ТЭОРЫЯ ПАЛЯВАННЯ
На мінулым тыдні на базе Маларыцкай раённай арганізацыйнай структуры рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» (БТПР) прайшоў абласны практычны семінар з удзелам старшыні абласной структуры Уладзіміра Юргеля.
Асноўная тэма семінара – арганізацыя і правядзенне вясновага палявання. На мерапрыемства былі запрошаны дырэктары і паляўніцтвазнаўцы «БТПР» вобласці.
Удзельнікі семінара абмяркоўвалі парадак арганізацыі і правядзення камерцыйных тураў для беларускіх і замежных грамадзян. Асабліва адзначалася, што тут галоўнае – выконваць усе правілы і законы, бо кліенту паляванне павінна прыносіць задавальненне і радасць, а не судовыя цяжкасці.
Удзельнікам было прадстаўлена адмысловае абсталяванне для палявання на гусака пералётнага і качара, а менавіта скрадкі – спецыяльныя схованкі, пры адсутнасці якіх паляванне забаронена.
На семінары таксама абмеркавалі пытанні палявання на слонку (вальдшнеп – русск.), выкарыстання вабікаў (манок – русск.), пудзілаў, профіляў, падсадных гусакоў і качак, апошнія былі прадэманстраваны.
Павел КАНАНОВІЧ.
Фота аўтара.