Хутка будзе вызначаны пераможца конкурса эскізаў флага Маларыцкага раёна
На гэтым тыдні ў райвыканкаме працавала камісія па правядзенні конкурсу на распрацоўку флага (афіцыйнага сімвала) Маларыцкага раёна. Для ўдзелу ў пашыраным яе пасяджэнні на гэты раз былі запрошаны прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, грамадскіх аб’яднанняў, моладзь рэгіёна. Адкрыў планавую сустрэчу кіраўнік раёна Міхаіл Бацэнка. Нагадаем, што менавіта яму належыць ідэя стварэння флага Маларыцкага раёна. Старшыня райвыканкама напрыканцы мая на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы фейсбук прапанаваў усім, хто жадае, паўдзельнічаць у конкурсе па распрацоўцы эскіза флага раёна.
Па словах старшыні Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў, старшыні камісіі Алега Якубчыка, на разгляд конкурснай камісіі было даслана 35 эскізаў магчымага флага Маларытчыны. Яны выкананы 16 аўтарамі рознага ўзросту. Некаторыя з іх даслалі адразу некалькі варыянтаў сцяга. Акрамя таго, тры работы былі прадстаўлены на разгляд як пазаконкурсныя. Яны паступілі ў камісію пасля афіцыйнага заканчэння даты прыняцця работ.
Намеснік начальніка ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Фядосава пазнаёміла прысутных з выявамі дасланых конкурсных работ, зачытала прадстаўленыя аўтарскія апісанні. У абмеркаванні прапанаваных варыянтаў флага Маларыцкага раёна прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Эдуард Кан-дзярэшка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Стасюк, начальнік аддзела па адукацыі Таццяна Лаўрэенка, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Наталля Пішчык, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Олтушскай СШ Кацярына Алесік, старшыня Маларыцкай раённай арганізацыі “Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі” Соф’я Якубчык, а таксама настаўнік геаграфіі раённай гімназіі Вадзім Шпетны, загадчыца аддзела маркетынгу Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі Галіна Кучына, старшыня маладзёжнага парламенту пры Маларыцкім раённым Савеце дэпутатаў Валерый Бурштын, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларуская грамадская арганізацыя ветэранаў” Уладзімір Бойка, загадчыца юрыдычнага сектара райвыканкама Лілія Баранава і інш.
З дасланых на конкурс эскізаў флага Маларыцкага раёна было адабрана толькі пяць тых, якія набралі найбольшую колькасць галасоў членаў камісіі.
– На чарговае пасяджэнне конкурснай камісіі, якое, плануецца, пройдзе на наступным тыдні, будуць запрошаны гэтыя аўтары, – гаворыць старшыня Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў Алег Якубчык. – Мяркуецца, што падчас пасяджэння будзе весціся дэталёвая размова пра кожны адабраны эскіз флага Маларыцкага раёна. Члены камісіі выкажуць сваё бачанне, заўвагі, прапановы па ўдасканальванні эскізаў і іх дапрацоўцы. Конкурсная камісія павінна будзе вызначыць і пераможцу. Ён атрымае дыплом і памятны падарунак.
Любы флаг мае пэўную кананічную пабудову, якая выпрацавалася на працягу многіх стагоддзяў. Палотнішча любога флага павінна мець просты, добра чытаемы малюнак. Сімвалічна яно дзеліцца на чатыры часткі: першая і другая размешчаны ўверсе, трэцяя і чацвёртая – унізе. Прычым першая і трэцяя знаходзяцца ля дрэўка. Самая ганаровая чвэрць – першая. Звычайна ў ёй размяшчаюць розныя сімвалы. Гэта дыктуецца пэўнымі законамі геральдыкі, мэтазгоднасцю сімвалаў, эстэтыкай. Між іншым, навука, якая займаецца вывучэннем сцягаў, называецца вексілалогіяй.
У Маларыцкага раёна ёсць свой герб (зацверджаны 28 жніўня 1998 года). Хутка з’явіцца і ўласны флаг.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Эскізы флагаў прадстаўленыя на конкурс можно посмотреть здесь