Самая багатая матуля Маларыцкага раёна

Шматдзетная матуля Вера Саўчук з Мельнік галоўным багаццем у сваім жыцці лічыць дзяцей, якіх у яе трынаццаць. Фота райгазеты “Голас часу”
Вера Саўчук з вёскі Мельнікі – самая багатая маці ў Маларыцкім раёне. Яна выхавала 13 дзяцей: пяцярых хлопчыкаў і восем дзяўчынак. Многія з іх маюць ужо сваіх дзяцей і нават унукаў. Калі б сабраць разам усю вялікую і гаманкую сям’ю Веры Мікалаеўны, то месца ўсім бы хапіла ў дыхтоўным і ўтульным доме шматдзетнай матулі.
Яна ніколі не думала, што ў яе будзе такая вялікая сям’я. У бацькоў Веры было толькі двое дзетак. І нават гэтых дваіх гарэз надзвычай цяжка было падняць на ногі ў пасляваенны час. Таму і скончыла Вера толькі пачатковую школу, што была ў Мельніках, навучыўшыся чытаць ды пісаць.
– Вучыцца далей не было як, – прыгадвае сваё гаротнае дзяцінства бабуля, якая сёлета размяняла дзявяты дзясятак. – Сярэдняя школа знаходзілася ў Хаціславе, а хадзіць туды не было ў чым. Бацька плёў пасталы з ліпавага лыка, так-сяк зіму і хадзіла ў іх. У 12 гадоў пайшла ў калгас маці дапамагаць: палола буракі, церла лён, каноплі рвала.
Забягаючы крыху наперад, адзначу: Вера Мікалаеўна, нягледзячы на тое, што нарадзіла столькі дзяцей, мае працоўны стаж больш за трыццаць гадоў. Мясцоваму калгасу яна аддала частку свайго жыцця, і нават калі выйшла на заслужаны адпачынак, працягвала апрацоўваць калгасныя палеткі.
Шматдзетная матуля адзначае, што раней у Мельніках жыццё віравала. Часта ў вёсцы ладзіліся танцы, калі пад мелодыі заліхвацкага гармоніка да світання танчылі хлопцы і дзяўчаты.
На адным з такіх танцавальных вечароў яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам Іванам. Доўга не сустракаліся, пастаялі толькі некалькі вечароў каля Вераччынай хаты. Аднаго вечара Іван проста, без усялякіх дыфірамбаў, прамовіў: “Выходзь за мяне замуж, не пашкадуеш”. Вера пагадзілася, дзяўчыне ішоў 19 год. Два дні гуляла і спявала вяселле ў Мельніках. Вера з Іванам нават абвянчаліся ў Хаціслаўскай царкве. Было гэта ў маі. А праз належны час у сям’і Саўчукоў з’явіўся на свет першынец, якога назвалі Андрэйкам. Адзін за адным пайшлі дзеці: Ніна, Марыя, Міколка. З Міколкам здарылася няшчасце: хлопчык захварэў і літаральна на вачах маці згарэў за некалькі дзён.
– Міколку тады споўнілася 10 месяцаў, як я пайшла калгасныя буракі абрабляць, а дзіця пакінула на старую свякроў, – прыгадвае з болем у сэрцы маці. – Што там здарылася, не ведаю. Мажліва, яна яго нечым халодным напаіла ці застудзіла, але ўвечары сыночак не стаў есці. На наступны дзень адвезлі ў бальніцу, але было ўжо позна.
Напэўна, Усявышні пашкадаваў маладую жанчыну, якая цяжка перажывала заўчасную смерць свайго сыночка, і паслаў ёй яшчэ тузін дзяцей. На радасць бацькам у 1967 годзе нарадзілася Аленка, праз год з’явіўся на свет Віктар, у маі 1970 года абвясціла аб сваім нараджэнні звонкім крыкам маларыцкі радзільны дом Галінка. Затым у сям’і нарадзіліся Ірына, Наталля, Анатоль, Лідзія, Генадзь, Святлана і апошнім – Сяргей.
Калі расказвала пра сваіх дзетак, вочы ў Веры Мікалаеўны свяціліся ад шчасця. Гэта сапраўднае багацце, якое не прыдбаеш ні за якія грошы ў свеце. І ніводнага слова не гаворыць Вера Мікалаеўна, як цяжка і складана ёй было падняць іх усіх на ногі. Спачатку яны ўсе туліліся ў невялічкай хатцы. Хлопцы спалі на канапе, да якой Вера Мікалаеўна прымайстравала тапчан, каб усе маглі ўхутацца коўдрай. Безумоўна, не шыкавалі, але і не галадалі, абарванцамі дзеці не хадзілі. Дбайная гаспадыня заўсёды глядзела, каб чыстыя і прыбраныя пайшлі ў школу, вучыла дзяцей з ашчаднасцю адносіцца да рэчаў. Так, у любові ды згодзе і падрасталі дзеці. Старэйшыя наглядалі за малодшымі, дапамагалі матулі па гаспадарцы. Хлопцы і дзяўчаты раслі руплівымі і працавітымі.
– Памятаю адзін эпізод са свайго жыцця, – прыгадвае Вера Мікалаеўна. – Еду аднаго разу ў аўтобусе па нейкай там патрэбе ў горад. Побач сядзяць дзве кабеты і адна другой скардзяцца, як цяжка дваіх дзяцей выгадаваць. Шмат грошай патрэбна на адзенне, а колькі часу займае выхаванне, не кажучы ўжо аб прыгатаванні ежы. Слухала я і не вытрымала, усміхнулася з іх размовы.
– У вас, напэўна, няма дзяцей, калі вы так скептычна ўсміхаецеся, – з крыўдай у голасе сказала адна з маіх суседак.
– Не, памыляецеся, іх у мяне ажно трынаццаць. І я добра ведаю, што такое апрануць і як іх пракар-міць, – адказваю я, а сабе ўяўляю, як кожны дзень гатую шасцілітровую каструлю супу, ад якога праз гадзіну нічога не застаецца.
Пасля гэтых слоў жанчыны змоўклі і больш не прамовілі ні слова. Відаць, кожная з іх абдумвала пачутае.
Нягледзячы на ўзрост, а жанчыне сёлета споўнілася 80 гадоў, яна цудоўна памятае дні нараджэння кожнага свайго дзіцяці.
– У мяне няма і не было любімчыкаў, – гаворыць маці-гераіня. – Я ўсіх сваіх дзяцей люблю аднолькава. Праўда, у кагосьці жыццё склалася, і я за іх спакойна. Вельмі перажываю за сваіх чатырох сыноў, якія дагэтуль так і не ажаніліся, ходзяць бабылямі.
У Веры Мікалаеўны – 14 унукаў і 7 праўнукаў, якіх яна таксама вельмі любіць і шануе. І аб адным сумуе, што 15 гадоў таму назад пайшоў з жыцця муж – Іван Андрэевіч, якога так часам не хапае побач. Дзеці, нібыта тыя птушаняты, даўно разляцеліся з роднага дому. Абуладкаваліся хто дзе: у Брэце, Гомелі, Кобрыне, Маларыце, Хаціславе. Вера Мікалаеўна жыве са сваімі нежанатымі сынамі і марыць, што нарэшце і яны прывядуць у хату нявестак.
Перада мной на канапе сядзіць, на першы погляд, звычайная жанчына, якая не закончыла нават базавую школу. Але якую жыццёвую мудрасць яна спазнала за гады свайго жыцця – такія веды нават ва ўніверсітэтах не атрымаеш. Яе сціплая, зграбная постаць здаецца вялікаснай. Яна – сапраўдная палеская Мадонна, са стомленымі, спрацаванымі рукамі, якіх цалавала сонца і ўмывалі халодныя дажджы, што пакінулі пасля сябе глыбокія чорныя шрамы і маршчынкі на некалі маладой і аксамітнай скуры. Да кожнай з гэтых маршчынак хочацца прыпасці вуснамі, бо няма нічога пяшчотней на зямлі, чым ласкавыя рукі маці, што заўсёды нас аберагаюць ад розных бед.
Кацярына Яцушкевіч.