Святочныя кулічы і пірагі прапануе жыхарам раёна Маларыцкі хлебазавод
Маларыцкае райспажыўтаварыства рыхтуецца да Вялікадня. З 7 красавіка Маларыцкі хлебазавод пачаў выпякаць святочныя кулічы і пірагі. У асартыменце – тры віды хлебабулачных вырабаў, два з іх – навінкі.
Намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства Сяргей Андрэйчук запэўніў, што гэтых хлебабулачных вырабаў хопіць усім. Ён расказвае, што сёлета асвоены выпуск куліча-кекса “Гармонія” з разынкамі і памадкай. Насельніцтву ён рэалізуецца ў папяровай форме ўпакаваны па 200 грамаў (рознічны кошт адпаведна 3 рублі 48 капеек і 3 рублі 56 капеек), 300 грамаў (рознічны кошт адпаведна 5 рублёў 23 капейкі і 5 рублёў 34 капейкі) і 400 грамаў (рознічны кошт 7 рублёў 11 капеек).
Парадуе спажыўцоў і пірог “Графскі” з макам і разынкамі. Ён у гандлёвую сетку паступае вагой 500 грамаў ва ўпакоўцы, каштуе 5 рублёў 60 капеек.
Маларыцкі хлебазавод аднавіў выпуск і навінкі мінулага года, якая карысталася попытам: куліч-крафін з цукатамі “Благодатный”, які пасыпаны зверху цукровай пудрай. Ён у гандлёвую сетку паступае вагой 300 грам.
Сяргей Андрэйчук падкрэсліў, што тэрмін захоўвання хлебабулачных вырабаў “Гармонія” і “Благодатный” – 12 сутак ва ўпакоўцы, а “Графскі” не губляе сваіх смакавых якасцей на працягу 48 гадзін.
Прадавец магазіна “Гарачы хлеб” Аксана Румянцава гаворыць, што велікодныя кулічы маларытчане купляюць добра. Яны не залежваюцца на паліцах гандлёвай кропкі.
Дарэчы, вырабы маларыцкіх хлебапёкаў да Вялікадня рэалізоўваюцца не толькі на тэрыторыі нашага райцэнтра і раёна. Яны таксама пастаўляюцца ў гандлёвыя кропкі Брэста і Жабінкі.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.







