“Шчупак яшчэ той!” Цудоўная рыбалка на вадаёме ў Мельніках (фота, Маларыцкі раён)
Вадаём ля вёскі Мельнікі, здаецца, зусім невялічкі, але вабіць да сябе аматараў рыбалкі летам і зімой. Вось і суботнім днём на Вадохрышча некалькі заўзятых рыбакоў абуладкавалася на азярцы.
Адзін з рыбакоў прыехаў адпачыць з Хаціслава. Ён часцяком рыбачыць на вадаёме, але ў гэты дзень яму не асабліва і шанцавала. “Нешта сёння зусім слаба бярэцца рыба — адна дробязь, — адзначыў мужчына. — А вось сусед тры шчупакі ўжо выцягнуў…. Дарэчы, колькі тут рыбачу, самы вялікі шчупак, што мне давялося выцягнуць, быў вагой 3,5 кілаграма…”.
Праз метраў 15 аматар зімняй рыбалкі сядзеў на скрынцы і корпаўся ля лункі, а ля яго ног, сапраўды, ляжалі тры шчупакі — адзін невялікі і два адносна неблагога памеру. На роспыты мужчына расказаў наступнае: “Я сам жыву ў Брэсце, але ў свой час мне ў спадчыну засталася ў Мельніках хата, выкарыстоўваю яе як дачу. Ды вось на адпачынак прыязджаю, тым больш рыбалка тут добрая….”
Як паведаміў брастаўчанін, рыбачыць на вадаёме ў Мельніках ён рэгулярна і даводзілася выцягваць даволі буйныя экзэмпляры шчупакоў. Улетку самы вялікі з іх быў звыш 1 метра даўжынёю і пацягнуў на 10 кілаграмаў, а вось зімою ўдалося здабыць шчупака ў 6,5 кілаграма. “Ды часта і не атрымліваецца выцягнуць з палонкі — зрываюцца…” – заўважыў мужчына.
Так яно ці не, толькі рыбакі і ведаюць. У кожнага з іх ёсць свая адметная рыбіна, але тое, што Мельніцкі невялікі вадаём багаты на разнастайную рыбу, ніхто не аспрэчвае, бо калі ёсць неблагі шчупак-драпежнік, то і іншай рыбы хапае.
Аляксей Грушэвіч.
Фота райгазеты “Голас часу”