Аист прилетит в новый дом

Раман і Юлія жылі ў суседніх вёсках, а таму добра ведалі адзін аднаго.  У жыцці нярэдка бывае так: жывуць людзі па суседску, сустракаюцца амаль кожны дзень і нават не заўважаюць той момант, калі  сэрцы пранізвае іскрынка кахання. А калі з гэтай маленькай іскрынкі разгараецца вялікае полымя, нават і ўявіць не могуць, як жылі столькі часу адзін без аднаго. Так было і ў гісторыі Рамана і Юліі. Яна, дзяўчына з Мельнікаў, вучылася ў Маларыце, у прафесійным вучылішчы, ён, хаціслаўскі хлопец, адслужыў армію, працаваў на будоўлях. Аб’яднаныя каханнем, яны пажаніліся і вырашылі застацца жыць у вёсцы Хаціслаў. Раман уладкаваўся ў мясцовую гаспадарку токарам, Юлія працавала ў сталоўцы. Жыла маладая сям’я, у якой адзін за адным нарадзілася трое дзетак, у аднапакаёвай кватэры інтэрната. А месяц назад атрымалі Аўдзеюкі ключы ад новага катэджа. Прычым гэты катэдж быў здадзены, як гаворыцца, “пад ключ” – толькі засяляйся і жыві.
– Дом вялікі, прасторны. Пасля інтэрнацкай цеснаты ніяк не нарадуемся. Канешне, тое-сёе за будаўнікамі падпраўляць даводзіцца, але ж  гэта дробязь у параўнанні з тым, што трэба было рабіць у дамах, якія будаваліся раней, – заўважае Раман.
Думае гаспадар і пра тое, як добраўпарадкаваць вялікі ўчастак, размеркаваць усё так, каб было зручна. Стымул для таго, каб хутчэй абжыць новае сямейнае гняздо, ёсць. Хутка дом Аўдзеюкоў зноў наведае бусел, які прыляціць з чарговым падарункам – Раман і Юлія чакаюць чацвёртае дзіця.
– Усе ўмовы ёсць, можна і сям’ю папаўняць,  –  з усмешкай гаворыць Раман. А Юлія толькі шчыра ўсміхаецца. Іх радасць зразумелая, бо дом для маладой сям’і – гэта, без сумнення, адзін з важных падмуркаў сямейнага дабрабыту.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Раман і Юлія АЎДЗЕЮКІ ля свайго новага дома.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий