СЯМЕЙНЫ ПАДРАД

Калі заходзіш на старыя фермы, дзе яшчэ і ручной працы 90%, і пад’ездаў добрых няма, думаеш: ну што можа вабіць людзей, якія тут працуюць? А калі даведваешся, што і заработная плата невысокая, – тым больш.
Вера Мікала­еўна Муха, ця­лятніца СВК “Макраны”, шчыра прызналася, а яна, як нам сказалі, чалавек адкрыты і прамы, што ўсе гэтыя недахопы перакрываюцца большым: вялікай любоўю да маленькіх жывых істот.
– А даглядае яна разам са сваёю дачкою Наталляй самых маленькіх цялятак, якім ад 20 дзён да паўгода.
– Яны ж, як маленькія дзеткі, – дзялілася Вера Мікалаеўна. – І хварэюць часта, і рацыён харчавання ў іх свой, і ласку любяць,  і клапатлівыя рукі. І калі гэтага ў цябе не будзе,  наўрад ці на ферме затрымаешся.
У 2000 годзе прыехала Вера Мікалаеўна Муха разам з сям’ёю з Казахстана ў Макраны. Па спецыяльнасці, а яна там працавала ў грамхарчы, работы не знайшлося, і жанчына ўладкавалася на ферму. Жывёлаводамі пайшлі працаваць і яе муж, Васіль Васільевіч, і сын, таксама Васіль Васільевіч. А некалькі год таму назад пасля заканчэння Маларыцкага ПТВ-155 на ферму ўладкавалася і дачка Наталля. Цяпер на Макранскай ферме працуе ўся сям’я Муха. І як было кіраўніцтву СВК не выдзеліць ім 5 гадоў таму назад дом. Праўда, Наталля ў хуткім часе выйшла замуж, абзавялася сваёй сям’ёй, таму яшчэ адзін асобны дом атрымала і яе сям’я.
Летась у Веры Мікала­еўны і яе дачкі, а яны працуюць на адной ферме і даглядаюць 150 цялятак, былі надзвычай добрыя вынікі: іх гадаванцы давалі ў сярэднім у суткі амаль па кілаграму прыбаўленняў у вазе. Сёлета гэты паказчык крыху ніжэйшы, 700 – 800 грамаў у сярэднім, але за кастрычнік не хапіла ўсяго толькі 30 грамаў зноў жа да кілаграмовых прыбаўленняў. Таму ў гэтых цялятніц ёсць шанц па выніках года быць у ліку лепшых не толькі ў сваёй гаспадарцы, але і ў раёне.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: Наталля БУРШТЫН і Вера МУХА, цялятніцы Макранскай фермы.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий