе дом, і, магчыма, да навагодняга свята яны справяць наваселле. А пакуль Дзяніс Станіслававіч з жонкай і дзвюма дачушкамі жыве ў інтэрнаце.

Спраўна дастаўляў зерне ячменю да сеялкі вадзіцель аўтамабіля-загрузчыка Вячаслаў Качанкоў. Яшчэ і году няма, як ён працуе ў гаспадарцы, але справу сваю ведае добра, умовамі працы і яе матэрыяльным узнагароджваннем задаволены. Вячаслаў Анатольевіч будуе для сваёй сям’і дом у Мельніках, а гэта значыць, што плануе далейшае жыццё у вёсцы.  А чаму б і не? СУП “Хаціслаўскі” клапоціцца пра сваіх працаўнікоў і стараецца матэрыяльна стымуляваць іх самаадданую працу. У сяўбы, да прыкладу, напружаны графік, бо трэба ўкласціся ў аптымальныя тэрміны і ўсе работы выканаць як належыць. Але ж у сейбітаў ёсць магчымасць атрымаць за сваю працу неблагі заробак. Да таго ж, як адзначалі і Дзяніс Анішчук, і Вячаслаў Качанкоў, гаспадарка забяспечвае ўдзельнікаў сяўбы смачнымі гарачымі абедамі, якія рыхтуюць работнікі кафэ “Сава” Маларыцкага райспажыўтаварыства, а ў гарачыя летнія дні прама ў поле дастаўляе і мінеральную ваду. Аплачвае абеды амаль цалкам сельгаспрадпрыемства. Толькі працуй!

І яшчэ некалькі добрых слоў хочацца сказаць пра чалавека, без чыёй працы, як жартам заўважыў брыгадзір паляводчай брыгады Васіль Пішчык, можа спыніцца пасяўная кампанія. Гэта загадчыца склада ГЗМ Ганна Турбіна. Пяць гадоў шчыруе жанчына ў гаспадарцы і да справы сваёй ставіцца вельмі адказна, імкнецца, каб ніякіх затрымак за ёй не было, нягледзячы на тое, што на працу кожны дзень дабіраецца з райцэнтра.

У СУП “Хаціслаўскі” амаль 200 адзінак тэхнікі. Можна сабе ўявіць, колькі паліва за змену адпускае загадчыца склада.  І дакументацыя ў яе заўсёды ў поўным парадку. Ганна Мікалаеўна па спецыяльнасці бухгалтар-эканаміст і добра разбіраецца ва ўсіх пытаннях сваёй сферы.За сваю добрасумленную працу Ганна Турбіна не раз заахвочвалася граматамі СУП “Хаціслаўскі”, мае Пісьмо падзякі ад прафкама сельгаспрадпрыемства. А яшчэ жанчына вельмі любіць кветкі. Гэта становіцца зразумелым, калі ўбачыш, што ўсе вокны ў памяшканні запраўкі ўстаўлены вазонамі. І кветкі звонку на клумбах таксама высаджаны яе клапатлівымі рукамі. Прыгожай душы чалавек дорыць прыгажосць усім, хто яго акружае.

Галіна Пракапук.

Фота Алега Крэмянеўскага.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий