Учора – навучэнец, сёння – лепшы работнік
Раман Малафееў сёлета закончыў Маларыцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці, дзе набыў спецыяльнасць газаэлектразваршчыка. Ахвотна прынялі яго на работу ў аддзел па рамонту і ліццю вырабаў з пластмасы райаграпрамтэхнікі. І адразу заўважылі, што юнак – не з ліку абібок.
– Адчувалася, – гаварыў начальнік аддзела Мікалай Коцелеў, – што Раман атрымаў добрую падрыхтоўку ў ліцэі. Да ўсяго, побач з ім аказаліся такія майстравітыя і вопытныя зваршчыкі, як Іван Галавій і Юрый Пішчык. Адным словам, было ў каго Раману пераймаць вопыт, загартоўваць сябе ў прафесіі электразваршчыка, таму нездарма ён сёння ў перадавіках.
Па словах таго ж Мікалая Коцелева, у аддзеле рамонту і ліцця вырабаў з пластмасы праводзяцца работы па аднаўленні ці мадэрнізацыі трактарных прычэпаў марак ПТС-9 і ПТС-4.
– Іх прывозяць сюды старыя, а мы іх гаспадаркам аддаем, як новыя. Заслуга ў гэтым усіх тых, хто ў нашым аддзеле працуе, у тым ліку і маладога Рамана Малафеева.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: газаэлектразваршчык райаграпрамтэхнікі Раман МАЛАФЕЕЎ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.