Пабывалі ў краіне «Чапухляндыі»

З самага ранку хлопчыкі і дзяўчынкі, якія наведваюць лагер “Вясёлка” на базе першай гарадской школы, пачулі паведамленне: “Увага! Сённяшні дзень па загаду Каралевы казачнай краіны цудаў (начальніка лагера) аб’яўляецца Днём наадварот!”. А гэта значыла, што лагер ператвараўся ў краіну Чапухляндыю, дзеці ў якой былі “чапушаты”, а выхавальнікі – “чапушацелі”.
Што тут пачалося… Дзеці сталі хадзіць задам наперад, рукі мылі, павярнуўшыся да ўмывальніка спіною, хлопчыкі пераапраналіся ў дзяўчынак, а дзяўчынкі – у хлопчыкаў. Многія ўвогуле эксперыментавалі: апраналі адзенне шыварат-навыварат, абутак – не на тую нагу… А якімі былі прычоскі, які атрымліваўся макіяж! Настрой у дзяцей быў выдатны, ды і конкурсы камічных паходак, жартоўных грымас і самага смешнага касцюма гэтаму садзейнічалі.
Завяршыўся гэты незвычайны дзень шоу-праграмай. Выхавальнікі выконвалі заданні дзяцей, якія “чапушаты” на працягу дня пакідалі ў спецыяльнай скрынцы. А заданні для выхавальнікаў там былі самыя розныя: праспяваць песню, прызнацца ў каханні, станцаваць польку і хіп-хоп, правесці зарадку і г.д. Выхавальнікі з усімі справіліся добра, што даставіла вялікую радасць ўсім дзецям.
Гэта толькі адзін дзень з жыцця лагера. Дарэчы, іншыя дні адпачынку хлопчыкі і дзяўчынкі праводзяць не менш цікава.
Таццяна КАРАБЕЙКА, начальнік лагера, Вікторыя НІКАЛАЮК, намеснік начальніка лагера, Ніна ФЯДОСАВА, старшы выхавальнік.
Фота аўтараў.

Опубликовано в “ГЧ” 27.06.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий