Чорная кніга флоры Беларусі. Сярод аўтараў ураджэнец Маларытчыны

У Беларусі ўпершыню выдадзена “Чорная кніга флоры Беларусі: чужародныя шкодныя расліны”. Яна пад­рыхтавана калектывам аўтараў – вучоных Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча НАН пры ўдзеле спецыялістаў Цэнтральнага батанічнага саду НАН і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У ліку аўтараў – і наш зямляк, кандыдат біялагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Саўчук (нарадзіўся і вырас у в. Хаціслаў).

– У кнізе сабраны звесткі аб біялагічных і экалагічных асаблівасцях 52 відаў найбольш шкодных чужародных раслін, якія шырока рас­паўсюдзіліся ў Беларусі, – гаворыць Сяргей Сяргеевіч. – Сярод іх – вядомыя бар­шчэўнік Сасноўскага, сум­нік (залатарнік) канадскі, эхі­на­цысціс лопасцевы, а таксама вельмі небяспечная цыклахена дурнічнікалістая і інш.

У выданні апісаны спосабы і гісторыя пранікнення ві­даў на тэрыторыю Беларусі, дадзены рэкамендацыі па пра­духіленні іх далейшага рас­паўсюджвання і пра­вядзенні мерапрыемстваў для абмежавання рассялення. Кніга змяшчае 68 ары­гінальных картасхем, якія характарызуюць рас­паў­сю­джванне гэтых раслін па Бе­ларусі.

У кнізе можна таксама  знай­с­ці спіс з 246 чужародных ві­даў, якія валодаюць пакуль не рэа­лізаваным патэнцыялам шкоднасці, а таксама пералік 24 ві­даў, якія сталі настолькі распаўсюджанымі, што мерапрыемствы па абмежаванні іх распаўсюджвання ўжо не маюць сэнсу. Кніга будзе карысна ўсім, хто цікавіцца пытаннямі экалогіі.

–Сяргей Сяргеевіч, ці з’яў­­ляецца актуальным, на ваш по­гляд,  для Маларытчыны наяў­­насць чужародных шкодных раслін?

– Безумоўна,  для Маларыт­чыны пытанне інвазій з’яў­ляец­ца надзвычай актуальным. Нагадаю, што па­паўненне беларускай фло­ры новымі рас­лінамі, мэ­танакіравана ці вы­падко­ва прывезенымі з ін­шых краін, не заўсёды праходзіць бяскрыўдна. Некаторыя з “чужаземцаў” выхо-дзяць з-пад кантролю і пачынаюць захопліваць усё большыя тэрыторыі. Спецыялісты называюць такія расліны інва­зій­нымі.

Маларытчына знаходзіцца на поўдні краіны, дзе ўмовы для існавання многіх іншаземных раслін з’яўляюцца найбольш спрыяльнымі. Таму невыпадкова, што многія інвазіі “прыйшлі” ў нашу краіну з поўдня. Яны шкодзяць бія­лагічнай раз­нас­тайнасці і здароўю чалавека ўвогуле.

– Колькі іх, па падліках вучоных, расце ў нашым раёне?

– На сённяшні дзень дакладна вядома наяўнасць у раёне 43 відаў інвазійных раслін. На шчасце, многія з іх пакуль што не атрымалі шырокага распаўсюджвання,  а некаторыя сустракаюцца сярод культурных раслін. У 2016 годзе была выканана работа даследчага характару вучаніцай 8 класа Ганнай Белавус «Инвазионные растения Хотиславского сельсовета» пад кі­раў­ніцт­вам настаўніцы біялогіі і хіміі    Любові Саўчук. Толькі ў межах аднаго сельсавета была адзначана 21 шкодная расліна. З іх дзесяць – часцей адзначаліся толькі сярод культурных раслін.

– Якія расліны з’яў­ляюцца найбольш шкод­нымі і небяс­печнымі?

–Усе інвазійныя расліны з’яў­ляюцца шкоднымі. Аднак самымі небяспечнымі для здароўя ча­лавека ў раёне цяпер з’яўляюцца  баршчэўнік Сас­ноўскага і цыклахена дур­нічнікалістая, а для бія­лагічнай разнастайнасці – ча­ромха позняя і бальзамін дробнакветкавы.

Мікалай Навумчык.

Поделиться:
  •  
  • 4
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий