Карцінкі з глыбінкі: Навалессе і яго жыхары
У недалёкім мінулым Навалессе было даволі вялікай вёскай у Олтушскім сельсавеце. Напрыкладу, яшчэ ў 1998 годзе тут налічвалася 87 двароў і 182 жыхары. На жаль, з цягам часу вясковая моладзь у пошуках шчасця разляцелася па гарадах, і сёння тут пражывае ўсяго каля 20 жыхароў. Ды і ў выніку рэарганізацыі сельсаветаў Навалессе належыць ужо да Гвозніцкага сельсавета, а землі былога сельгаспрадпрыемства “Радзежскае” ўвайшлі ў склад ААТ “Гвозніца”. Дарэчы, многія працаздольныя жыхары Навалесся шчыруюць зараз у гэтай гаспадарцы, і ў час нашай камандзіроўкі мы пазнаёміліся з некаторымі з іх.
На зямлі дзядоў
Валянцін Холад працуе ў ААТ “Гвозніца” вадзіцелем. Разам з жонкай Вольгай Іванаўнай жыве ў дзедаўскім доме, які сам абсталяваў гарадскімі выгодамі. Падворак Холадаў таксама прыцягвае ўвагу прахожых: клумбу ля дома ўпрыгожваюць ганарлівыя лебедзі, непадалёк удала абсталявана месца адпачынку з арэлямі і мангалам. Знаходзіць Валянцін Васільевіч час, каб даглядаць і за садам, які таксама перайшоў яму ў спадчыну ад дзеда.
Марыя Сацюк ужо на заслужаным адпачынку. Пераехала з райцэнтра ў вёску і працуе аператарам машыннага даення на Хмялёўскай малочнатаварнай ферме ды яшчэ трымае хатнюю гаспадарку. Ёсць у жанчыны сялянская жылка. Ну як жыць у вёсцы без свайго агарода і жыўнасці на падворку?! Гэта ж не толькі свежыя і натуральныя прадукты, але і прыбаўка да пенсіі, лічыць Марыя Міхайлаўна. А на працу і дамоў сельгаспрадпрыемства дастаўляе работнікаў сваім транспартам.
Жывёлагадоўля – справа выгадная
Пазнаёміцца з працавітай сям’ёй Касянікаў нам парэкамендаваў старшыня Гвозніцкага сельскага Савета Вітольд Пяткевіч.
Ля дыхтоўнай сельскай хаты ідэальны парадак, быццам тут папрацаваў ландшафтны дызайнер. Ад веснічак да хаты вядзе акуратная дарожка, выкладзеная пліткай. Разам з кветкавымі клумбамі ўпрыгожваюць тэрыторыю туі, далей размясціліся градачкі з клубніцамі і полікарбанатная цяпліца, у якой гаспадары вырошчваюць агародніну. Быццам на парад выстраены ў рад розныя прыстасаванні для апрацоўкі зямлі і нарыхтоўкі сена ды два трактары.
Карэнны жыхар Навалесся Іван Касянік разам з жонкай Вольгай Георгіеўнай трымае вялікую гаспадарку – шэсць кароў і цялушку. Для выпасвання статка дзяржава выдзеліла пяць гектараў пашы, акрамя гэтага, у асабістай падсобнай гаспадарцы Івана Касяніка два гектары ворыўнай зямлі, дзе гаспадары вырошчваюць бульбу, кармавыя буракі, збожжавыя. Кожны ранак свежае малако забірае прыватнік з Высокага і дастаўляе на ААТ “Савушкін прадукт”. Кожныя два тыдні – разлік за здадзеную прадукцыю.
Прыкладна тры гады таму Іван Фёдаравіч змяніў работу калгаснага электрыка на працу ва ўласнай гаспадарцы і не шкадуе аб гэтым, бо, як упэўніўся сам, з уласнай гаспадаркі жыць можна. Цікаўлюся ў гаспадара наконт строгіх патрабаванняў перапрацоўшчыка да якасці малака. На гэта Іван Фёдаравіч адказаў, што, калі як след даглядаць жывёлу, своечасова пралечваць яе, то ніякіх праблем ні з саматыкай, ні з чым іншым быць не павінна.
Вольга Георгіеўна родам з Галёўкі, працуе ў Навалессі сацыяльным работнікам – даглядае семярых пажылых аднавяскоўцаў. А яшчэ жанчына даволі ўдала займаецца вырошчваннем вінаграду. Каб расказаць пра яе поспехі, паабяцалі прыехаць у госці, калі даспее вінаград.
На маё пытанне, калі гаспадары паспяваюць з усім упраўляцца, Іван Фёдаравіч адказваў, што да сялянскай працы ім не прывыкаць, і жывёлу на падворку заўсёды трымалі, зараз толькі павялічылі яе колькасць. Свой рабочы дзень Касянікі пачынаюць рана, кормяць і дояць апаратам сваіх каровак, і да 10 гадзін раніцы малако ахалоджваецца. Дарэчы, халадзільнік, па словах бацькі, сабраў старэйшы сын Іван, які з сям’ёй жыве ў весцы Збураж. Ён таленавіты інжынер-энергетык. Дапамагае Іван бацьку і ў час нарыхтоўкі сена. Падрастае і малодшы памочнік – 10-гадовы сын Ілья. На сённяшні дзень ён адзіны вучань з Навалесся ў Радзежскай сярэдняй школы, старанна вучыцца, спрабуе пісаць вершы, лепіць фігуркі з пластыліну і, як расказваў сам, марыць стаць хірургам. А дачка Касянікаў Алена, – хімік-эколаг у Мінску.
Іван Фёдаравіч расказваў нам, што свой дом абагравае з выкарыстаннем пелетаў, а ў будучым, калі ў Навалессі правядуць рэканструкцыю электралініі, не супраць і электраабагрэў падключыць. Сваю вёску Іван Касянік не прамяняе ні на які горад. А любоў да сялянскай працы ў яго ад бацькоў, якія ўсё жыццё шчыравалі ў мясцовым калгасе “1 Мая”.
Калгасныя ветэраны
Мы не маглі не наведаць у той дзень і сямейную пару Касянікаў-старэйшых, тым больш што і хата іх стаіць побач з сынавай. Васьмідзесяцігадовая гаспадыня Вольга Міхайлаўна якраз рыхтавала градачкі пад пасадку цыбулі і расказвала, што ў маладосці спачатку працавала на калгасным складзе, а потым 20 гадоў шчыравала свінаркай ды цялятніцай, шмат узнагарод мела за сваю працу, выгадавала з мужам дачку і сына. Муж, Фёдар Іванавіч, якому ідзе 88-ы год, у мінулым калгасны электрык. Як бачым, бацькоўскую справу падхапілі і сын, і ўнук Фёдара Касяніка. А два гады таму сямейная пара адзначыла брыльянтавае вяселле – 60-годдзе сумеснага жыцця.
Свежыя прадукты даставіць аўтамагазін
Два разы на тыдзень, у аўторак і пятніцу, жыхароў Навалесся абслугоўвае аўтакрама Маларыцкага райпа. Пагаварылі мы ў гэты дзень з жанчынамі, якія выйшлі за пакупкамі да аўталаўкі. І 78-гадовая Марына Алесік, і гараджанка Надзея Кушнерык, якая даглядае ў вёсцы старэнькую маці, у адзін голас гаварылі, што асартымент тавараў у аўтакраме добры, усяго дастаткова нават у аўторак, калі машына прыязджае ў Навалессе ўжо бліжэй да канца рабочага дня. У час праваслаўнага посту заўсёды ў наяўнасці была посная выпечка, а перад Вялікаднем вясковым пакупнікам даставілі свежыя духмяныя кулічы.
На заканчэнне хочацца сказаць, што жыццё не стаіць на месцы. У 2024 годзе быў заасфальтаваны ўчастак дарогі ад Навалесся да суседняй вёскі Заазёрная. Пры наяўнасці фінансавых сродкаў у недалёкім будучым дарога з цвёрдым пакрыццём злучыць два гэтыя населеныя пункты, што, вядома ж, будзе спрыяць паляпшэнню транспартных зносін. Як нам паведамілі вяскоўцы, на 2028–2030 гады запланавана тут рэканструкцыя электралініі пад патрэбы электраацяплення. Гэта гаворыць аб тым, што дзяржава клапоціцца пра жыхароў нават такіх малых вёсачак. Глядзіш, і яшчэ нехта захоча адрадзіць бацькоўскую сядзібу, і гараджане актыўней будуць выкупляць нежылыя хаты пад дачы. Такія прыклады ў Навалессі ўжо ёсць, а значыць, ёсць і надзея, што гэты населены пункт не знікне з карты раёна.
Галіна Пракапук.
Фота Алега Крэмянеўскага.






