ЗА ПОРЦЫЯЙ БАДЗЁРАСЦІ – У ТРЭНАЖОРНУЮ ЗАЛУ

У маі мінулага года дзённае аддзяленне для знаходжання інвалідаў, якое працуе пры тэрытарыяльным Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, размясці­лася ў новым будынку па вул. Заводскай. Менавіта з таго часу і з’явілася ў юнакоў і дзяўчат, што наведваюць аддзяленне, магчымасць займацца ў трэнажорнай зале, абсталяванне для якой было закуплена з мэтай выканання рэспубліканскай праграмы “Дзеці Беларусі”. Пасля работы ў творчых майстэрнях, дзе маладыя людзі, якія абмежаваны ў сваіх фізічных магчымасцях, займаюцца модульным арыгамі, працуюць з саломкай, шыюць, вырабляюць прыгожыя пано са скуры і прыроднага матэрыялу, яны могуць расслабіцца і прысвяціць гадзіну заняткам на трэнажорах. Апошніх тут тры: бегавая дарожка дае магчымасць “спаліць” лішнія калорыі, велатрэнажор – падкарэкціраваць постаць, а сілавы трэнажор – “падкачаць” свае мышцы.
– Заняткі ў трэнажорнай зале і юнакі, і дзяўчаты вельмі любяць, – заўважае загадчыца аддзялення Вольга Толсцікава. – У кожнага ўжо ёсць свой любімы трэнажор. Так, Каця Крэмянная, аддае перавагу бегавой дарожцы, Соня Ігнацюк і Света Завадская больш любяць велатрэнажор, Андрэй Кацёл адразу ідзе на сілавы трэнажор, каб быць моцным. Стаміўшыся, усе яны сядаюць у круг і з задавальненнем гуляюць у мяч.
Галоўнае правіла занят­каў на трэнажорах, якое засвоілі наведвальнікі дзённага аддзялення, – не нашкодзь свайму здароўю. Таму ў час заняткаў кожны разлічвае свае сілы. У любы момант за парадай і дапамогай можна звярнуцца да спецыялістаў аддзялення. Ды і самі юнакі і дзяўчаты ўжо добра ведаюць, як трэба займацца, каб трэнажор дапамагаў аднавіць сілы арганізма, адчуць бадзёрасць.
Трэнажорная зала для маладых людзей з цяжкімі праблемамі ў здароўі – магчымасць адчуць сябе роўнымі з іншымі сваімі равеснікамі. Згадзіцеся, адважыцца наведаць трэніроўкі ў трэнажорнай зале спартыўнага комплексу зможа далёка не кожны з іх. А вось заняткі побач з тымі, каго ты добра ведаеш, надаюць упэўненасць у сабе і сваіх сілах, дапамагаюць самарэалізавацца. А гэта так важна, асабліва, калі чалавек абмежаваны ў сваіх фізічных магчымасцях.
Між іншым, трэнажорную залу дзённага аддзялення тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з задавальненнем, асабліва позняй восенню і зімой, наведваюць і пажылыя жыхары горада. Для іх заняткі на трэнажорах не толькі магчымасць заняць свой вольны час, але і магчымасць падтрымліваць свой арганізм у форме, не сядзець дома, а актыўна рухацца. Дарэчы, наведваць трэнажорную залу можа кожны. Галоўнае, каб было жаданне.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час заняткаў у трэнажорнай зале.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий