Інтэлектуальнае жніво

Завяршыўся трэці (абласны) этап рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. Падведзены яго вынікі. Згодна з імі, у скарбонцы Маларыцкага раёна 9 дыпломаў (І ступені – адзін, ІІ – чатыры, ІІІ – чатыры) і 5 пахвальных водзываў. Аднак у параўнанні з мінулымі гадамі выступілі менш удала. Напрыклад, у 2011 г. заваявана 12 дыпломаў розных ступеняў, у 2010 г. – 13, у 2009 г. – 11.
Выдатныя веды на інтэлек­туальных спабор­ніцтвах сёлета паказалі вучні 5 устаноў адукацыі раёна, якія навучаюцца ў Ланской СШ, Арэхаўскай СШ, СШ №2, Велікарыцкай СШ, Ляхавецкім д/с-СШ і раённай гімназіі. Дыплом І ступені ў дзесяцікласніцы Марыі Штандэр (Ланская СШ, абслуговая праца, настаўніца Лідзія Некрашэвіч), ІІ ступені – у Ганны Казачук (Ланская СШ, 8 клас, абслуговая праца), Руслана Луцыка (Арэхаўская СШ, 10 клас, англійская мова), Юрыя Уласюка (раённая гімназія, 10 клас, гісторыя), Марыны Мартынюк (Велікарыцкая СШ, 10 клас, беларуская мова і літаратура), ІІІ – у Антона Дацыка (раённая гімназія, 9 клас, матэматыка), Аліны Луцык (Арэхаўская СШ, 11 клас, англійская мова), Вольгі Захарчук (СШ №2, 9 клас, беларуская мова і літаратура), Алены Качанка (Ляхавецкі д/с-СШ, 9 клас, геаграфія).
Разам з тым, у аддзеле адукацыі падкрэслілі, што пазіцыю лідара па колькасці атрыманых дыпломаў на абласных прадметных алімпіядах у апошнія гады паступова здае раённая гімназія. Калі ў 2010г. яе навучэнцамі заваявана 6 дыпломаў, то ў 2011г. – ужо 4, а ў гэтым годзе толькі 2.
Хутка пачнецца заключны этап інтэлектуальных выпрабаванняў. Ужо вядома, што некаторыя вучні раёна будуць дэманстраваць свае веды на рэспубліканскім узроўні. У іх ліку – Марыя Штандэр і Юрый Уласюк. Пажадаем ім поспехаў!
* * *
Марыя Штандэр у абласных алімпіядах прымае ўдзел з 8 класа. І кожны раз – вынікова. У мінулым годзе на рэспубліканскай алімпіядзе па абслуговай працы дзяўчына стала абсалютнай пераможцай. Трывалыя веды, уменні і навыкі далі магчымасць Марыі стаць пераможцай рэспубліканскага інтэлектуальнага спаборніц­тва.
Па словах Ганны Шпетнай, дырэктара Ланской СШ, Марыя рукадзеллем займаецца з першага класа. Усё пачалося з наведвання гуртка “Мяккая цацка”, які вяла Лідзія Некрашэвіч. Менавіта Лідзія Барысаўна здолела зацікавіць дзяўчынку, а пасля дапамагла і раскрыцца яе таленту.
Акрамя таго, Марыя актыўна займаецца спортам. Яна добра іграе ў валейбол, мае пэўныя вынікі ў спаборніцтвах па штурханні ядра. За ўдзел у раённай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры Марыя атрымала пахвальны водзыў.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Марыя Штандэр, вучаніца 10 класа Ланской СШ, уладальніца дыплома І ступені па абслуговай працы абласной прадметнай алімпіяды.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий