Каманда “Макраны” — чэмпіён першынства па міні-футболе (Маларыцкі раён)

У суботу, 27 сакавіка, на пляцоўцы спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Маларыцкага раёна завяршылася VІІІ адкрытае зімовае першынство па міні-футболе сярод мужчынскіх каманд. Яно традыцыйна праходзіла па кругавой сістэме. За званне мацнейшай змагалася шэсць каманд.

У матчы за трэцяе-чацвёртае месца сустракаліся каманды “СШ №1” і “Пагранічнікі”.  Ва ўпартай і напружанай барацьбе вый­грала каманда “СШ №1” з лікам 9:3. Перад пачаткам фінальнай гульні балельшчыкі спрача­ліся, рабілі свае прагнозы наконт таго, хто стане пераможцам першынства. Першае месца ў турнірнай табліцы спаборніцтва на працягу ўсіх гульняў займала каманда “Дарапеевічы”. Пасля матча дзявятага тура на другім месцы замацавалася каманда “Макраны”. І вось рашаючы  паядынак.

Першы тайм гульні закон­чыўся з лікам 0:1 на карысць  “Дарапеевіч” (гол забіў  Андрэй Троц). З пачатку другога тайма “Макраны” на пляцоўцы значна актывізаваліся. На пятай хвіліне Максім Ляпешка  лік гульні зраўняў.  На шостай – гол у вароты “Дарапеевіч” забіў Ілья Сцепанюк,  на дванаццатай – Дзяніс Струнец. Напружанне расло. На  трынаццатай хвіліне  Андрэй Троц забівае гол у вароты “Макран”. Лік гульні становіцца 3:2.  Затым у вароты “Дарапеевіч”  два галы запар забівае Ілья Сцепанюк. Да заканчэння матча застаецца зусім мала часу. На апошняй хвіліне гульні Юрый Мішчук забівае яшчэ адзін гол у вароты “Макран”, але гэта на канчатковы вынік гульні не паўплывала. Чуецца фінальны свісток. Матч  заканчваецца з лікам 5:3. Пераможцам становіцца каманда “Макраны”.

Падчас урачыстай цы­рымоніі завяршэння адкрытага зімовага першынства па міні-футболе сярод мужчынскіх каманд да яго ўдзельнікаў звярнулася галоўны суддзя спаборніцтваў Таццяна Тышкевіч. Затым першы намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Галоўчык уручыў узнагароды камандам-пераможцам – “Макраны” (І месца),  “Дарапеевічы” (ІІ месца), “СШ №1” (ІІІ месца). Лепшым бамбардзірам першынства стаў Аляксандр Галавач (“Макраны”, забіў 24 мячы),  лепшым іграком – Юрый Мішчук (“Дарапеевічы”), лепшым варатаром – Мікалай Торчык (“Пагранічнікі”).

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 13
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий