У анлайн-фармаце прайшла інтэрактыўная гульня “Для дружбы няма адлегласці”

Другога красавіка гэтага года Маларыцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма заключыла пагадненне аб супрацоўніцтве з Сыктыўдзінскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай Рэспублікі Комі Расійскай Федэрацыі. А 15 красавіка ў межах рэалізацыі гэтага дакумента прайшла інтэрактыўная гульня-знаёмства “Для дружбы няма адлегласці”.
У мерапрыемстве, якое прайшло ў анлайн-фармаце, прымалі ўдзел вучні 8 “А” класа Маларыцкай раённай гімназіі (класны кіраўнік Ірына Алексяюк), дырэктар Маларыцкай ЦБС Наталля Кузьміцкая і вучні 7 “А” класа Выльгарцкай СШ №1 Сыктыўдзінскага раёна Рэспублікі Комі. Са словамі вітання да прысутных у бібліятэках дзвюх краін звярнуўся старшыня Сыктыўдзінскага аддзялення Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Андрэй Лазіцкі.


Падчас сустрэчы вучні Маларытчыны даведаліся пра Рэспубліку Комі, яе сімвалы (герб, флаг), асаблівасці мовы, нацыянальнае жаночае і мужчынскае адзенне, сяло Выльгарт, яго славутасці, мясцовыя народныя рамёствы, рэспубліканскі лыжны комплекс імя Раісы Смятанінай, фестываль “Завалинка”… Васьмікласнікі раённай гімназіі даведаліся, што бліз Выльгарта праходзілі здымкі кінафільма “Дажыць да світання” па аповесці Васіля Быкава.
Загадчыца дзіцяча-юнацкага сектара Маларыцкай ЦБС Таццяна Крысіна расказала і паказала на слайдах прэзентацыі пра Беларусь, Брэсцкую вобласць, Маларытчыну, яе прыроду… Таццяна Фёдараўна гаварыла не толькі пра цара-дуба, дуба-патрыярха, асабліва ахоўваемыя прыродныя зоны, але і пра аб’екты раёна, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Закончылася інтэрактыўная гульня-знаёмства віктарынай. На працягу мерапрыемства прагучалі пытанні, звязаныя з Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Комі.
Дарэчы, падчас Міжнароднага Маларыцкага марафона ў мінулым годзе прадстаўнікі адміністрацыі муніцыпальнага органа кіравання, спецыялісты ўпраўлення культуры і спорту Сыктыўдзінскага раёна пабывалі на Маларытчыне. Для іх была арганізавана экскурсія на розныя аб’екты нашага рэгіёна, у тым ліку – і ў раённую бібліятэку. Тады ж і ўзнікла ўзаемная зацікаўленасць у наладжванні “прамога” супрацоўніцтва і абменам вопытам работы паміж бібліятэчнымі ўстановамі двух раёнаў – Маларыцкага і Сыктыўдзінскага.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий