“Маяк” на Каштанавай


20 мая ў Маларыце для сваіх наведвальнікаў гасцінна расчыніў дзверы супермаркет «Маяк» закрытага акцыянернага таварыства «Дабраном». Гандлёвая кропка пачала работу па адрасе: вуліца Каштанавая, 16. Для нашага невялікага райцэнтра – гэта момант знакавы. Як адзначыў адзін з першых пакупнікоў, магазінаў шмат не бывае. І гэта сапраўды так.

Падчас урачыстага адкрыцця «Маяка» выступіў намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама Аляксандр Сухарэвіч, а таксама рэгіянальны кіраўнік ЗАТ «Дабраном» па Брэсцкай вобласці Андрэй Выскварко і прадстаўнік уласніка гандлёвага цэнтра Ганна Паўлюкевіч-Жук.
Аляксандр Сухарэвіч адзначыў, што адкрыццё ўжо трэцяй па ліку гандлёвай кропкі «Дабранома» ў Маларыце палепшыць тавараабарот, яго работа скажацца на асартыменце і якасці прадуктаў у іншых гандлёвых кропках. Канкурэнцыю ж трэба вытрымаць. Чым яна вышэйшая, тым больш карысці для спажыўцоў.

І вось наступае кульмінацыйны момант. Аляксандр Сухарэвіч, Андрэй Выскварко і Ганна Паўлюкевіч-Жук пад апладысменты гараджан пераразаюць чырвоную стужку. У гандлёвай кропцы наведвальнікаў сустракаў робат-прамоўтар, своеасаблівы шматфункцыянальны асістэнт, які запрашаў прайсці ў гандлёвую залу і выбраць тавар.
Як і ў большасці сучасных магазінаў, у супермаркеце радуе вока шырокі выбар тавараў харчовай і нехарчовай груп. У гэтым маглі асабіста пераканацца першыя пакупнікі. “Маяк” – гэта магчымасць купіць усе патрэбныя рэчы ў адным месцы! Тут прадстаўлены якасныя прадукты ад беларускіх вытворцаў і нехарчовыя тавары паўсядзённага попыту. Гандлёвая плошча супермаркета складае 462 м2, асартымент налічвае 4500 найменняў тавараў. Тут існуе сістэма скідак, дзейнічае дысконтная праграма. У штаце новай гандлёвай кропкі, якую ўзначальвае Ала Качанкова, 12 чалавек, у іх ліку – старшыя касіры Ганна Далгашэй і Вікторыя Фралова, кантралёры-касіры Святлана Юхімук і Кацярына Чырук, пекары Ніна Дзячук і Алена Кірылюк.


Першым пакупніком у новым гандлёвым аб’екце стала Ганна Марук з трохгадовым сынам Ільёй.
–Я жыву непадалёку ад “Маяка”, – зазначыла жанчына. – Прадуктовы магазін у крокавай даступнасці – гэта выдатна. Тут памяркоўныя цэны, багаты асартымент. Ды і час працы зручны: з 09.00 да 22.00.
Марыя Кузьміч, адна з першых пакупнікоў, падкрэсліла, што супермаркет вельмі прыгожы, вялікі, тавар выстаўлены арганічна, спадабалася і раздзяленне ў магазіне на зоны.
Падчас адкрыцця маларытчане ацанілі святочныя сюрпрызы: паветраныя шары ў падарунак, салодкая вата, магчымасць сфатаграфавацца з роставымі лялькамі, дэгустацыя прадукцыі, бяспройгрышная латарэя, канцэртная праграма ад народнага ансамбля народнай песні і музыкі “Хаціславяне”.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках:
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий