Задача: якасныя кармы

Прадстаўнікі абласных і раённых упраўленняў па сельскай гаспадарцы і харчаванні, галоўныя аграномы, спецыялісты па кормавытворчасці шасці раёнаў вобласці – Брэсцкага, Камянецкага, Пружанскага, Кобрынскага, Жабінкаўскага і Маларыцкага – сталі ўдзельнікамі міжраённага семінара-вучобы па пытаннях нарыхтоўкі травяных кармоў, які прайшоў на мінулым тыдні на базе СВК “Дарапеевічы” нашага раёна. Гэтую гаспадарку, а яна ў апошнія гады лідзіруе па нарыхтоўцы кармоў, базай для правядзення семінара абралі не выпадкова.
У той час, як многія гаспадаркі вобласці толькі яш­чэ пры­ступалі да кор­ма­нарыхтоўчай кампаніі, тут ішла ўжо работа на поўную сілу. У сель­гасарганізацыі ёсць свая стратэгія, выконваюцца тэхналогіі, адчуваецца зацікаўленасць у рабоце ўсяго калектыву, а значыць ёсць чаму павучыцца.
Залог поспеху, як адзна­чаў у размове з удзельнікамі семі­нара старшыня СВК “Дарапеевічы” Васіль Юхімук, – у арганізацыі працы. Шчыльнасць жывёлы ў гаспадарцы на 100 гектараў зямель складае 146 галоў. Пры невысокім агульным бале зямлі трэба добра пастарацца, каб кармоў для жывёлы было ўдосталь. А таму ў гаспадарцы напрацавалі свой вопыт земляробства. Так, арганіку тут уносяць толькі летам і восенню, землі ўзворваюць толькі восенню. У выніку вясной можна хутка сеяць, таму што не трэба затрачваць час на ўзворванне. У кароткі тэрмін імкнуцца ў гаспадарцы нарыхтоўваць кармы. Каб іх было ўдосталь, неабходна паспець зрабіць тры-чатыры ўкосы. А гэта магчыма толькі тады, калі ў сціслы тэрмін правесці першы ўкос. Таму касіць травы ў СВК “Дарапеевічы” пачалі, нават не чакаючы, калі яны дасягнуць пэўнай фазы развіцця. Калі спазніцца з першым укосам, тлумачыў кіраўнік гаспадаркі, на тыдзень замарудзіцца адрастанне траў, іх развіццё. А значыць, будуць праблемы з наступнымі ўкосамі.

– З улікам умоў надвор’я і атрыманага травастою ўсе гаспадаркі на працягу тыдня павінны правесці інвентарызацыю таго, што ёсць, і спланаваць работу, каб атрымаць паўнацэнны другі ўкос траў, – падкрэсліваў, праводзячы нараду з удзельнікамі семінара, намеснік старшыні абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні па раслінаводству Віталь Кулак. – Гэта значыць, што трэба своечасова ўбраць травы першага ўкосу і максімальна падкарміць палі азотнымі ўгнаеннямі, сфарміраваць другі ўкос. Тым больш, што ў глебе ёсць вільгаць, і гэтым трэба скарыстацца.
Большая частка семінара пра­ходзіла на сенакосах паблізу з вёскай Дарапеевічы. Удзельнікі семінара зразумелі, што неабходна зрабіць падчас сёлетняй нарыхтоўкі кармоў і на якіх момантах вытворчага працэсу сканцэнтраваць асноўную ўвагу, каб сянаж і сілас атрымаліся якасныя. Пазнаёміліся яны на прыкладзе і з арганізацыяй закладкі масы ў траншэі, дзе падрабязна былі агучаны правілы трамбоўкі і закрыцця траншэй з кармамі.
Па выніках семінара перад кі­раў­нікамі і галоўнымі спецыялістамі былі пастаўлены канкрэтныя задачы, даручана корманарыхтоўку пастаянна трымаць на кантролі. Дэталёвае абмеркаванне рабочых пытанняў яшчэ раз пацвердзіла, што ў справе вытворчасці прадукцыі дробязяў няма.
Святлана МАКСІМУК.

Опубликовано ГЧ № 41 от 31.05.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий