Вучыцца ў суседзяў, прымяняць у сябе

Для калектыву СВК “Чарняны” мінулы год выдаўся і ўдалым, і , разам з тым, не вельмі. Удалося дабіцца пэўных поспехаў, але не абышлося і без мінусаў, на якіх у сваім даволі крытычным справаздачным дакладзе старшыня сельгас­прадпрыемства Міхаіл Перкавец засяродзіў асобую ўвагу.
У параўнанні з папярэднім годам гаспадарка атрымала нядрэнны ўраджай зерневых. Але прагнозных паказчыкаў дасягнуць не атрымалася. Сваю ролю адыграла надвор’е: многія азімыя давялося перасяваць. Аднак далёка не заўжды прычыны страт, як адзначаў кіраўнік гаспадаркі, аб’ектыўныя. Вельмі часта мінусы хаваюцца ў памылках, дапушчаных у працэсе вытворчай дзейнасці, парушэннях тэхналогій, прыніжанай адказнасці. Так, памылка агранамічнай службы ў выбары сродкаў для аховы ад шкоднікаў пасеваў рапсу вылілася ў страту амаль 50 працэнтаў ураджаю. Вельмі нізкі ўраджай летась у СВК далі і кармавыя буракі, для якіх, зноў жа па недапрацоўцы аграномаў, няправільна быў выбраны ўчастак з папярэднімі культурамі. А такі прабел, безумоўна, адбіваецца на рацыёне кармлення жывёлы і, адпаведна, на атрыманні прадукцыі. Хоць, між іншым, летась калектыў гаспадаркі добра папрацаваў на нарыхтоўцы травяністых кармоў. Тут было нарыхтавана на адну ўмоўную галаву жывёлы па 22, 9 цэнтнера кармоў з траў. СВК “Чарняны” па нарыхтоўцы кармоў выйшаў пераможцам у рэспубліканскім спаборніцтве. Старшыня гаспадаркі Міхаіл Перкавец на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2011” , што праходзіў у Маладзечна , з рук кіраўніка дзяржавы атрымаў Ганаровую грамату.
Аналізуючы работу жывёлагадоўчай галіны, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вячаслаў Федзюковіч, які прыняў удзел у рабоце схода, прапанаваў параўнаць свае паказчыкі з паказчыкамі ў суседняй гаспадарцы – СВК “Дарапеевічы”, дзе на такіх жа, як у чарнянцаў, землях значна большая шчыльнасць жывёлы і зусім іншая прадуктыўнасць жывёлы.
На жывёлагадоўчых фермах, як адзначалася ў справаздачы старшыні гаспадаркі, зроблена і робіцца нямала для паляпшэння працы і атрымання добрых вынікаў: устаноўлены сучасныя малакаправоды, закуплена абсталяванне для атрымання якаснага малака, ёсць неабходныя прыборы і дэзынфекцыйныя сродкі. Але ўсё гэта само па сабе не дасць выніку, калі не будзе парадку і дысцыпліны, асабістай адказнасці за сваю работу. Менавіта чалавечы фактар, як падкрэсліў Міхаіл Перкавец, галоўнае ў якасці прадукцыі. 4,6 % малака прадала летась гаспадарка экстра-класам, амаль 50% – вышэйшым гатункам. Калі ўлічыць, што ў папярэднім годзе малака экстра-класа ў гаспадарцы не было, а вышэйшым гатункам было прададзена толькі 19 працэнтаў, можна канстатаваць значныя зрухі. Але спыняцца на тым, што дасягнута, як гаварылася ў выступленнях, нельга. У планах чарнянцаў прадаць сёлета экстра-класам і вышэйшым гатункам не менш чым 80 працэнтаў малака. Першы крок да гэтага ўжо зроблены. У студзені класам экстра гаспадарка прадала больш за 93 % малака.
Старшыня з задавальненнем называў імёны тых, хто сумленна працуе, душой хварэе за сваю справу, а такіх у гаспадарцы нямала. Многія даяркі, цялятніцы, механізатары за сваю працавітасць атрымалі граматы і прэміі. Сярод іх аператары машыннага даення Міхаіл Ячнік, які надаіў ад кожнай каровы па 5134 кг малака, і Вольга Паўлава, якая атрымала валавы надой 245 тон малака. Яны былі прызнаны ў гаспадарцы пераможцамі спаборніцтва.
Не толькі сельскагаспадарчыя праблемы абмяркоўваліся на справаздачным сходзе. Размова ўвогуле ішла пра жыццё вёскі. І пра тое, як замацоўваюцца маладыя спецыялісты на сяле, і пра безгаспадарлівасць, што пакуль яшчэ пануе сярод вяскоўцаў, і аб праблемах п’янства гаварылі дырэктар Чарнянскай школы Анатоль Ніканчук, старшыня сельвыканкама Юлія Плуцэнік, участковы інспектар Уладзімір Федзюковіч, і многія іншыя.
Агульным галасаваннем старшынёй СВК “Чарняны” быў зноў абраны Міхаіл Перкавец. Работнікі сельгас­прадпрыемства даверылі яму і далей кіраваць гаспадаркай, якую ўзначальвае ён ужо 13 гадоў.
Удзел у сходзе прынялі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Марушаў і галоўны спецыяліст па кадравай рабоце упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Рыгор Тамільчык.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час сходу.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий