“Першыя перамогі” Спартыўныя спаборнітцвы ў дзіцячых садках Маларыты (фота)
Нядаўна ў дзіцячых садках №3 і №4 г.Маларыта прайшлі двухтыднёвыя спаборніцтвы па шматбор’і. Асноўным ініцыятарам і арганізатарам яго правядзення стала кіраўнік фізічнага выхавання Вольга Сымонік.
Сваю сілу, спрыт, вынослівасць падчас спаборніцтваў дэманстравалі выхаванцы старэйшай групы я/с №4 і рознаўзроставай групы я/с №3. Мацнейшыя юныя спартсмены вызначаліся ў бегу на 10, 30, 120 і 150 метраў, скачках у даўжыню з месца, кіданні набіўнога і тэніснага мяча ўдалечыню, а таксама правяралася спрытнасць, гібкасць, каардынацыя рухаў.
Лепшыя юныя спартсмены атрымалі заслужаныя медалі, а ўсе ўдзельнікі – “вітамінныя” прызы ад Маларыцкага кансервавагароднінасушыльнага камбіната.
Журы спаборніцтва вызначыла і лепшых мнагаборцаў. Імі сталі: Арцём Сянько, Валерыя Крэнь, Максім Тарасюк, Ганна Аўдзяюк, Арцём Альшэўскі і Яна Лазіцкая (усе з я/с №4), Мацвей Церахаў, Ксенія Ёрш, Ягор Камісарчук, Паліна Дуднікава, Раман Данілюк, Мілана Янушчык, Аляксей Харык і Кацярына Алесік (усе з я/с №3).
Завяршыліся двухтыднёвыя спаборніцтвы па шматбор’і першым у гісторыі дашкольных устаноў адукацыі таварыскім матчам па футболе паміж камандамі “Залатая маланка” (я/с № 4) і “Ракета” (я/с № 3). Гульня закончылася з лікам 1:0. Перамаглі выхаванцы я/с №4. Абедзве каманды атрымалі футбольныя мячы з рук старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” Людмілы Бурштын.
Па словах кіраўніка фізічнага выхавання Вольгі Сымонік, плануецца, што сяброўскія гульні па футболе сярод дашкольных каманд горада стануць традыцыйнымі.
Мікалай НАВУМЧЫК.