Андрэй Лошак – ганаровы дарожнік і юбіляр
Маларыцкае ДРБУ №179 – лідар па колькасці дыпломаў, заваяваных у штогадовым раённым аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю работы па ахове працы, у абласным спаборніцтве і раённым аглядзе-конкурсе на лепшае добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторый Маларыцкага раёна. Дасягнутыя вынікі – гэта найперш заслуга інжынера па бяспецы руху і ахове працы, старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Андрэя Лошака. Напярэдадні Дня аўтамабіліста і дарожніка Андрэй Аляксандравіч узнагароджаны нагрудным знакам адрознення Міністэрства транспарту і камунікацый “Ганаровы дарожнік Беларусі” ІІ ступені. Дарэчы, такія ж нагрудныя знакі на прадпрыемстве ў мінулыя гады атрымалі Юрый Алексяюк і Уладзімір Юхімук.
Пасля заканчэння сярэдняй школы №4 Брэста і факультэта сельскагаспадарчага будаўніцтва Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута працоўную дзейнасць Андрэй Лошак пачынаў майстрам на Бярозаўскім вытворчым праектна-будаўнічым аб’яднанні, затым працягваў яе ў архітэктурна-планіровачным бюро Маларыцкага райвыканкама, працаваў тут жа вядучым спецыялістам аддзела эканомікі, рыначных адносін і прыватызацыі … З чэрвеня 1998 года працоўная дзейнасць Андрэя Аляксандравіча звязана з Маларыцкім ДРБУ №179, дзе спачатку ён быў назначаны галоўным інжынерам, а з 2012 года – інжынерам па тэхніцы бяспекі і руху.
Утрыманне аўтамабільных дарог і вулічнай дарожнай сеткі, нанясенне гарызантальнай разметкі, устаноўка дарожных знакаў, распрацоўка планаў арганізацыі дарожнага руху пры выкананні дарожна-будаўнічых работ – гэта далёка не поўны пералік абавязкаў інжынера па бяспецы руху і ахове працы. У штодзённай рабоце Андрэй Аляксандравіч цесна ўзаемадзейнічае з органамі Дзяржаўтаінспекцыі, працуе над укараненнем іх рэкамендацый па забеспячэнні дарожнага руху. Напрыклад, па ўстаноўцы штучных няроўнасцей, дадатковых пешаходных пераходаў… Як спецыяліст па ахове працы Андрэй Лошак забяспечвае выдачу работнікам неабходнага спецадзення і абутку.
Выдатна ён спраўляецца і з абавязкамі старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства, якую ўзначальвае з кастрычніка 2012 года. Прафсаюзнае жыццё маларыцкіх дарожнікаў насычанае і багатае на розныя мерапрыемствы. У полі зроку прафкама прадпрыемства – аздараўленне працаўнікоў упраўлення і іх дзяцей, а таксама культурна-масавая і спартыўна-аздараўленчая работа. Андрэй Аляксандравіч перакананы, што далучэнне да здаровага ладу жыцця і добры адпачынак спрыяюць працаздольнасці і ўзняццю жыццёвага тонусу. Па яго словах, асноўная задача, якая стаіць перад пярвічкай, – гэта клопат пра чалавека працы, абарона правоў і інтарэсаў работнікаў, выкананне заканадаўства, павышэнне адказнасці за вынікі асабістай працы і працы калектыву ў цэлым. Яшчэ адзін важны накірунак дзейнасці старшыні – прадухіленне вытворчага траўматызму і прафесійных захворванняў.
Работа пярвічнай прафарганізацыі, якую ўзначальвае Андрэй Лошак, выклікае давер у людзей. Гэта пацвярджаецца стопрацэнтным членствам у прафсаюзнай арганізацыі Маларыцкага ДРБУ №179.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.
