З якімі пытаннямі людзі звярталіся да Міністра юстыцыі ў Маларыце
Маларыту наведаў Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Алег Сліжэўскі. Ён прыняў удзел у пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, азнаёміўся з работай шэрагу устаноў і арганізацый раёна, а таксама правёў прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб.
Жыццё грамадства рэгламентуецца законамі і часам узнікаюць разнастайныя пытанні юрыдычнага кшталту. Менавіта такія звароты і былі да Алега Леанідавіча.
Так, у свой час маларытчаніну па завяшчанні дасталася частка дома і зараз ён узнімае пытанне, як атрымаць дом поўнасцю ва ўласнасць. Мужчына лічыць, што натарыус пры афармленні дакументаў на ўступленне ў спадчыну не ўлічыў усе акалічнасці справы і дом быў падзелены паміж трыма людзьмі. Але справа ў тым, што па беларускаму заканадаўству якое б завяшчанне ні было, ёсць катэгорыя блізкіх сваякоў, якія маюць абавязковую долю ў спадчыне, і іх немагчыма яе пазбавіць. Заяўнік нават звяртаўся ў кампетэнтныя органы, і па яго звароту праводзілася праверка і нават шэраг экспертыз дакументаў і было дадзена заключэнне, што ўсё зроблена па закону. Але ж у кожнага свая праўда. Міністр юстыцыі адзначыў, што ў такім выпадку неабходна дамаўляцца з уладальнікамі дзвюх астатніх частак дома, але ў любым выпадку дакументы будуць вывучаны і заяўніку дадзены вычарпальны адказ.
Дарэчы, з праблемай дзялення жылога дома са сваімі сваякамі сутыкнуўся і жыхар Маларыты. Па рашэнні суда ён павінен быў усталяваць у доме перагародку, каб аддзяліць сваю частку, што і зрабіў, але без праекта. Гэтым скарысталіся іншыя ўладальнікі дома і напісалі на мужчыну заяву ў адпаведныя органы. Перагародку давялося дэманціраваць і заказваць праект на яе ўстаноўку. Зразумела, што калі паміж людзьмі няма паразумення і згоды, то яны пачынаюць высвятляць адносіны разнастайнымі спосабамі. Так адбылося і ў гэтым выпадку.
У даволі незвычайнай сітуацыі апынуўся малады мужчына. Ён скасаваў шлюб з жонкай і выплачвае аліменты на яе ўтрыманне і на сваё дзіця. Атрымалася так, што ў арганізацыі, дзе маларытчанін працаваў, у яго з зарплаты аліменты вылічвалі, але былой жонцы не пералічвалі. І вось на яго ў раённы аддзел прымусовага выканання паступіў выканаўчы ліст на тыя грошы, і ў адпаведнасці з ім, па словах заяўніка, у яго паўторна ўтрымалі адпаведную суму. Сітуацыя ўскладнілася тым, што арганізацыя, дзе працаваў мужчына, знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі, але ж гэта не падстава, каб па другому кругу спагнаць аліменты з чалавека.
Тут таксама Алег Леанідавіч даў даручэнне вывучыць дакументы і высветліць усе акалічнасці справы.
За кансультацыяй да Міністра юстыцыі звярнулася і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Статыўка. Яна ўзняла праблему, з якой сутыкнуўся адзін з выбаршчыкаў. Шматдзетны мужчына працуе ў сельгасарганізацыі і ў свой час пабудаваў дом. А зараз высветлілася, што зямля, дзе ўзведзена жыллё, належыць сельгасарганізацыі і цяпер незаконную пабудову трэба знесці. Што рабіць, як узаконіць будоўлю і такім чынам дапамагчы шматдзетнай сям’і? У гэтай справе ёсць шмат пытанняў і акалічнасцей, таму і патрабуе яна дэталёвага вывучэння, але дакладна, што людзі не застануцца сам-насам з гэтай праблемай і выхад будзе знойдзены.
Як адзначыў Алег Леанідавіч, наладжаная дзяржаўная сістэма работы са зваротамі, у тым ліку “прамыя тэлефонныя лініі” і прыёмы грамадзян, дазваляюць людзям вырашаць на-дзённыя пытанні нават, здавалася б,у самых складаных сітуацыях. А гэта дарагога каштуе.
Аляксей Грушэвіч.