ДЗЕЛЯ ХЛЕБА

Хлебароб – па-за палітыкай. Яму няма калі мітынгаваць, весці пустыя размовы на палітычныя тэмы. Пра гэта ён, напэўна, і не думае. Бо толькі набліжаецца вясна, і ўвесь ён зноў і зноў аддадзены аднаму: як добра падрыхтаваць глебу і ў тэрмін пасеяць, каб спрыяльным было надвор’е, а гэта значыць, каб Бог паслаў у меру сонца і дождж, каб хапіла сіл з гонарам выканаць сваю адвечную місію – пасеяць хлеб. І нават калі ты вопытны хлебароб, кожны раз, адпраўляючыся ў поле, адчуваеш звыклае хваляванне. Бо і на самой справе гэта вельмі чуллівае і нават нейкае святое дзейства – кідаць у зямлю маленькія зярняткі, якія затым будуць прарастаць, цягнуцца да святла, мацнець і , у рэшце рэшт, дадуць спелыя каласы, з якіх затым усе мы атрымаем хлеб.

…Урочышча ”Вадапад”, што непадалёк ад райцэнтра. Калі па сваіх справах ў аўторак ехалі ў Гусак, тут толькі пачыналі сеяць яравы авёс. А калі вярталіся праз некалькі гадзін назад, плошча ў дзясяткі гектараў была ўжо засеяна. Галоўны аграном ААТ ”Хаціслаўскі” Аляксандр Давыдовіч, які разам з загадчыкам аддзялення “Маларыта” Міхаілам Трафімуком быў на полі, удакладніў, што сёлета ў гаспадарцы плануюць заняць яравымі культурамі 1040 гектараў плошчы. Сеяць і садзіць будуць авёс, ячмень, іншыя культуры, у ліку якіх кукуруза і бульба.

Галоўны аграном упэўнены, што для таго, каб правесці пасяўную ў аптымальныя тэрміны, у “Хаціслаўскім” ёсць усё: якаснае насенне, тэхніка, людзі.
– Праўда, – гаварыў Аляксандр Анатольевіч, – нагрузка на тэхніку будзе вялікая, але людзі, якія будуць задзейнічаны на пасяўной, – не павінны падвесці. Тым больш, што на сяўбе заняты самыя адказныя і вопытныя, такія, як Леанід Мішчук. Калі ён пастараецца, у дзень можа засеяць да 30 гектараў. Адказныя людзі працуюць і на загрузцы насення. У прыватнасці, Антон Янчук. Ён таксама добра разумее, што час цяпер гарачы і кожная хвіліна – на вагу золата.
Некалькі хвілін перапынку для фатаграфавання, і хлебаробы – бягом на свае працоўныя месцы. Іх чакае поле.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымку: вадзіцель ААТ «Хаціслаўскі» Антон ЯНЧУК, Леанід МІШЧУК.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 22 от 18.03.17 г.

Поделиться:
  •  
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий