Раённы этап “Вялікай маладзёжнай гульні” прайшоў на базе раённай гімназіі

На базе раённай гімназіі прайшоў раённы этап рэспубліканскай інтэлектуальна-забаўляльнай гульні “Вялікая маладзёжная гульня”. Ініцыятарам  і арганізатарам яе правядзення  стаў раённы камітэт грамадскага аб’яднання “БРСМ”.

У спаборніцтве прыняло ўдзел 8 каманд устаноў адукацыі раёна (узрост удзельнікаў – 14-17 гадоў). Інтэлектуальна-забаўляльная гульня складалася з шасці тураў, у кожным з якіх было па шэсць пытанняў, а таксама – з рызыкі-туру (уключаў тры пытанні).  На абдумванне кожнага пытання давалася адна хвіліна. У віктарыне-гульні ўпор рабіўся не толькі на веды, але і на логіку, знаходжанне ўзаемасувязі. Кожны этап інтэлектуальнага спаборніцтва меў альбо агульную тэму, альбо адзіную форму падачы. Удзельнікам гульні-віктарыны сёлета прапаноўваліся заданні на такія тэмы, як “Я – грамадзянін Беларусі”, “Ганарымся і памятаем”, “Наш БРСМ”, “Маршрут памяці”, “Мова. Памяць. Натхненне”, “Пазнай  творчасць Беларусі”.

Пераможцам спаборніцтва, як і ў мінулым годзе, набраўшы ў агульным заліку 42 ачкі, стала каманда “Наватары” Макранскай СШ у складзе Соф’і Галацэвіч, Андрэя Ківачука, Арцёма Ківачука, Івана Літвіна, Кацярыны Луцюк і Дзмітрыя Анішчука (кіраўнік  Вераніка Пікалава). На другім месцы з 37 ачкамі апынулася каманда “Гульнёвы інтэлект” з СШ №1, на трэцім (з вынікам 21,5) – каманда “Патрыёты” з раённай гімназіі.

Хутка каманда “Наватары” будзе абараняць гонар Маларытчыны на абласным этапе інтэлектуальна-забаўляльнай гульні-віктарыны “Вялікая маладзёжная гульня”.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий