Душэўнасць можа бачыць і сляпы

Агульная на ўсіх бяда – частковая ці поўная страта зроку – аб’ядноўвае разам 85 жыхароў Маларытчыны ў раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Сярод членаў арганізацыі ёсць тыя, хто цалкам страціў зрок, і тыя, хто пакутуе ад сур’ёзных захворванняў вачэй, але не бачыць толькі часткова. Ёсць і тыя, хто сам не мае праблем са зрокам, але добра ведае аб цяжкім лёсе чалавека невідушчага, бо такая бяда напаткала іх дзяцей. Дапамагчы адчуць, што ў сваіх праблемах інваліды па зроку не адзінокія, і ёсць асноўная задача таварыства. Як рэа­лізуецца яна, якую падтрымку атрымліваюць людзі невідушчыя, на якую дапамогу могуць разлічваць? Аб усім гэтым ішла размова ў час справаздачнага сходу раённай арга­нізацыі БелТІЗ. 

Старшыня яе, Вера Сцяпанаўна Косік, не загружала ўдзельнікаў сходу доўгімі справаздачнымі дакладамі. Пра ўвагу і клопат, якія адчувае кожны з членаў таварыства не толькі ў святы, але і ў будні, і гаварыць было не трэба. Ды і мерапрыемствы, на якія запрашаюць усіх, хто мае магчымасць прыйсці, сталі ўжо традыцыйнымі. Гаварылі на сходзе пра тое, на якую дапамогу ад дзяржавы можа разлічваць сёння чалавек невідушчы. А гэта, у першую чаргу, стварэнне безбар’ернага асяроддзя. Нават у маленькім раённым цэнтры, такім, як Маларыта, людзі з аслабленым зрокам адчулі ўжо клопат. Сігнал для сляпых на светлафоры, пафарбоўка прыступак лесвіц і пешаходных пераходаў, паніжэнне бардзюрнага камня – усё гэта спрыяе лепшаму арыентаванню на мясцовасці. Карыснай была і размова пра тую сацыяльную падтрымку, якая гарантавана людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Падрабязна аб тым, на якія тэхнічныя сродкі рэабілітацыі можа разлічваць інвалід па зроку і ў якіх выпадках можна звярнуцца за аказаннем матэрыяльнай падтрымкі, расказала начальнік аддзела адраснай дапамогі, быту і сям’і ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Іолап. Пазнаёміліся ўдзельнікі сходу і з вялікім пералікам паслуг, якімі можна скарыстацца, звярнуўшыся ў тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У цэнтры, як падкрэслівала яго дырэктар Людміла Алесік, гатовы дапамагчы кожнаму, хто аказаўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. А гэта можа быць слепата. Чалавек, які з-за поўнай ці частковай страты зроку губляе магчымасць самастойна арыентавацца на вуліцы, у памяшканні, можа разлічваць на многія віды паслуг: ад суправаджаемага пражывання, да разовага прыгатавання ежы, паслугі сядзелкі, рамонту адзення, псіхалагічнай дапамогі і г.д.
Абмяркоўваючы работу раённай арга­нізацыі БелТІЗ, члены таварыства не толькі ўспаміналі падзеі года, але і дзяліліся сваім вопытам “барацьбы” з немаччу, узнімалі праблемы, задавалі пытанні, што іх хвалююць.
Справаздачны сход работнікі тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, на базе якога ён і праходзіў, вырашылі аб’яднаць з выніковым мерапрыемствам месячніка “Чалавек з белай палкай”. Гэты месячнік – праверка кожнага з нас на спагаду і чуласць. Музычная прэзентацыя аб розных праявах дабрыні вельмі ўразіла. Усе ўдзельнікі сустрэчы былі згодны з тым, што дабрыня – гэта якраз тое, што можа пачуць глухі і пабачыць сляпы.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: удзельнікі справаздачнага сходу.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 92 от 30.11.16г.

Поделиться:
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий