Мастерство воспитанников детской школы искусств (Малоритский район)
Вучні Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў працягваюць штомесяц папаўняць скарбонку сваіх творчых дасягненняў узнагародамі розных узроўняў. У апошні час у гэтым асабліва пастараліся тыя, хто займаецца на музычным аддзяленні.
З заслужанымі ўзнагародамі вярнуліся вучні з II нацыянальнага конкурсу выканаўцаў на музычных інструментах “Музыка без межаў”, які нядаўна праходзіў у Магілёве. Званне дыпламанта другой ступені творчага спаборніцтва атрымала Аміна Паспелава ў намінацыі “Інструментальнае выкананне. Фартэпіяна. Сола. 11-12 гадоў” (настаўнік Ала Кавалевіч). З узнагародай з гэтага ж прэстыжнага конкурсу вярнулася і Варвара Захарчук. Па выніках выступлення ў намінацыі “Выканальніцкае майстэрства. Струнна-смычковыя інструменты. Сола. 12-13 гадоў” яна стала дыпламантам трэцяй ступені (настаўнік Ірына Горнік, канцэртмайстар Ала Кавалевіч).
“Дыпломным” стаў удзел вучняў музычнага аддзялення Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў і ў міжнародным шматжанравым фестывалі “Белавежская зорка”, які праходзіў у Брэсце. Аксана Стасюк за віртуозную ігру на балалайцы ў намінацыі “Інструментальная творчасць” узнагароджана дыпломам лаўрэата I ступені (настаўнік Вікторыя Багданава). Удалым было выступленне і Соф’і Міранюк. Яна ў намінацыі “Інструментальная творчасць” (фартэпіяна) атрымала дыплом лаўрэата трэцяй ступені (настаўнік Маргарыта Рэянтовіч). Акрамя таго, у гэтым жа фестывалі свае сілы спрабавалі і самі настаўнікі. У намінацыі “Інструментальная творчасць” ансамбль “ВдохNOWение” ў складзе Вікторыі Багданавай, Маргарыты Рэянтовіч і Мадзіны Кучкаровай так сыграў творы А.Вівальдзі і А.Друкта, што журы ўзнагародзілі іх выступленне дыпломам лаўрэата першай ступені.
Вучні маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў не спыняюцца на дасягнутым. Цяпер яны старанна рыхтуюцца да ўдзелу ў іншых творчых музычных спаборніцтвах. Пажадаем ім поспеху!
Мікалай НАВУМЧЫК.