Дзевяностая ступень Соф’і Фраленка. У юбілейны дзень павіншаваць жанчыну прыйшло шмат гасцей
27 студзеня маларытчанка Соф’я Фраленка адзначыла свой дзевяностагадовы юбілей. Павіншаваць жанчыну прыйшлі не толькі родныя і знаёмыя, але і старшыня Маларыцкай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Тамара Бурштын, загадчык дзіцячага сада №1 Маларыты Вольга Пархаць, яе намеснік па асноўнай дзейнасці Святлана Шаўкапляс, а таксама былыя калегі. Для Соф’і Іванаўны – гэта знамянальная дата, напоўненая жыццёвым вопытам, мудрасцю, павагаю, разважлівасцю, успамінамі.
Соф’я Бялова (прозвішча да замуства) нарадзілася ў сялянскай сям’і ў невялічкай вёсцы Калясянка Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці. З маленства ў дзяўчыны было наймавернае жаданне навучыцца чытаць і пісаць, ды і бацькі яе бачылі адукаваным чалавекам. Аднак задуманаму збыцца перашкодзіла Вялікая Айчынная вайна. Бацька адразу пайшоў на фронт. З трыма малымі дзецьмі – Валянцінам, Соф’яй і Галінай – засталася маці Марыя Пятроўна. Ратуючыся ад фашысцкай навалы, яна з дзецьмі выбралася ў бежанцы. Шлях быў далёкі. Пехатой дайшлі да Гродна. Нялёгка было ў дарозе: даводзілася часта хавацца ад налётаў нямецкіх самалётаў, галадаць, адольваць смагу. Начавалі дзе давядзецца: і ў полі, і ў лесе.
Соф’я Іванаўна ўспамінае, што пасля вызвалення Беларусі маці вырашыла вярнуцца ў родныя мясціны. Жыць не было дзе, бо вёска была зруйнавана захопнікамі. Спачатку Марыя Пятроўна змайставала жыллё, якое нагадвала зямлянку. У ёй некаторы час і знайшлі прытулак.
– Пасляваенныя гады – нялёгкі перыяд у маім жыцці, – успамінае Соф’я Фраленка. – Я стала хадзіць у школу. Не было падручнікаў, сшыткаў. Лічылася за шчасце, калі некаму бацькі змаглі купіць фабрычны абутак ці адзенне. Марыла добра наесціся, бо так за гады надакучыла крапіва з лебядой. Пасля заканчэння школы вырашыла вывучыцца на выхавацеля дзіцячага сада, бо была пераканана, што там дзеці не галадаюць. У дзіцячым садзе змагу заўсёды паесці і я.
Соф’я добра вучылася ў Магілёўскім педагагічным вучылішчы. Пасля яго заканчэння маладога спецыяліста накіравалі ў Брэсцкі абласны аддзел народнай адукацыі. На той час загадчыкам Маларыцкага раённага аддзела народнай адукацыі быў Васіль Маркаў. Ён маладому спецыялісту прапанаваў паехаць на працу ў Маларыцкі дзіцячы сад. Паколькі выбар, дзе ўладкавацца, быў невялікі, Соф’я згадзілася. Планавала, што адпрацуе і адразу паедзе ў іншае месца шукаць лепшай долі.
У Маларыту Соф’я Фраленка ўпершыню прыбыла 15 жніўня 1956 года. Дабіралася амаль дзень. Дашкольная ўстанова адукацыі знаходзілася на перасячэнні вуліц Чкалава і Піянерскай. У ёй была тады ўсяго адна змешаная група з трыццаці дзяўчынак і хлопчыкаў. Да працы малады спецыяліст з першага дня ставілася з усёй адказнасцю і сур’ёзнасцю.Калі дзяцей стала больш, адкрылі другую групу, а сам дзіцячы сад перамясцілі на гарадскую плошчу у будынак, дзе раней размяшчаўся Маларыцкі раённы камітэт камуністычнай партыі Беларусі. Неўзабаве Соф’і Іванаўне прапанавалі пасаду выхавацеля-метадыста. Не была ўпэўнена, што справіцца, але вырашыла паспрабаваць.
Пасля адпрацоўкі Соф’я Бялова нікуды так і не паехала. Тут яна сустрэла сваё шчасце – суджанага Анатолія, пакахала і выйшла за яго замуж. Так і засталася назаўсёды ў Маларыце.
У Маларыцкім дзіцячым садзе №1 Соф’я Фраленка адпрацавала 36 гадоў. Яе прафесійны шлях быў адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, у іх ліку – нагрудны знак “Выдатнік народнай асветы” (1974), медалі “За добрасумленную працу” (1976), “Ветэран працы” (1984).
Прадаўжальнікам справы Соф’і Фраленка стала яе дачка Святлана Аўдзяюк. Жанчына 41 год, як і маці, адпрацавала выхавальнікам у Маларыцкім дзіцячым садзе №1.
У размове з гасцямі Соф’я Іванаўна адзначала, што нейкіх спецыяльных рэцэптаў доўгажыхарства ў яе няма. Жыла заўсёды так, як падказвала ўласнае сумленне: паважала людзей, імкнулася дапамагчы ўсім, кожны дзень пачынала і заканчвала станоўчымі эмоцыямі, прыемнымі думкамі, знаходзіла радасць у любым пражытым імгненні і дні. Каб жыць доўга, трэба быць аптымістам, заўсёды верыць у лепшае.
Яшчэ і цяпер маларытчане часта бачаць Соф’ю Іванаўну на вуліцах райцэнтра. Яна наведваецца на гарадскі рынак, некалькі разоў на дзень, нягледзячы на тое, што жыве на чацвёртым паверсе ў доме без ліфта, выходзіць сама прагуляцца па вуліцы,.
Па меркаванні Соф’і Фраленка, жыццёвыя сілы прыбаўляе добрая песня. Калі кепска на душы, яна пачынае напяваць. Тады адразу становіцца лягчэй, усе дрэннае забываецца. Спецыяльнай музычнай адукацыі Соф’я Іванаўна не набыла, але стала спяваць у хоры ветэранаў вайны, які быў арганізаваны пры Маларыцкім гарадскім Доме культуры Галінай Бягезай. У калектыў прыйшла ў 1987 годзе. Першае выступленне адбылося ў лістападзе таго ж года і было прысвечана гадавіне Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Хор не раз выклікалі на біс. Гэта надало жанчыне адчуванне запатрабаванасці, пэўнага натхнення, стала штуршком для далейшай творчасці. У гэтым калектыве Соф’я Фраленка спявала да 2020 года.
– Хоць за плячыма ўжо дзевяць дзясяткаў, а такое ўражанне, нібы толькі ўчора нарадзілася, – гаворыць 90-гадовая юбілярша. – Так хутка праляцеў час, што і не прыкмеціла. Калі б вярнулася маладосць, то зноў бы, не раздумваючы, выбрала шлях выхавальніка дзіцячага сада. Я вельмі ўдзячна Богу за падоранае мне актыўнае даўгалецце. Відаць, ласку і пашану паспела зарабіць не толькі ў людзей, а і ў яго.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.
