Праца на вынік
Галоўны аграном сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства”Савушкіна” Аляксандр Бубенчык, які прыязна згадзіўся паехаць разам з намі на поле, дзе праводзяць хімічную апрацоўку кукурузы, удакладняў, што работы гэтыя ўжо амаль заканчваюць, хаця кукуруза, што сеялі сёлета на сілас і на зерне, займае плошчу 2208 гектараў.
Своечасова і хутка прапалоць вялікую плошчу цеплалюбівай культуры дапамагло многае. Па-першае, у гаспадарцы ёсць спецыяльны агрэгат ”Техома”, які мае магчымасць захапіць адразу плошчу ў 24 метры; па-другое, не пашкадавалі ў гаспадарцы сродкаў і набылі дарагі хімічны прэпарат, дзякуючы якому эфект настае з першага разу; па-трэцяе, выйграюць тут з часам і таму, што самому механізатару па ваду не трэба ехаць: яе падвозяць у поле; па-чацвёртае, на хімпраполцы заняты механізатар з багатым вопытам такой работы. Ну а самае галоўнае – умелая арганізацыя працы.
– Людзі, якія заняты на сельгасработах, – тлумачыў галоўны аграном, – добра ведаюць, што расслабляцца не трэба ні на секунду. “Рабочы час – рабоце” – гэта іх асноўнае правіла.
…Механізатар Ігар Лонеў, які толькі што закончыў хімпраполку на адным з участкаў, спяшаўся пераехаць на наступны. Просім прабачэння і спыняем яго ўсяго на некалькі хвілін. Цікавімся, ці прывык да новага агрэгата, раней жа хімпраполку праводзіў на МТЗ. Ігар Васільевіч задаволена тлумачыць, што новы агрэгат-супер! Найбольшая яго перавага – клімат-кантроль, дзякуючы чаму механізатар максімальна абаронены ад шкодных рэчываў. А гэта немалаважна. Прыемна было чуць, што і вадзіцель Дзмітрый Аўдзяюк, які падвозіць ваду, стараецца не падводзіць механізатара.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымках: механізатар Ігар Лонеў удакладняе ў галоўнага агранома Аляксандра Бубенчыка, на якое поле неабходна пераязджаць; хімпраполка кукурузы.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.
Опубликовано ГЧ № 44 10.06.17 г.