Маладосць – шчаслівы момант

8-9 снежня ў Мінску пройдзе 41 з’езд грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. На форуме, у якім прымуць удзел 5 дэлегатаў ад Маларытчыны, будуць падведзены вынікі работы аб’яднання за апошнія тры гады. Рыхтуючыся да важнай падзеі, кожная арганізацыя на месцах падводзіць свае вынікі дзейнасці. Пагутарыўшы з першым сакратаром РК ГА “БРСМ” Таццянай Сацюк, карэспандэнт райгазеты атрымала вычарпальную інфармацыю аб тым, якім быў для Маларыцкай раённай арганізацыі ГА “БРСМ” сёлетні год, якімі справамі і задумамі жыве моладзь раёна. – Калі размова заходзіць пра моладзь, часцей за ўсё ўзнікаюць спрэчкі. Многія называюць маладых людзей інертнымі, абыякавымі. Таццяна Уладзіміраўна, якую б характарыстыку далі Вы сённяшняй моладзі як чалавек, які пастаянна знаходзіцца ў маладзёжным асяродку? – На мой погляд, моладзь сёння вельмі эмацыянальная, імклівая, рамантычная. Маладыя людзі спяшаюцца, хочуць усё паспець, і далёка не заўжды задумваюцца над сваімі ўчынкамі, прадумваюць свой шлях. На тое, каб сфарміраваць асобу, дапамагчы маладому чалавеку выпрацаваць правільную грамадзянскую пазіцыю, падказаць яму той шлях, што прывядзе да поспеху, дапамагчы знайсці сябе ў жыцці, якраз і накіравана дзейнасць грамадскага аб’яднання “БРСМ”. Важна, каб кожны малады чалавек зразумеў, што ад яго пазіцыі залежыць, якой стане краіна заўтра, што менавіта ён будуе будучыню сваіх дзяцей. – Што ўяўляе сабой раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”? – Сёння наша арганізацыя налічвае ў сваіх радах больш за 1200 маладых людзей. Дзейнічае ў нас 59 пярвічак, з іх 19 – школьных. 11 пярвічак створаны ў сельгаспрадпрыемствах раёна. Пакуль па-ранейшаму большасць БРСМаўцаў – школьнікі. На жаль, ахапіць увагай усю моладзь раёна, а гэта больш за 3 тысячы чалавек, вельмі цяжка. Але мы імкнемся больш увагі надаваць працуючай моладзі. Тут пакуль яшчэ ёсць свае недапрацоўкі, звязаныя і са слабым кантактам з кіраўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў, і з адсутнасцю транспарту, і з многімі іншымі аб’ектыўнымі і суб’ектыўнымі прычынамі. Хацелася б, каб пэўная ініцыятыва зыходзіла і ад самой моладзі. Каб маладыя людзі выказвалі пажаданні, акрэслівалі праблемы. Пакуль нам не хапае іх актыўнасці. – Але ў той жа час, напэўна, ёсць актыўныя пярвічкі? – Так. Нельга не адзначыць работу пярвічных арганізацый ЦБУ № 120 ААТ “ААБ Беларусбанк”, пагранкамендатуры, РАУС. Сярод школьных найбольш актыўныя пярвічкі Олтушскай, Дарапеевіцкай і Арэхаўскай сярэдніх школ, раённай гімназіі. У арганізацыі патрыятычнай работы няма роўных пярвічнай арганізацыі другой гарадской школы. – Актыўнасць работы звычайна залежыць ад лідараў. На каго можна паспадзявацца ў любой справе? – Пярвічку ГА “БРСМ” ЦБУ № 120 “Беларусбанка” ўзначальвае Наталля Васільева – вельмі адказны, актыўны і ініцыятыўны чалавек. Заўжды шмат задум і планаў і ў старшыні пярвічнай арганізацыі БРСМ пагранкамендатуры Уладзіміра Алексюка. Між іншым, гэтыя актывісты абраны дэлегатамі і будуць прадстаўляць наш раён на 41 з’ездзе грамадскага аб’яднання “БРСМ”. Сярод школьных лідараў хацелася б адзначыць работу Марыны Бяльчук з Хаціслаўскай СШ. – Калі ўспомніць гісторыю, камсамольцы, пераемнікамі якіх з’яўляюцца сённяшнія БРСМаўцы, заўжды былі энтузіястамі. Моладзь смела адпраўлялася на БАМ, іншыя камсамольскія будоўлі. Цяпер энтузіязм ужо ў мінулым? – На жаль, у нашай гісторыі быў перыяд, калі пра моладзь увогуле забылі. У маладых людзей не было ідэалаў, імкненняў, яны, можна сказаць, проста згубілі сябе. Зноў вярнуць той жа энтузіязм, што быў у гады Савецкага Саюза, проста немагчыма. Моладзь сёння зусім іншая. Яна таксама па-свойму ініцыятыўная, і энтузіязм у яе ёсць. Галоўнае, яе зацікавіць. Сёлета моладзь раёна ахвотна прымала ўдзел у шматлікіх акцыях. У рамках акцыі “Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак” школьныя актывісты некалькі разоў выходзілі наводзіць парадак ля ваеннага возера, валанцёры з аб’яднання “Добрыя сэрцайкі” ахвотна дапамагалі адзінокім ветэранам і інвалідам, у час “Тыдня лесу” моладзь выходзіла на пасадку маладога ельніку, у час акцыі “Моладзь-дзецям” актывісты БРСМ дапамагалі прадпрыемству жыллёва-камунальнай гаспадаркі будаваць дзіцячыя пляцоўкі, добраўпарадкоўваць дваровыя тэрыто­рыі. Штогод праводзіцца працоўная акцыя “Моладзь. Традыцыі. Будучыня”. Сёлета збіраліся сродкі на будаўніцтва музеяў Вялікай Айчыннай вайны. Летам у сельгаспрадпрыемствах раёна працуюць сельскагаспадарчыя атрады. У сямі атрадах, якія былі арганізаваны ў СВК “Хаціслаўскі”, “Ляхаўцы”, “Чарняны”, “Радзеж”, “Дарапеевічы”, “Ланская” і “Чырвоны партызан”, сёлета працавала 148 школьнікаў. – Грамадскаму аб’яднанню складана было б, напэўна, арганізаваць работу, калі б не падтрымка іншых арганізацый. З кім у раённай арганізацыі БРСМ наладжана цеснае супрацоўніцтва? – Па-першае, нам вельмі дапамагае падтрымка кіраўніцтва райвыканкама. Усе мерапрыемствы мы праводзім у цесным кантакце з аддзелам па справах моладзі райвыканкама. Удзячны мы за падтрымку нашых ініцыятыў і райкаму прафсаюза работнікаў АПК, і раённаму Савету дэпутатаў. Не змаглі б мы абысціся і без дапамогі раённага аддзела адукацыі. У школьных пярвічках БРСМ налічваецца 447 школьнікаў, а гэта 40 працэнтаў ад агульнай колькасці членаў арганізацыі. А таму менавіта школы – нашы галоўныя памочнікі. У рабоце з цяжкімі падлеткамі цесна супрацоўнічаем з райаддзелам унутраных спраў і сацыяльна-педагагічным Цэнтрам, дзе працуе клуб “Падлетак”. У арганізацыі аздараўленчых мерапрыемстваў нашы першыя памочнікі – работнікі аддзела па фізкультуры, спорце і турызме. Усе культурна-масавыя мерапрыемствы рыхтуем з дапамогай работнікаў гарадскога Дома культуры. Між іншым, зусім нядаў­­на актывісты БРСМ Вольга Бярчук і Ксенія Табачкоўская прынялі ўдзел у абласным этапе рэспубліканскага тэлевізійнага конкурсу маладых выканаўцаў армейскай песні “Зорка” і выйшлі на рэспубліканскі ўзровень. – 2011 год завяршаецца. Што было ў ім цікавага, запамінальнага? – Асабіста для мяне гэты год асаблівы тым, што пасля 7 гадоў работы другім сакратаром, сёлета мне даверылі ўзначаліць раённую арганізацыю ГА “БРСМ”. Гэты год быў справаздачна-выбарчы, падводзіліся вынікі работы, вызначаліся плюсы і мінусы. Між іншым, наша раённая арганізацыя была прызнана адной з лідараў па ахопу сваёй дзейнасцю маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 21 года. Больш увагі сёлета надавала арганізацыі работы з моладдзю, якая працуе. Летам быў праведзены злёт на базе в. Олтуш. Плануем у бліжэйшы час правесці злёт маладых спецыялістаў, для іх будзе арганізавана шмат цікавых экскурсій. Запомніліся моладзі, думаю, нядаўняе выступленне Клуба вясёлых і знаходлівых, “Рыцарскі турнір”, конкурс “Валянцін і Валянціна” і шмат іншых мерапрыемстваў. – А якія планы ў раённай арганізацыі БРСМ на наступны год? – 2012 год, спадзяемся, будзе вельмі насычаны падзеямі. Раённая арганізацыя ГА “БРСМ” адзначыць свой 10-гадовы юбілей. Увогуле, планаў шмат, і ў першую чаргу яны датычацца работы з моладдзю, якая працуе. – Што ж, поспехаў вашай арганізацыі. Гутарку вяла Святлана МАКСІМУК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий