Справаздачны канцэрт дзіцячай творчасці прадэманстраваў работу аб’яднанняў па інтіарэсах
У Маларыцкім раённым цэнтры культуры прайшоў справаздачны канцэрт дзіцячай творчасці аб’яднанняў па інтарэсах Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па выніках работы за 2025/2026 навучальны год. Падчас мерапрыемства вучні дзяліліся сваімі дасягнутымі поспехамі і паказвалі высокі ўзровень майстэрства.
Перад пачаткам справаздачнага канцэрту ў фае Маларыцкага раённага цэнтра культуры развярнуліся выставы работ дэкаратыўна-прыкладной творчасці вучняў, якія наведваюць аб’яднанні па інтарэсах. У танцавальнай зале прайшоў спектакль “У чаканні цуду” ценевага тэатра ўзорнага тэатральнага калектыву “Каламбур” (кіраўнік Валянціна Самуйлік).
Урачыстае мерапрыемства правялі Сафія Гайдучык і Анатоль Панасюк.
Дырэктар Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ала Шабогіна ў сваім выступленні падкрэсліла, што цяпер установа прапаноўвае на выбар 113 аб’яднанняў па інтарэсах па дзесяці асноўных профілях. На свой густ вучань можа выбраць адзін ці некалькі з іх: мастацкі, эколага-біялагічны, тэхнічны, культурна-дасугавы, прыродазнаўча-матэматычны, грамадазнаўча-гуманітарны, сацыяльна-педагагічны, турысцка-краязнаўчы, ваенна-патрыятычны, фізкультурна-спартыўны…
Сваё майстэрства на сцэне прадэманстравалі танцавальны калектыў “Мара” са сцяг-шоу “Беларусь незалежная” (кіраўнікі Таццяна Трафімук і Ала Шабогіна), дзіцячы вакальны ансамбль “Спявай са мной!” (кіраўнік Таццяна Вашчынчук), члены “Школы юнага валанцёра. Pro. Дабро” (кіраўнік Надзея Пстыга) і аб’яднання па інтарэсах “Юны карэспандэнт” (кіраўнік Марына Крэнь). На “біс” прайшло выступленне юнакоў і ансамбля лыжкароў Олтушскай СШ (кіраўнік Галіна Крэнь), тэатра “Вялікі перапынак” (кіраўнік Зоя Ляшчынская), ансамбля “Крынічка” і фальклорнага калектыву Хаціслаўскай СШ (кіраўнік Алена Чэрнікава). Апладысментамі было сустрэта і выступленне членаў аб’яднання па інтарэсах “Юны дызайнер” (кіраўнік Ірына Гойка), уладальніка гран-пры адкрытага абласнога фестывалю юных мадэльераў “Brest junior fashion” 2025 года, якое прадставіла калекцыю адзення “Купалінка”, а таксама вакальнага ансамбля “Сузор’е” (кіраўнік Вікторыя Лышчык).
Падчас справаздачнага канцэрту адбылося ўзнагароджванне педагогаў з іншых устаноў адукацыі Маларытчыны за актыўнае супрацоўніцтва з раённым цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама бацькоў тых дзяцей, якія дасягнулі поспехаў на занятках аб’яднанняў па інтарэсах. Пад апладысменты пісьмовыя падзякі ім уручыла Ала Шабогіна.
Начальнік аддзела па адукацыі Маларыцкага райвыканкама Іна Панасюк падкрэсліла, што Маларыцкі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі – асаблівая тэрыторыя поспеху, творчасці, рэалізацыі мар, дзіцячага шчасця, смеху, радасці. Вопытныя, спрактыкаваныя, апантаныя, таленавітыя, творчыя, энергічныя педагогі, якія бязмежна любяць дзяцей, з задавальненнем і радасцю дзеляцца з імі сакрэтамі свайго майстэрства. Яны натхняюць і вераць у кожнага, дапамагаюць раскрыць патэнцыял кожнага выхаванца. Пацвярджэнне гэтаму – узнагароды, атрыманыя на шматлікіх конкурсах і фестывалях.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.























