Творчае сузор’е «Чарняначкі» (Маларыцкі раён)
Творчае сузор’е «Чарняначкі» Ужо на працягу 33 гадоў ансамбль народнай песні “Чарняначка” Чарнянскага СДК (кіраўнік Вольга Дзягель), радуе сваіх прыхільнікаў самабытнасцю і разнастайным рэпертуарам. Яго ўдзельнікі знаходзяцца ў пошуку новых творчых iдэй, магчымасцей, iх мастацкага i сцэнiчнага ўвасаблення, адлюстравання ў сваёй дзейнасцi невычэрпнай крынiцы вобразаў народнай творчасцi. Ганаровае званне народнага ансамблю “Чарняначка” нададзена ў 1993 годзе. У верасні 2020 года калектыў яго пацвердзіў у чарговы раз.
Творчая гісторыя “Чарняначкі” пачалася яшчэ ў 1987 годзе. Ансамбль быў створаны дзякуючы намаганням настаўніцы мясцовай школы Ульяны Піліпаўны Дзямянка, якая стаяла ля яго вытокаў.
Любоў да народнай песні са-брала ў аматарскае аб’яднанне Ірыну Кветка, Тамару Сцепанюк, Марыю Страйчук, Марыю Міцюк. Да іх ахвотна далучыліся Ніна Філановіч, Марыя Кулічык, Таццяна Фёдараўна Дзягель. Не засталіся ўбаку Вера Пархамук і Людміла Янч. У гэтым жа годзе ў калектыў улілася і Вольга ДзягельЯна ўнесла новы струменьчык у творчасць ансамбля і з 2001г. яго ўзначаліла. Спачатку жанчыны спявалі для сябе, для душы, для настрою. Аднак з часам пашыраўся рэпертуар, расло майстэрства. “Чарняначка” пачала праводзіць канцэрты ў Чарнянскім СДК, пазней аб’-ехала з выступленнямі ўсе вёскі свайго калгаса, жыхары якіх цёпла прымалі самадзейных артыстаў. Старшыні калгаса імя Крупскай Анатолю Яснюку таксама падабалася выступленне “Чарняначкі”. Ён, як прыхільнік творчасці калектыву, дапамог набыць сцэнічныя касцюмы на сродкі калгаса. Былы дырэктар школы Мікалай Дзямянка таксама падтрымаў добрую ініцыятыву і, як аматар народнай песні, доўгі час быў адзіным спеваком сярод жанчын.
Цяпер у калектыве 10 таленавітых спявачак. Гэта, акрамя Вольгі Дзягель, Раіса Астапук (акампаніятар), Алена Зяленіна, Галіна Ціхановіч, Яна Філановіч, Наталля Сычова, Крысціна Абрамук, Аксана Лойчыц, Таццяна Уладзіміраўна Дзягель і Людміла Астапук. Састаў калектыву па тых ці іншых прычынах змяняўся: адны ўдзельнікі пакідалі яго, іншыя ўліваліся. Нязменным заставаўся высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства. Гэта дасягалася шматлікімі рэпетыцыямі, жаданнем радаваць сваіх гледачоў прыгожымі і кранальнымі песнямі. З першага саставу ў калектыве цяпер спявае толькі Вольга Дзягель. Самай маладой удзельніцай з’яўляецца вучаніца 11 класа Чарнянскай СШ Яна Філановіч.
–Нездарма песню называюць гаючымі лекамі для душы, – гаворыць кіраўнік ансамбля Вольга Дзягель. – А калі гэта яшчэ і беларуская народная, то асалоду ад яе праслухоўвання атрымоўваем удвая большую. Перад сілай музыкі, удала падабраных слоў, якія пранікаюць у тваю душу, адступаюць любыя нягоды і на сэрцы становіцца лягчэй.
Галоўная мэта дзейнасці “Чарняначкі” – далейшае развіццё выканальніцкага майстэрства, фарміраванне мастацкага густу шляхам вывучэння музычных твораў розных стыляў. У рэпертуары ансамбля цяпер – беларускія, рускія, украінскія, мясцовыя народныя песні і песні ў апрацоўках розных аўтараў, у тым ліку і аўтараў Брэстчыны. Рэпертуар пастаянна абнаўляецца і папаўняецца новымі цікавымі творамі. Пры калектыве дзейнічае вакальная група, трыа, дуэты. Выконваюць нумары таксама і асобныя салісты.
Паколькі “Чарняначка” – калектыў жаночы, то, па словах Вольгі Васільеўны, гэта накладвае пэўны адбітак на рэпертуар. Творы для выканання ў асноўным падбіраюца лірычныя: аб жаночай долі, каханні. Ёсць таксама песні грамадзянскага гучання (аб Радзіме, родным краі), вясёлыя, жартоўныя. У апошні час вялікае значэнне калектыў надае творам духоўнага зместу, фальклорным праграмам, якія суправаджаюцца абрадавымі песнямі, фрагментамі рытуальных дзеянняў.
“Чарняначка” не раз выступала на сцэнах Маларыты, Олтуша, Радзежа, Лукава, Арэхава, Дарапеевіч, Ланской, Гвозніцы, на Украіне. Купальская песня “Ой рана на Івана” ў выкананні калектыву гучыць у фільме “Забытые боги”, знятым на студыі “Масфільм” у 1990 годзе. З праграмай “Чарнянскія шчадроўкі” самадзейныя артысты выступалі на беларускім тэлебачанні ў перадачы “Запрашаем на вячоркі”, увайшлі ў дзясятку лепшых калектываў года. Чатыры перадачы Брэсцкага абласнога тэлебачання прысвячаліся калектыву “Чарняначкі” (1990, 1995, 1996, 1997гг.). Яе песні гучалі на абласным (1993г.) і рэспубліканскім (1996г.) радыё. “Чарняначка” таксама спявала на Міжнародным фестывалі беларускай песні ў Польшчы (1994г.). Пра гэты ансамбль народнай песні падаецца невялікая інфармацыя і ў энцыклапедыі “Беларускі фальклор”, якая выдадзена ў 2006 годзе.
– Вольга Васільеўна, “Чарняначка” выступае ў прыгожых сцэнічных касцюмах. Адкуль яны ў вас?
–Касцюмы выраблены маімі рукамі ў адным стылі, – гаворыць Вольга Дзягель. – У іх імкнула-ся ўвасобіць традыцыйныя элементы вышыўкі чарнянскага рэгіёна маларыцкага строю адзення… Мне яшчэ хацелася б дадаць, што у канцэртных праграмах ансамбля ў якасці акампанемента выкарыстоўваюцца шумавыя інструменты: барабан, бубен, бразготкі. Гэта дазваляе зрабіць выступленне больш каларытным, яркім і запамінальным.
Цяпер ансамбль народнай песні “Чарняначка” – калектыў згуртаваны, зладжаны, мабільны, які па-ранейшаму радуе творчасцю прыхільнікаў і слухачоў. Дасягнуўшы пэўных поспехаў на творчым шляху, “Чарняначка” не спыняецца, імкнецца наперад, пастаянна ўдасканальвае сваё майстэрства. Дапамагае ансамблю ў гэтым творчасць, песні і талент.
Мікалай НАВУМЧЫК.