Школьнікі Маларытчыны пабывалі ў 38-ай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой Брэсцкай Венскай Чырванасцяжнай брыгадзе
Старшакласнікі ўстаноў адукацыі Маларытчыны пабывалі ў 38-ай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой Брэсцкай Венскай Чырванасцяжнай брыгадзе (дыслацыруецца ў мікрараёне “Паўднёвы” г. Брэста). Пра значнасць прафарыентацыйнага мерапрыемства сведчыў і той факт, што разам з вучнямі і іх педагогамі ў дні адчыненых дзвярэй прынялі ўдзел старшыня Маларыцкага райвыканкама Аляксандр Корж і яго намеснік Галіна Стасюк.
Пачалося наведванне 38-й брыгады на пляцы са звароту яе камандзіра падпалкоўніка Валерыя Булыгі да вучняў. Ён адзначыў, што ваеннаслужачыя брыгады могуць атрымаць практычна любую ваенную спецыяльнасць. Вядома, упор робіцца на падрыхтоўку дэсантна-штурмавых падраздзяленняў. Менавіта ад уменняў і зладжанай працы гэтых байцоў шмат у чым залежыць поспех вучэбнай і баявой аперацыі. Але заданне яны не выконваюць у адзіночку. Прыкрыццё на зямлі і з паветра забяспечваюць зенітчыкі і артылерысты, шырокі спектр задач у інжынерна-сапёрнай роты, батальёна сувязі, разведвальна-дэсантнай роты. Цяжкасці і разнастайнасць службы загартоўваюць дух дэсантнікаў і гуртуюць іх.
Валерый Булыга сказаў, што адна з мэт наведвання вучнямі Маларытчыны 38-й брыгады – гэта знаёмства са службай, каб маладыя людзі не баяліся яе.
Аляксандр Корж падкрэсліў, што ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць! Сказана даўно, але актуальнасці гэтыя словы не страцілі і сёння. Прафесія абаронца Радзімы лічыцца прэстыжнай. Грамадзянам краіны няма чаго баяцца, бо на іх абароне стаяць надзейныя і кваліфікаваныя кадры. Абараняць Радзіму – значыць быць патрыётам сваёй зямлі.
Старшыня райвыканкама перакананы, што наведванне 38-й брыгады дасць маладым людзям магчымасць не толькі судакрануцца з салдацкім бытам, штодзённай службай, убачыць сучасную тэхніку, якая стаіць на ўзбраенні, але, верагодна, і вызначыцца са сваім далейшым прафесійным выбарам.
Да прысутных таксама звярнуліся ваеннаслужачыя 38-й брыгады, выхадцы з Маларыты: падпалкоўнік Уладзімір Піпко і старшы лейтэнант Наталля Давыдзенка. Яны расказалі, чаму выбралі шлях ваеннага, як трапілі на службу ў 38-ую дэсантную брыгаду.
Брэсцкія дэсантнікі абуладкавалі на тэрыторыі брыгады шмат лакацый. Старшакласнікі Маларытчыны расказалі, што неабходна для ваеннай службы па кантракце, для паступлення ў Ваенную акадэмію і іншыя ВНУ для атрымання вышэйшай адукацыі і першага афіцэрскага звання. Дзяўчаты і юнакі наведалі выставу абмундзіравання ваеннаслужачых і ўзбраення, а таксама ваенна-дэсантны комплекс, спартыўную залу, казарму. Дэсантнікі расказалі пра рухомы інфармацыйны цэнтр, мабільныя комплексы сувязі тактычнага ўзроўню, радыёстанцыі, вайсковыя прыборы хімічнай разведкі, аўтаматычны газасігналізатар, дазіметры… Асаблівую цікавасць выклікала ваенная тэхніка: бронетранспарцёры, баявыя машыны, мабільны зенітна-артылерыйскі комплекс, гаўбіца, мінамёты, браніраваная рамонтна-эвакуацыйная машына і інш. Чакаў вучняў і своеасаблівы сюрпрыз. Іх пачаставалі салдацкай кашай і чаем, а таксама дазволілі пасядзець у верталёце, які прызямліўся на плацы брыгады.
Напрыканцы мерапрыемства ў клубе вайсковай часці адбыўся канцэрт вакальна-інструментальнага ансамбля “Арлы над Бугам” 38-й брыгады. Выступленне было сустрэта “на біс”.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.



























