“Высокае прызванне — служыць справе міру і абараняць Радзіму”. Павел Канькоў (Маларыцкі раён)

Начальнік групы прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыята Маларыцкага раёна Павел Канькоў перакананы, што няма больш высокага прызвання, чым служыць справе міру і абараняць Радзіму. “Самае каштоўнае, што ёсць у нашым жыцці, – гэта мір і спакой. Гэта забяспечваем у тым ліку і мы, ваенныя, што і ганарова, і адказна адначасова”, – адзначае  Павел Уладзіміравіч.

Павел Канькоў падчас вучобы ў СШ №1 Маларыты рыхтаваўся да паступлення ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна. У дзя­сятым класе вырашыў стаць на­стаўнікам гісторыі і гра­ма­да­знаўства. Прыкладам з’яўляўся школьны педагог Ігар Цалуйка. Ігар Анатольевіч у вачах юнака стаў узорам сапраўднага настаўніка. Таму пасля заканчэння 11 класаў Павел вырашае паступаць ву­чыцца на гістарычны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна. Аднак падчас вучобы на пятым курсе ўсё ж такі зразумеў, што прафесія настаўніка – не зусім тое, дзе можна было б сябе цалкам рэалізаваць. Павел Канькоў апынуўся на своеасаблівым раздарожжы. Ён пэўны час быў у роз­думах, вагаўся, не ведаў, што рабіць, куды скіраваць свой далейшы шлях. Канчатковаму прыняццю рашэння паспрыяла тое, што пасля заканчэння ВНУ юнака праз месяц прызвалі на службу ў армію: у зенітна-ракетную брыгаду супрацьпаветранай абароны (г.Брэст). Да новых умоў жыцця ён адаптаваўся лёгка і хутка. З’явіліся пэўныя пос­пехі,  дасягненні.–Можа, таму, што займаўся спортам, хоць да службы ў арміі сябе спецыяльна не рыхтаваў, – кажа Па­вел Уладзіміравіч. – Я быў у ліку тых, каго ў брыгадзе называлі выдатнікам баявой падрыхтоўкі,  маральна ўстойлівым байцом.

На фізічна моцнага і адказнага салдата хутка звярнула ўвагу камандаванне. Неўзабаве Паўлу Канькову прапанавалі  працягнуць службу па кантракце. Для юнака гэта было зусім неспадзявана. Ней­кі час  ён раздумваў

– Служба ў арміі мне падабалася, – прызнаецца мой субяседнік. – Падчас вучобы ў старшых класах нават не раз лавіў сябе на думцы, што ў будучым мог бы стаць ваенным. Яркім  прыкладам з’яўляліся бацькі. Я ганаруся, што мой тата, Уладзімір Іванавіч, да выхаду ў адстаўку слу­жыў на вузле сувязі ў звышсакрэтным 44-ым ракетным палку, які базіраваўся ва ўрочышчы Чорны лес ля Замшан, а затым – на марфлоце ў  Мурманску і дэ­сантнікам у Брэсце. Ды і маці, Тамара Ільінічна, амаль дзесяць га­доў была  справаводам у харчовай службе 44-га ракетнага палка. Таму жыццё ваеннага ведаў, як кажуць, знутры. Пасля  некалькіх прапаноў камандавання, прыве-дзеных аргументаў даў згоду стаць кантрактнікам з далейшай перспектывай кар’ернага росту. 

Далей лёс закінуў Паў­ла Канькова на вучобу ў 72-гі аб’яднаны вучэбны цэнтр па падрыхтоўцы пра­паршчыкаў і спецыялістаў харчовай службы (г.Барысаў), а пазней – на курсы па пад­рыхтоўцы афіцэраў у  Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь. Пасля праходзіў службу ў зенітна-ракетным палку на афіцэрскай па­садзе. У снежні 2017 года лейтэнант Павел Канькоў быў назначаны на пасаду начальніка групы прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыята Маларыцкага раёна.

–Служба ў нас адказная і важная, – гаворыць Павел Уладзіміравіч. – Ваенны камісарыят – вароты ва Узброеныя Сілы, іншыя войскі і воінскія фарміраванні рэспублікі.  Тут для іх рыхтуецца будучае папаўненне. Наша група прызыву на ваенную службу непасрэдна працуе з маладымі людзьмі пры­зыўнога ўзросту, праводзіць з імі пэўную работу. Штогод на тэр­міновую службу ў часці Узброеных Сіл мы накіроўваем падрыхтаваных  навабранцаў раёна, якія потым звычайна на высокім узроўні выконваюць пастаўленыя задачы камандавання, вучацца вытрымцы, мужнасці, спазнаюць, што такое адказнасць, вайсковае таварыства, загартоўваюць свой характар і сілу волі.

– Павел Уладзіміравіч, ці не шка­дуеце, што  не сталі настаўнікам?

– Пе­дагагічная адукацыя на маёй цяперашняй пасадзе вельмі дарэчы. Група прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыята працуе ў пераважнай большасці з маладымі людзьмі школь­нага ўзросту і трохі ста­рэйшымі. Веды па педагогіцы і псіхалогіі,  набытыя ў вы­­шэйшай навучальнай установе, вельмі патрэбны. Розныя могуць узнікаць сітуацыі. І без тэарэтычных ведаў бывае  няпроста хутка знайсці  патрэбны адказ.

–Якія ў нас планы на блі­жэйшую перспектыву па службе?

–Лічу,  што нельга стаяць на месцы. Неабходны пастаянны і паступальны рух наперад. Планую набыць вышэйшую ваенную адукацыю.                                                        

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий