Якая праваслаўная кніга лепшая? (Маларыцкі раён)
Ірына Сезік не адзін год нясе послух царкоўнага бібліятэкара. У яе часта пытаюць: “Што параіце пачытаць, якога аўтара? Не ведаю, якую кнігу лепш узяць”.
– Кніжны “мінімум” праваслаўнага чалавека – гэта найперш Евангелле, малітоўнік, Псалтыр, – гаворыць Ірына Аляксееўна. – Але гэта не значыць, што яны самі па сабе гарантуюць чалавеку правільнае духоўнае жыццё. Без гэтых кніг такое жыццё дакладна не атрымаецца.
Сапраўднай скарбніцай духоўнага слова для прыхаджан з’яўляецца бібліятэка пры храме свяціцеля Мікалая Цудатворцы г. Маларыта. Гэта – своеасаблівы духоўна-інфармацыйны цэнтр як прыходу, так і ўсяго благачыння. Яна існуе з 1995 г. Каштоўнасць і багацце бібліятэкі – яе фонд. Сёння ён налічвае больш за 4,5 тысячы экзэмпляраў кніг праваслаўнай тэматыкі, з якіх амаль тысяча – для дзяцей. Некаторыя з кніг ёсць у некалькіх экзэмплярах. Увесь фонд згрупаваны па 16 асноўных раздзелах. У бібліятэцы ёсць кнігі на маральную тэматыку, аб праваслаўнай сям’і і выхаванні дзяцей, павучанні пра духоўнае жыццё манахаў і вернікаў, праваслаўныя энцыклапедыі, тлумачэнні Евангелля, царкоўна-славянскія слоўнікі, малітоўнікі, акафістнікі… Бібліятэчны фонд пастаянна папаўняецца новымі выданнямі. У гэтай разнастайнасці, сапраўды, лёгка згубіцца.
– Неабходна адрозніваць чытачоў, якія робяць першыя крокі ў пазнанні праваслаўных ісцін, і тых, хто гэтую стадыю ўжо мінуў, – кажа Ірына Сезік.– Паколькі ў мяне просяць часам парады, якія духоўныя кнігі належаць да лепшых і якія варта прачытаць, то рэкамендую тое, што прачытала ўжо сама. Гэта і проза сучасных аўтараў, і творы святых айцоў, і жыціі, і павучанні святароў. Яны з’яўляюцца сапраўднай духоўнай скарбніцай. Аднак немагчыма адназначна сказаць, што такое лепшая праваслаўная кніга. Гэта паняцце адноснае. Перш за ўсё, яно суб’ектыўнае. Ёсць шмат прынцыпаў адбору такіх кніг, кожны з якіх усё ж такі будзе недакладным. Гэта не абавязкова кнігі з самым высокім тыражом і не абавязкова напісаныя святымі ці пра святых. Кожная прачытаная праваслаўная кніга трапіць у лік лепшых тады, калі яна, напэўна, дае адказы на многія надзённыя і актуальныя пытанні, падказвае выйсце з розных жыццёвых сітуацый, выхоўвае светлыя пачуцці, вучыць дзейнічаць па ўласным сумленні, а таксама – мудрасці, дабру, цярпенню, любові, міласэрнасці, натхняе на змены ў духоўным жыцці, прымушае задумацца над пытаннямі быцця, выклікае да роздуму і разваг, умацоўвае веру… Душа нібы ажывае кожны раз, калі чытаеш такія кнігі. Да таго ж праваслаўная кніга з’яўляецца крыніцай бясконцай мудрасці. Яна здольна наталіць духоўную смагу, перасцерагае ад неабачлівых учынкаў і паводзін. Таму, напэўна, колькі чытачоў, столькі ж будзе і лепшых праваслаўных кніг.
Падрыхтаваў Мікалай Навумчык