Мароз і сцюжа для працы не перашкода

Ва ўсялякім выпадку для работнікаў машынна-трактарнага  парка  ААТ “Гвозніца”, якія  па-сапраўднаму ў зімовае  надвор’е, што ўстанавілася напярэдадні Каляд,  згодна з прымаўкай  рыхтуюць, праўда, не воз, а глебаапрацоўчую тэхніку  да веснавых-палявых работ

У гэтым упэўніліся 5 студзеня, калі па парадзе галоўнага інжынера райсельгасхарчу Сяргея Хатынюка прыехалі ў гэтую гаспадарку. Тут, па словах спецыяліста, пасля крытыкі на нядаўнім падвядзенні вынікаў агляду па добраўпарадкаванні машынных двароў і гатоўнасці ра­монтна-абслуговай базы сель­гасарганізацый для работы ў зі­мовых умовах, па падрыхтоўцы машынна-трактарнага парка да веснавых палявых работ на­меціліся станоўчыя зрухі ў рамонце сельгастэхнікі.
Пакуль дабіраліся на рэдакцыйных “Жыгулях” з райцэнтра да Гвозніцы, мароз і сцюжа, згодна з прадказаннямі сіноптыкаў, да абеду і сапраўды памацнелі. Таму, калі пад’ехалі да машыннага двара гаспадаркі і сталі выходзіць з машыны, у твар ударылі халодны вецер і калючыя сняжынкі. Каб схавацца ад іх, зазірнулі ў дыспетчарскую. Загадчык майстэрні Аляксандр Андрайчук, з якім сутыкнуліся ў дзвярах, таксама зайшоў у цёплае памяшканне пагрэцца. Даведаўшыся пра мэту нашага прыезду, спецыяліст сказаў:
– Толькі што выцягнулі з май­стэрні АКШ-7,2. Каб на гадзіну раней прыехалі, убачылі б гэты пра­цэс сваімі вачыма. Замянілі ў ім пад­шыпнікі, іншыя рабочыя дэталі. Агрэгат поўнасцю гатовы для работы. Зараз хлопцы займаюцца трактарамі.
Пра тое, што яшчэ належыць рыхтаваць да вясны і што канкрэтна ў дадзены момант знаходзіцца ў рамонце, а таксама за кошт чаго вядуцца рамонтныя рабо­ты ў гаспадарцы, распавёў галоўны інжынер сельгаспрадпрыемства Мікалай Цымбаліст. Ад яго даведаліся, што ў дадзены момант слесар Андрэй Навумчык , механізатары Сяргей Гардзіеўскі і Уладзімір Сойка занятыя з трактарамі. У бліжэйшыя дні ім неабходна зрабіць МТЗ-2522, у якім няспраўныя счапленне і каробка перадач, адрамантаваць каробку перадач у МТЗ-1221. А ўвогуле ў студзені-лютым рамонтнікам трэба замяніць падшыпнікі ў дыскавых баронах, давесці да ладу 2 гноераскідвальнікі, пасяўны агрэгат і плуг ППО-8-40. Усю тэхніку, зазначыў галоўны спецыяліст ін­жы­нернай службы, гаспадарка рамантуе ўласнымі сіламі. Акрамя слесара, на яе падрыхтоўцы задзейнічаны трактарысты і ва­дзіцелі, якія ўжо адбылі водпуск. Сярод іх Уладзімір Кавальчук і Уладзімір Дзібук. Неабходныя для гэтага запчасткі набываюць за ўласныя грошы, нешта бяруць у доўг.
Разам з Мікалаем Цымбалістам накіроўваемся ў рамонтную май­стэрню, пад якую прыстасава­ны вялікі металічны ангар. Менавіта тут слесар Андрэй Навумчык з механізатарамі Сяргеем Гар­дзіеўскім і Уладзімірам Сойкам “перабіралі ” дэталі трактара. Нягледзячы на мароз і халодны вецер за дзвярыма майстэрні, ды і ўнутры яе не горача, на­строй у хлопцаў быў добры. Магчыма, таму, што наперадзе былі святочныя і выхадныя дні, хлопцы жартавалі, маўляў, мароз – гэта не назаўжды, а мы – маладыя і дужыя, і непрыемнасць гэтую перажывём…
Надзея ЯЦУРА.

На здымку: рамонт трактара ў СВК “Гвозніца” вядуць Андрэй Навумчык, Сяргей Гардзіеўскі і Уладзімір Сойка.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 3 от 11.01.17 г.

Поделиться:
  •  
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий