Час падарункаў і чараўніцтва. Рэпартаж з урачыстага адкрыцця дабрачынная акцыя «Нашы дзеці»

Пятнаццатага снежня ў краіне пачалася рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Маштабны навагодні марафон дабра пройдзе з 15 снежня па 14 студзеня. Яго ўрачыстае адкрыццё на Маларытчыне адбылося ў Маларыцкім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі падчас тэатралізаванага мерапрыемства “Падарунак Дзядулі Мароза!”  

Дабрачынная акцыя «Нашы дзеці»  праводзіцца не толькі для таго, каб прыцягнуць увагу да праблем дзяцінства, але і аказаць дапамогу і падтрымку найменш абароненым катэгорыям дзяцей, якія маюць патрэбу ў асаблівым клопаце і ўвазе дзяржавы і грамадства, а таксама заахвоціць найбольш таленавітых дзяцей, якія дасягнулі поспеху ў вучобе, спорце, грамадскім жыцці.  Асноўная мэта акцыі «Нашы дзеці» – дайсці да кожнага дзіцяці, каб усе адчулі свята,  яго чараўніцтва, паверылі ў сапраўдны навагодні цуд.

Сёлета на адкрыццё дабрачыннай раённай акцыі былі запрошаны  вучні Маларыцкага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі і ўстаноў адукацыі горада. Іх павіншаваць прыйшлі старшыня Маларыцкага райвыканкама Аляксандр Корж, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандравіч Карпіцкі, намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама Галіна Стасюк, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Іна Панасюк, старшыня Маларыцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Наталля Іванова, благачынны цэркваў Маларыцкай акругі протаіерэй Віктар Паляціла.

Са словамі вітання да прысутных звярнуліся Аляксандр Корж і Аляксандр Карпіцкі. Яны ўпрыгожылі зоркай з надпісам «Акцыя “Нашы дзеці”» святочную ёлку, «запалілі» яе і тым самым далі сімвалічны старт  дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» на Маларытчыне. Казачныя эльфы павесілі на ёлку свае цацкі з пажаданнямі для дзяцей, якія абавязкова збудуцца ў новым годзе. Да віншаванняў таксама далучыўся і протаіерэй Віктар Паляціла.

Аляксандр Корж і Аляксандр Карпіцкі ўручылі падарункавыя сертыфікаты на набыццё шматфункцыянальнага цэнтра, мяккай мэблі і  інвентару дырэктару Маларыцкага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Людміле Лукавец. Людміла Віктараўна шчыра падзякавала за атрыманыя падарункі і прыпаднесла ім сімвал 2026 года  – цацачных коней у канізэльках  з арнаментам Маларыцкага строю адзення, вытканага па старажытнай тэхналогіі ткацтва  «кажушком».

Аляксандр Корж, Аляксандр Карпіцкі, Галіна Стасюк, Іна Панасюк, Наталля Іванова і протаіерэй Віктар Паляціла ўручылі навагоднія падарункі дзецям. Колькі радасці свяціласяў іх вачах!

 Акцыя «Нашы дзеці»  – гэта яшчэ адна магчымасць  дапамагчы дзецям і раздзяліць з імі радасць чакання цуду, чараўніцтва і казкі.  Так было і падчас адкрыцця раённай навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці». Незвычайную атмасферу падчас яе стваралі Дзед Мароз, Снягурка, Мастак, Сняжынка, эльфы і іншыя казачныя персанажы. Дзеці з задавальненнем танцавалі, падпявалі і вадзілі карагоды.

Свята закончылася, але ў дзяцей засталіся станоўчыя  эмоцыі і пазітыўны настрой.

Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымках: падчас адкрыцця раённай навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці».

Фота аўтара.

 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий