“Сэлфі & фота з вышыванкай”: фота з Маларытчыны прызнана адным з лепшых у Беларусі
Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь грамадскае аб’яднанне “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” аб’явіў фотаконкурс “Сэлфі & фота з вышыванкай” у рамках праекта “Беларусь – крыніца натхнення”.
Зараз падведзены вынікі гэтага творчага спаборніцтва, якое было скіравана на вывучэнне і захаванне нацыянальных традыцый, папулярызацыю культурнай спадчыны беларускага народа, стварэнне сегментаў патрыятычнай тэматыкі з элементамі нацыянальнага арнаменту ў культурнай інтэрнэт-прасторы. Усе дасланыя конкурсныя работы былі размешчаны ў сацыяльных сетках. Прыемна адзначыць, што другое месца ў намінацыі “Фота малыша ў вышыванцы” творчага спаборніцтва “Сэлфі & фота з вышыванкай” заняла фотаработа бібліятэкара Хаціслаўскай сельскай бібліятэкі Таццяны Хомік.
– На фотаздымку мой сын Платон, – гаворыць Таццяна Мікалаеўна. – У раённай газеце прачытала, што БРСМ аб’явіў фотаконкурс “Сэлфі & фота з вышыванкай”. Вырашыла прыняць у ім удзел. Для гэтага ў сваім архіве знайшла адпаведны фотаздымак, які быў зроблены некалькі гадоў таму ў ваколіцах Хаціслава. Платон апрануты ў сцэнічны касцюм – кашулю Маларыцкага строю адзення. На перамогу зусім не разлічвала.
Між іншым, хлопцу цяпер восем гадоў. Ён выступае з пяці гадоў у заслужаным аматарскім калектыве Рэспублікі Беларусь, узорным клубе аматараў фальклору “Вясковая табала” Хаціслаўскага СДК, якім кіруе Галіна Хомік, бабуля Платона. Хлопец добра танцуе, спявае, з задавальненнем наведваў заняткі ў падрыхтоўчай групе па класе “Баян” у Хаціслаўскім філіяле Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў.
Мікалай НАВУМЧЫК.