«І СПРАВАЙ МЫ АДЗІНЫЯ…»
Вельмі прыемна, што ў сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве”Савушкіна” не забылі адну ісціну: сказанае чалавеку працы шчырае слова ўдзячнасці іншы раз куды больш значыць, чым матэрыяльная ўзнагарода. Вось і гэтую ініцыятыву – расказаць на старонках газеты пра лепшых з лепшых працаўнікоў гаспадаркі напярэдадні прафесійнага свята – праявілі адміністрацыя сельгаспрадпрыемства ў асобе Сяргея Гусака і прафсаюзная арганізацыя ў асобе яе лідара Івана Мелянчука. І рэдакцыя, вядома ж, не магла яе не падтрымаць. Таму святочны выпуск газеты апраўдана прысвячаецца людзям працы СУП ”Савушкіна”.
Нягледзячы на тое, што да завяршэння каляндарнага года яшчэ больш за месяц і падводзіць агульныя вынікі дзейнасці гаспадаркі пакуль рана, перад аповядам пра непасрэдных удзельнікаў вытворчага працэсу, пацікавіліся ў кіраўніка сельгаспрадпрыемства Сяргея Гусака, што прынёс ім год бягучы і якія перспектывы на будучы ?
– 2016 год для нашай гаспадаркі cкладваецца паспяхова. У цэлым усе пастаўленыя задачы мы выканалі. Асабліва парадавала корманарыхтоўчая кампанія, хоць напачатку лета, якое пачыналася засухай, давялося пахвалявацца. Але нябёсы своечасова парадавалі нас спрыяльным дожджыкам. Выраслі добрыя травы, а ўнесеныя пад пасевы кукурузы арганіка, мінеральныя ўдабрэнні, сродкі аховы раслін разам з працай нашых земляробаў далі добрую аддачу. Мы атрымалі важкі ўраджай зялёнай масы кукурузы. Валавы збор яе пры ўраджайнасці 308,2 цэнтнера з гектара склаў 57,6 тысячы тон. У дадатак да гэтага намалацілі яшчэ 3910 тон зерня кукурузы ў бункернай вазе, што таксама адчувальны вынік. Зазначу, што ўсе кармы ў нас якасныя, бо і сянаж , і сілас закладваліся ў аптымальныя тэрміны. Што тычыцца кукурузнага сіласу, то ён быў назапашаны яшчэ і з вялікай колькасцю зерня.
Ураджай збожжавых культур, у адрозненне ад кармавых, не такі важкі – зноў жа падвяло надвор’е ў пачатку лета, а яшчэ больш няўстойлівае падчас жніва. І тут, магчыма, былі дапушчаны нейкія нашы пралікі ў тым плане, што пачынаць уборку трэба было ўсё ж раней, а не чакаць аптымальнай вільготнасці зерня, і павялічыць аб’ём работ на жніве. Тым не менш, валавы збор зерня ў параўнанні з мінулым годам мы не знізілі. Яго намалот з кукурузай склаў 9991 тону пры агульнай сярэдняй ураджайнасці 49, 8 цэнтнера з гектара. Лічу, што гэта нядрэнны вынік.
Калі гаварыць пра дасягненні ў жывёлагадоўчай галіне, то ў плане вытворчасці асноўнай прадукцыі – малака – гэты год для нас быў цяжкім. З-за летняй спякоты ў мінулым годзе нам не ўдалося нарыхтаваць неабходную колькасць травяністых кармоў і іх недахоп падчас зімоўкі 2015-16 гадоў не дазволіў нам рэалізаваць усе магчымасці ў плане павелічэння вытворчасці малака. У гэтым годзе мы працавалі ў асноўным над замацаваннем дасягнутага раней. Адсюль і невялікае павышэнне сабекошту прадукцыі. І хоць валавую вытворчасць малака мы не знізілі, за год яна будзе на ўзроўні 102 працэнтаў, надой на карову сёлета атрымаем ніжэйшы, чым летась. Увогуле ж, лічу, што для бяспрывязнай тэхналогіі вытворчасці малака ў нашай гаспадарцы мы ўсё ж дасягнулі выніку, які нам неабходны і які магчыма атрымаць на гэтым пагалоўі. А колькасць нарыхтаваных сёлета кармоў усяляе надзею на тое, што ў наступным годзе дасягненні, якія ёсць у жывёлагадоўчай галіне, мы адчувальна палепшым. Тым больш, што на належным узроўні ў нас арганізавана і праводзіцца работа з генетыкай жывёлы, па вырошчванні маладняку БРЖ на тэхналагічных прыбаўленнях у вазе, па забеспячэнні прыросту якасных паказчыкаў жывёлы. Праўда, вялікай праблемай пакуль застаецца выхад цялят, але мы працавалі і працуем над яе вырашэннем. Упэўнены, што спецыялісты галіны, а яны ў нас усе адукаваныя і вопытныя, сумесна з жывёлаводамі паспяхова справяцца з пастаўленай перад імі задачай.
І ўвогуле, наша гаспадарка заўжды славілася моцным калектывам, якому пад сілу любыя задачы. Радуе, што сёлета нам удалося не толькі захаваць яго, але і павысіць працаздольнасць работнікаў. Магу з упэўненасцю сказаць, што ў нас адчувальна павялічылася прадукцыйнасць працы на рабочых месцах, людзі больш адказна ставяцца да выканання сваіх прафесійных абавязкаў, даражаць работай. А нашы лідары, якія ёсць на кожным вытворчым участку сельгаспрадпрыемства, паказваюць прыклад прадукцыйнай працы. Сярод механізатараў, якія працавалі на “Ягуарах” на нарыхтоўцы кармоў, гэта Валянцін Алесік, Аляксандр Лямачка, Анатоль Карабейка. Дзякуючы іх высокаму прафесіяналізму, а таксама беражлівым адносінам да тэхнікі, нарыхтоўка кармоў прайшла без збояў. Гэтыя работнікі ў прамым сэнсе слова вялі за сабой астатніх. Ну а на палявых работах: сяўбе, жніве – роўных няма Юрыю Касцючыку. Гэта сапраўдны ас у сваёй справе.
Цудоўны, згуртаваны калектыў працуе ў нас у жывёлагадоўчай галіне, таму кагосьці асобна выдзяляць не буду. І аператары машыннага даення кароў, і цялятніцы, і загадчыкі ферм – людзі адказныя, з багатым вопытам работы. Таму і вынікаў на сваіх участках работы дабіваюцца добрых. Асобна хачу сказаць пра спецыялістаў сельгаспрадпрыемства. Не так даўно на пасадзе галоўнага заатэхніка Роберт Бобін, але паспеў зарэкамендаваць сябе, як гавораць, з самага найлепшага боку. Хлопец хоць і малады, але вельмі адукаваны, у вышэйшай ступені адказны. Дзякуючы яго намаганням, а таксама намаганням людзей, якія працуюць у жывёлагадоўчай галіне, прадпрыемства дасягае высокіх вынікаў і па надоях малака, і па вытворчасці мяса. Важкі ўклад у агульную скарбонку дасягненняў гаспадаркі ўносіць і галоўны аграном Аляксандр Бубенчык. У тым, што нам удалося дасягнуць такіх важкіх вынікаў у раслінаводчай галіне і заняць сёлета 2-е месца ў вобласці сярод сельгасарганізацый па нарыхтоўцы кармоў, ёсць і яго вялікая заслуга.
Вось з такімі прафесіяналамі і сапраўднымі гаспадарнікамі будзем працаваць і далей. Тым больш, што працаваць ёсць над чым. У наступным годзе самыя вялікія намаганні ў жывёлагадоўлі будуць скіраваны на павелічэнне выхаду цялят, на далейшае ўдасканальванне рацыёнаў кармлення і ўмоў даення кароў для павышэння іх прадуктыўнасці. У раслінаводчай галіне стаўка, як і раней, будзе рабіцца на забеспячэнне грамадскага статка якаснымі і ў дастатковай колькасці кармамі.
Пэўныя задачы вызначаны і ў будаўнічай галіне. У бліжэйшых планах у нас рэканструкцыя і ўвод у эксплуатацыю адміністрацыйнага будынка, які размесціцца ў двухпавярховым памяшканні на тэрыторыі мехдвара, а ў старым – зробім інтэрнат, дзе будуць жыць маладыя спецыялісты, спецыялісты-практыканты. Што тычыцца будаўніцтва жылля, то на сёння ў нас практычна ўсе работнікі ім забяспечаны. Але жыццё не стаіць на месцы. Хочам мы таго ці не, нехта ўсё роўна будзе пакідаць гаспадарку, а хтосьці, наадварот, прыедзе сюды. Таму жыллёвы фонд неабходна паляпшаць і ў перспектыве мы будзем будаваць жыллё. У наступным жа годзе плануем толькі рэканструкцыю некаторых памяшканняў і вырашыць пытанне з прыватызацыяй таго жылля, што ёсць, каб узводзіць новае.
Калі гаварыць пра вытворчыя аб’екты, то, зноў жа, у перспектыве – рэканструкцыя фермы “Нікольская”, дзе плануем зрабіць новы прафілакторый для бычкоў, а таксама стварыць там умовы для бяспрывязнага ўтрымання быкоў. А яшчэ ў далейшай перспектыве – будаўніцтва невялікай фермы для высокапрадуктыўных кароў, дзе больш грунтоўна можна будзе працаваць з генетыкай жывёлы, а для саміх кароў забяспечыць зусім іншы ўзровень кармлення. І працаваць у плане генетычнага вырошчвання жывёлы не толькі на карысць гаспадаркі, але і рэспублікі.
Сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Савушкіна» – адно з тых, дзе прафсаюз дзейнічае не на паперы. Роля яго стала яшчэ больш адчувальнай, калі 29 гадоў таму назад прафсаюзную арганізацыю ўзначаліў Іван Мелянчук. Без перабольшвання будзе сказана, што Іван Уладзіміравіч – прыроджаны арганізатар. І не толькі. Ён заўсёды з асаблівымі павагай і ўвагай ставіўся і ставіцца да людзей працы, турбуецца пра іх дабрабыт, у тым ліку і маральны. Сёння любы з работнікаў прадпрыемства можа заказаць сабе пуцёўку на аздараўленне ў санаторый і пры гэтым заплаціць за яе толькі 20% кошту; кожны можа 3 разы ў тыдзень бясплатна для сябе скарыстацца любой з паслуг універсальнага спартыўнага цэнтра”Жамчужына”, што ў Маларыце; 2 разы ў тыдзень займацца ў спартыўнай зале ў мясцовай школе. Знойдзе магчымасці прафсаюз выручыць і тых, у каго незайздроснае матэрыяльнае становішча ў сям’і ці вельмі неабходны сродкі на лячэнне хворага. Скажам, летась на гэтыя мэты было зрасходавана ў старым вылічэнні 20 мільёнаў рублёў. Не забывае прафсаюз і пра сваіх работнікаў, у каго шматдзетныя сем’і. Вось і сёлета 28 такім, дзе выхоўваюцца трое і больш дзяцей, было выплачана 14 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Як чалавек спартыўны і вельмі актыўны Іван Уладзіміравіч пры падтрымцы адміністрацыі не пакідае пакрыўджанымі і такіх жа спартыўных і актыўных. Едзе каманда на чэмпіянат раёна па футболе ці на нейкія іншыя спаборніцтвы, першапачатковая матэрыяльная падтрымка ім забяспечана. І, скажам, немалая, а заваююць прызавыя месцы – заахвоціць, акрамя прафсаюза, яшчэ і адміністрацыя.
Не забываюць у прафсаюзе і пра юбіляраў, ветэранаў вытворчасці, тых, хто мае высокія працоўныя ўзнагароды, хто з дня на дзень сваёй нястомнай працай заваёўвае яшчэ большы аўтарытэт гаспадарцы. На справаздачных сходах, напярэдадні дзяржаўных і прафесійных свят лепшых работнікаў па ініцыятыве зноў жа прафсаюза заахвочваюць і маральна, і матэрыяльна. А гэта і падзякі, і граматы, і ганаровыя граматы, і Пісьмы падзякі, прычым не толькі ад прафсаюзнай арганізацыі ці адміністрацыі, але і ад раённай улады, абласной і нават з рэспублікі. 15 лепшых работнікаў атрымаюць ганаровыя граматы ад прафсаюза і ў гонар прафесійнага свята. Для заахвочвання выдзелена амаль 10 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Словам, у Олтушы толькі пашыраюць добрую практыку стымуляваць людзей і шчырым цёплым словам, і рублём.
Аператар машыннага даення кароў Тамара ШЫГАЛЁВА, якая працуе на ферме”Лясная”, шчыра прызналася: калі ў 1990-ым годзе яны, перасяленцы з Гомельшчыны, аказаліся ў Олтушы і ёй прапанавалі работу даяркі, і калі ўпершыню на полі ўбачыла перасоўную дойку, у яе быў сапраўдны шок. Да кароў яна раней ніякага дачынення не мела, а тым больш да такіх доек, якія добры стратэг тагачасны кіраўнік гаспадаркі Пётр Пракопавіч Яцура першым паспрабаваў укараніць у сябе. Але Тамара адразу адчула, што тут, у калектыве, яе не пакінуць і навучаць азам зусім новай прафесіі, пастараюцца дапамагчы. Бачыла ж яна, як добразычліва ставіліся да яе вопытныя даяркі Соф’я Чуль, Варвара Алесік (на жаль, цяпер ужо нябожчыца). Яны і падставілі нявопытнай калезе сваё плячо, узялі, калі можна так сказаць, шэфства над Тамарай. І ўсё ў яе выходзіла на “пяць”. Таму і сёння жанчына са шчырай удзячнасцю ўспамінае сваіх старэйшых калег і лічыць, што ў яе цяперашніх поспехах ёсць і іх уклад. Поспехаў жа дзякуючы сваёй стараннасці Тамара Уладзіміраўна і на самой справе дабіваецца вялікіх. Пра гэта яскрава сведчыць медаль”За працоўную адзнаку”, які ёй у ліку іншых перадавых аператараў машыннага даення кароў летась у Палацы Рэспублікі ўручыў прэм’ер-міністр нашай краіны Андрэй Кабякоў.
Брыгадзір трактарна-паляводчай брыгады Васіль КАХАВЕЦ, відаць, проста не мог стаць выключэннем у іх вялікай сям’і, дзе бацькі і двое яго братоў прысвяцілі сябе хлебаробскай справе. Таму і ён у свой час падаў дакументы ў Ляхавіцкі сельгастэхнікум, каб набыць спецыяльнасць агранома. І хоць малой радзімай была Піншчына, Васіль не расчараваўся, калі атрымаў размеркаванне ў чужы, Маларыцкі, раён. Хаця і не ведаў, што гэты ”выцягнуты білет” акажацца вялікай удачай для яго. Па-першае, ён трапіў у адну з моцных нават па тых часах гаспадарак; па-другое, з першых дзён Васіль працаваў па спецыяльнасці, а гэта значыць меў магчымасць набываць вопыт; па-трэцяе, яму пашанцавала з настаўнікам, бо працаваў разам з цудоўным чалавекам, таленавітым, адданым роднай зямлі аграномам Генрыхам Антонавічам Канановічам, які, па словах самога Васіля, загартоўваў тагачасную моладзь і найперш у маральным плане, цаніў дысцыпліну і парадак і гэтаму вучыў іншых. Па-чацвёртае, тут малады спецыяліст сустрэў сваю другую палавінку і стварыў сям’ю, пабудаваў дом, выгадаваў дзяцей. Дарэчы, і яго жонка, Тамара Іванаўна, працуе ў гаспадарцы, а дакладней, на ферме ”Лазіца”. Рады брыгадзір, што сёлетні год аказаўся вельмі спрыяльным, што дзякуючы намаганням усіх атрыманы добры ўраджай і зерневых, і кукурузы, што назапасілі ўдосталь кармоў. А яшчэ – што ўсё ладзіцца ў сям’і. Заканчвае, можна сказаць, вучобу ў Гродзенскім медуніверсітэце дачка, вось-вось дэмабілізуецца з арміі сын, які служыць у пагранічных войсках. А сямейны дабрабыт, як заўважаюць псіхолагі, – вялікі стымул у рабоце для кожнага з нас.
Марыя Алесік таксама не стала лавіць жураўля ў небе і шукаць шчасце недзе ўдалечыні ад сваёй маленькай радзімы. Згадзілася на сініцу ў руках: выйшла замуж за мясцовага хлопца і працаваць абое сталі ў калгасе “Перамога”. Марыя – у падсобным цэху, які дзейнічаў пры гаспадарцы, а муж – механізатарам. У Дворышчы пабудавалі свой дом. Калі ж цэх закрылі і маладой жанчыне прапанавалі работу на ферме, яна без ваганняў згадзілася. А чаму не? Працаваць усюды трэба. Вырасла ж ў вёсцы, таму любая сельская работа, у тым ліку і з жывёлай, для яе не новая. І няхай Марыя не заканчвала каледжаў і інстытутаў, яна добра разумее, што яе праца не менш важная, чым праца спецыялістаў і іншых работнікаў сельгаспрадпрыемства: ад яе і калег , якія працуюць разам з ёй на ферме “Лазіца”, напрамую залежыць будучае малочнай галіны іх прадпрыемства. І гэта не проста гучныя словы.
Калектыў фермы “Лазіца”, паўнапраўным членам якога вось ужо 21 год з’яўляецца і Марыя Алесік, вырошчвае цялушак на ўзнаўленне дойнага статка. Мяркуючы па прадуктыўнасці кароў СУП “Савушкіна” , у жывёлаводаў гэта атрымліваецца. А значыць, з кармленнем маладняку, які да іх паступае пасля 9-месячнага ўзросту, з яго ўтрыманнем на ферме “Лазіца” ўсё ў парадку. І з выяўленнем цялушак, якіх неабходна пакрываць, таксама. А ўсё таму, што людзі, якія тут працуюць, такія ж старанныя і адказныя, як Марыя Алесік. І за своечасовым кармленнем жывёлы прасочаць, і парадак у памяшканнях навядуць, і графік работы не парушаць. Усё выканаюць у тэрмін і якасна. Таму і тэхналагічныя сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе цялушак – 650-800 грамаў – на ферме вытрымліваюцца. Ды і кіраўніцтва гаспадаркі клапоціцца пра сваіх работнікаў: пасля праведзенай рэканструкцыі на ферме пабольшала механізаваных працэсаў, што не можа не радаваць жывёлаводаў. І з кармамі на бягучую зімоўку ўсё складваецца. Дык чаму не працаваць на карысць гаспадаркі і сваю таксама?..
Калега Тамары Шыгалёвай Валянціна Галянчук – адна з тых, чыё імя і прозвішча пастаянна на слыху. І не толькі ў гаспадарцы, але і ў вобласці, і нават у рэспубліцы. Бо і яна, як і Тамара Уладзіміраўна, была ўдастоена высокай узнагароды – ганаровага медаля ”За працоўную адзнаку”, які і ёй у Палацы Рэспублікі ўручаў тагачасны прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.
22 гады было Валянціне Сяргееўне, як яна, украінка, прыехала ў Олтуш і ўладкавалася на ферму. Мяняўся яе калектыў, мянялася да самых сучасных і перадавых тэхналогія вытворчасці малака, і ўмовы працы для аператараў цяпер не параўнаеш з тымі, што былі раней. Але ва ўсе часы асноўнымі крытэрыямі ацэнкі працы жывёлаводаў былі стараннасць, выкананне тэхналогіі даення кароў, належны догляд за імі. Валянціна Сяргееўна з першага дня работы на ферме ўлавіла і ўвесь гэты час прытрымліваецца галоўнага правіла паспяховай работы. Яно вельмі простае, але такое неабходнае : грамадскую работу выконвай так, як у сябе дома, і жывёлу любі і даглядай гэтак жа, як і за сваёй.
28 гадоў на адным і тым жа месцы…28 гадоў работы аператарам. Ці не яскравы гэта доказ таго, што выбраная прафесія была і сёння застаецца для Валянціны Галянчук любімай.
Скласці б у адну дарогу наезджаныя вадзіцелямі Анатолем МОРСКІМ і Сяргеем КРЭНЕМ за ўвесь час кіламетры, яна атрымалася б даўжынёю на Далёкі Усход, калі не больш. Вадзіцельскі стаж у кожнага з іх – пад 30 гадоў. А штодзённа наезджваць, асабліва ў час гарачых сельскагаспадарчых кампаній, даводзіцца нямала. Вось і вымалюецца дарога – будзь здароў! Праўда, машын “з’ездзілі” ўсяго па 2: з “ГАЗаў” пераселі на “МАЗы”. Значыць, тэхніка ім служыла надзейна, бо была ў добрых клапатлівых руках. Можна быць упэўненым, што калі б гэтыя людзі раптам аказаліся ў горадзе і ім там прапанавалі застацца, яны знайшлі б самы кароткі шлях, па якім пешшу дабраліся б назад, у вёску. Яна іх прыцягвае больш. Яны яе любяць. Яны ёй адданыя. У вёсцы яны нарадзіліся, выраслі, у сваіх бацькоў, вяскоўцаў вучыліся сумленна працаваць, пакахалі вясковых дзяўчат і яны пакахалі іх, у вёсках стварылі сем’і, атрымалі жыллё. Тут ім камфортна, тут яны адбыліся як добрыя спецыялісты, тут іх цэняць і паважаюць. Тут яны свае.
На “шабашку” ў тыя гады, калі ў нашых гаспадарках актыўна вялі будаўніцтва, ахвотна бралі і суседзяў-украінцаў. У ліку”шабашнікаў” у 1988 годзе ў Олтушы аказаўся і Аляксандр БАЯРЧУК. Талковы кіраўнік (а тады гаспадарку ўзначальваў Пётр Яцура), наяўнасць жылля, добрае матэрыяльнае заахвочванне, перспектыўная вёска – цэнтр гаспадаркі – усё гэта і прываблівала тады многіх замежных памочнікаў. І яны пераязджалі ў Олтуш з сем’ямі. Так зрабіў і Аляксандр. І вось ужо 28 гадоў некалі ўкраінскі ”шабашнік”, а цяпер майстар будаўнічых работ, жыве і працуе ў Олтушы. І хоць ён без спецыяльнага дыплома, затое вопытны і з залатымі рукамі. А калі будуць праблемы з тэорыяй, яму дапаможа напарнік Сяргей АНДРАЙЧУК, які ў свой час закончыў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут, і з якім вось ужо 10 гадоў Аляксандр працуе разам. Аляксандр і Сяргей знаходзяць паміж сабою агульную мову, умеюць арганізаваць людзей і, што вельмі важна, паказаць добры ўласны прыклад. Зрэшты, за апошнія 5 гадоў будаўнічая брыгада, у складзе якой Аляксандр Баярчук і Сяргей Андрайчук, рэканструявала ўсе фермы, што ёсць у гаспадарцы, жыллё, многія іншыя аб’екты вытворчага і сацыяльнага прызначэння. Аб’ёмам работ забяспечаны будаўнікі і цяпер.
Аляксандр Бубенчык, як і Таццяна Хаванская, шлях у прафесію пачынаў у Ляхавіцкім аграрным каледжы. З той толькі розніцай, што вучыўся ён на іншым факультэце і ў іншы час. І родам – з Ляхавіцкага раёна. А вось жыццёвыя шляхі-дарогі іх перасякліся менавіта ў сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “Савушкіна”. Сюды малады спецыяліст прыехаў напрыканцы 2011 года. На той час за яго плячыма былі яшчэ вучоба на агранамічным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта і два з паловай гады работы галоўным аграномам у КСУП “Дзякавічы” Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, куды ён быў накіраваны пасля заканчэння ВНУ па размеркаванні.
Чаму вярнуўся на Брэстчыну? Там, дзе працаваў, для маладых спецыялістаў (з жонкай Ірынай, якая родам з Маларыты, разам вучыліся ў каледжы, а затым і ва ўніверсітэце) не было ніякай перспектывы. Таму Аляксандра і Ірыну Бубенчыкаў на Гомельшчыне нішто не трымала. І цешча вельмі хацела, каб дачка бліжэй была. Менавіта яна і знайшла работу для зяця з дачкой у адной з лепшых гаспадарак Маларытчыны. Маладой сям’і ў “Савушкіна” спадабалася ўсё. І калектыў іх прыняў добра, і домік добраўпарадкаваны кіраўніцтва выдзеліла, і жонку Аляксандра працаўладкавала інжынерам па ахове працы. Самому Аляксандру прапанавалі пасаду агранома-аграхіміка. Заставалася толькі працаваць і апраўдваць аказаны давер. У яго гэта атрымалася. Больш таго, калі галоўны аграном Сяргей Гусак некалькі гадоў таму быў прызначаны дырэктарам сельгаспрадпрыемства, сваю пасаду галоўнага агранома прапанаваў Аляксандру Бубенчыку. Малады кіраўнік значны час працаваў з ім разам і ведаў, што спецыяліст ён добры, адукаваны, і адказнасці за даручаны ўчастак работы яму не пазычаць. Сяргей Іванавіч рады, што не памыліўся ў Аляксандры. І ў тым, што гаспадарка ў апошнія гады атрымлівае высокія ўраджаі збожжавых, што тут удосталь нарыхтоўваюць травяністых кармоў для грамадскага статка, вялікая заслуга галоўнага агранома. Вось і сёлета ў многім дзякуючы і яму таксама, СУП “Савушкіна” стала прызёрам абласнога спаборніцтва на нарыхтоўцы травяністых кармоў: прадпрыемству прысуджана 2-е месца, а сам галоўны аграном напярэдадні прафесійнага свята адзначаны Пісьмом падзякі райвыканкама.
Галоўны ветэрынарны ўрач cельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Савушкіна” з кагорты тых работнікаў, пра якіх гавораць: дзе нарадзіўся – там і спатрэбіўся. Таццяна Хаванская – родам з Лазіцы. З маленства дапамагала старэйшай сястры, якая працавала на ферме. Менавіта тады яшчэ руплівую дзяўчынку і прыкмеціла тагачасны галоўны ветурач калгаса “Перамога” Ніна Кашэпа. Яна, па словах Таццяны, і з’агітавала яе ісці вучыцца на ветурача. Таму пасля заканчэння школы дзяўчына па накіраванні гаспадаркі паступае ў Ляхавіцкі аграрны каледж. Гэта пазней ужо яна завочна закончыла Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны, дзе атрымала вышэйшую адукацыю. А ў 1998 годзе дыпламаваным спецыялістам Таццяна вярнулася ў гаспадарку. Працоўную дзейнасць пачынала ветурачом. Пасля некаторы час займала пасаду загадчыцы фермы «Олтуш». І на любым участку да даручанай справы адносілася з вялікай адказнасцю і стараннем, што не засталося незаўважаным кіраўніцтвам гаспадаркі. Улічыўшы менавіта гэтыя якасці, а таксама высокі прафесіяналізм, у 2003 годзе Таццяну прызначаюць галоўным ветурачом сельгаспрадпрыемства.
Як паказаў час, кіраўніцтва не памылілася ў сваім выбары. І Таццяна не падвяла. Адукаваны спецыяліст і адказны работнік, яна займаецца не толькі прафілактыкай і лячэннем хвароб статка, але і падбірае работнікаў на жывёлагадоўчыя фермы. Галоўны ветурач, бадай, як ніхто іншы, ведае, што ад спецыялістаў залежыць і здароўе пагалоўя, і яго прадуктыўнасць , а галоўнае – якасць прадукцыі. І ў першую чаргу малака. А яшчэ ў цесным кантакце з заатэхнічнай службай пастаянна працуе над удасканальваннем тэхналогіі ўтрымання жывёлы. Усё гэта, упэўнена Таццяна Хаванская, робіцца для таго, каб пагалоўе было здаровым, давала такі ж прыплод і якасную прадукцыю. І яна ніколькі не шкадуе, што, у адрозненне ад іншых вясковых дзяўчат , у свой час выбрала вёску, а не горад, бо кожная прафесія прывабная па-свойму. Яе шлях – не самы лёгкі, але на ім таксама сустракаецца нямала цікавых і разнастайных жыццёвых і рабочых момантаў. Галоўнаму спецыялісту не трэба шукаць прыгод для павышэння адрэналіну ў крыві, яго жанчыне забяспечвае яе работа. А яшчэ, сустракаючы шматлікія дэлегацыі і камісіі з іншых дзяржаў, якія даволі часта наведваюцца да іх, галоўны ветурач заўжды памятае, што прадстаўляе не толькі “Савушкіна”, але і сваю краіну.
Калі б папрасілі словамі намаляваць партрэт сапраўднага хлебароба, для ўзору смела можна браць вобраз Юрыя КАСЦЮЧЫКА ці Валянціна АЛЕСІКА. Гэта тыя земляробы, каму толькі работу давай. Любую. І любая ім у радасць. А калі аказваюцца хоць на некалькі дзён без яе, адчуваюць пэўны дыскамфорт. Бо рукі, якія навучыліся спраўляцца з любой складанасці тэхнікай і якія з маленства прывыклі вазіцца з ёю, не знаходзяць сабе без яе іншага прымянення. Таму цяперашняя міжсезонная перадышка такіх, як яны, працаголікаў ніяк не радуе. Хаця механізатары добра разумеюць, што каб тэхніка дастаўляла задавальненне, не падводзіла ў гарачы час, яе трэба абавязкова своечасова”падлечваць” ці праводзіць прафілактыку, калі асноўныя работы ў полі ўжо завершаны. Дарэчы, адна цікавая дэталь. У Валянціна Алесіка – чацвёра дзяцей. І Юра рос у сям’і, дзе дзяцей было столькі ж. Валянцін як адданы хлебароб змог пераканаць старэйшых сына і дачку, што жыць і працаваць у роднай вёсцы – лепш за ўсё. Так і Юрыя некалі яго бацькі, перадавыя механізатар і даярка, у гэтым жа пераканалі. І цяпер Валянцін Фёдаравіч Алесік, як і Марыя Мікалаеўна і Мікалай Паўлавіч Касцючыкі, вельмі задаволены, што іх пераемнікі (а сын у Валянціна Алесіка таксама механізатар) не гультаі, не баяцца ніякай работы, што знайшлі сябе на малой радзіме, на роднай зямлі.
Матэрыялы выпуску падрыхтавалі Ірына КАСЦЕВІЧ і Надзея ЯЦУРА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.
опубликовано ГЧ № 89 19.11.16г.