В 1960 году за отказ от прививки своих детей — штраф до 100 рублей! (Малоритский район)
“Сцяг Перамогі” – пад такой назвай выдавалася наша “раёнка” Маларытчыны ў 1960 годзе. Газета мела тыраж 2100 экзэмпляраў, выходзіла ў сераду і суботу на чатырох палосах. І зараз на старонках выдання можна найсці шмат цікавых фактаў аб тагачасным жыцці. Прапануем адзін з іх.
У студзені 1960 года “Сцяг Перамогі” змяшчае рашэнне райсавета дэпутатаў працоўных “Аб мерах барацьбы з дыфтэрыяй”. У дакуменце гаворыцца, што “заслухаўшы і абмеркаваўшы даклад намесніка галоўнага ўрача раёна таварыша І.І.Чуніхоўскага аб мерах барацьбы з дыфтэрыяй у раёне, выканкам адзначае, што ў апошнія гады зарэгістраваны адзінкавыя выпадкі захворвання дзяцей, якім не зроблена прышчэпка… Зыходзячы з важнасці пытання ліквідацыі дыфтэрыі ў раёне ў бліжэйшыя гады выканкам вырашыў:
1) Медыцынскім работнікам узмацніць растлумачальную работу сярод насельніцтва аб значэнні прышчэпак супраць дыфтэрыі.
2) Абавязаць выканкамы сельсаветаў, праўленні калгасаў, кіраўнікоў устаноў, арганізацый, прадпрыемстваў аказваць актыўнае ўздзеянне на бацькоў, якія адмаўляюцца ад прышчэпак супраць дыфтэрыі сваіх дзяцей.
3) Бацькоў, якія ўхіляюцца ад супрацьдыфтэрыйных прышчэпак сваіх дзяцей, падвяргаць адказнасці – штрафу да 100 рублёў”.
Мікалай НАВУМЧЫК.
