“COVID-19, бяспека і добраўпарадкаванне” Кіраўнік Маларыцкага раёна сустрэўся з жыхарамі вёскі Ляхаўцы
Нядаўна прайшла сустрэча кіраўніка Маларыцкага раёна Міхаіла Бацэнкі з жыхарамі вёскі Ляхаўцы.
Спачатку галоўны ўрач Маларыцкай ЦРБ Пётр Селівонік ўзняў пытанне аб вакцынацыі, якая ва ўсім свеце з’яўляецца адзіным шляхам спынення распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі. Асабліва важна, каб вакцынавалася большасць людзей, толькі тады можна разлічваць на выпрацоўку калектыўнага імунітэту. А перарыванне шляхоў распаўсюджвання не дае магчымасці вірусу інтэнсіўна муціраваць і ў далейшым прыводзіць да яго знікнення.
— Дзякуючы менавіта вакцынацыі чалавецтва перамагло мноства смяротных захворванняў. Таму неабходна разумець усю важнасць вакцынацыі, — адзначыў Пётр Міхайлавіч. — Безумоўна, вакцына на сто працэнтаў не абараняе ад інфекцыі, але нават калі адбылося заражэнне, то хвароба не будзе працякаць ў цяжкай форме. А COVID-19 небяспечны менавіта наступствамі, асабліва для тых людзей. хто мае разнастайныя сур’ёзныя захворванні — цукровы дыябет, бранхіяльную астму, захворванні лёгкіх….
Таксама Пётр Міхайлавіч звярнуў увагу на тое, што хаця зараз абстаноўка па каронавіруснай інфекцыі ў раёне спрыяльная, але расслабляцца нельга. Дастаткова ўспомніць мінулы год, калі летам захворванне на COVID-19 амаль не фіксавалася, а з надыходам восені давялося назіраць другую хвалю захворванняў. Таму разам з вакцынацыяй нельга грэбаваць і такімі мерамі перасцярогі, як ахоўныя маскі і выкарыстанне дэзсродкаў.
Гаварылася на сустрэчы і аб бяспецы людзей. Пракурор раёна Фёдар Міховіч акрэсліў некалькі праблемных пытанняў. Так, вельмі актуальнымі застаюцца правапарушэнні і злачынствы на сямейнай і бытавой глебе, прычыны якіх крыюцца ў злоўжыван-ні спіртным. Таму работа ўсіх суб’ектаў прафілактыкі зараз скіравана на выяўленне сямейнай неспрыяльнасці і ўзмацненне работы з парушальнікамі: ад сямейных дэбашыраў да людзей, якія ўжо траплялі ў поле зроку праваахоўных органаў. Таксама ёсць і праблема крадзяжоў маёмасці. Асноўныя прычыны іх як у злоўжыванні злачынцамі алкаголем, так і ў бяспечнасці саміх грамадзян, якія не надаюць належнай увагі захаванню сваёй маёмасці. Большасць крадзяжоў адбываецца менавіта шляхам свабоднага доступу. Не губляе актуальнасці і праблема кіберзлачыннасці. Хаця людзі і сталі больш асцярожнымі, але злодзеі прыдумваюць усё новыя і новыя спосабы падману людзей.
Зайшла размова і аб пытаннях жыццезабеспячэння вёскі. Што датычыцца водаправода, то нарэшце ён будзе ўведзены ў эксплуатацыю. Між іншым, як адзначыў кіраўнік раёна Міхаіл Бацэнка, уклад жыхароў вёскі ў яго будаўніцтва склаў толькі прыкладна 13,7% ад агульнага кошту.
Калі ў 2015 годзе будаваўся водаправод, з часткай жыхароў вёскі несправядліва паступілі, таму гэта, можна сказаць, пэўная кампенсацыя. У далейшым будаўніцтва водаправодаў будзе весціся на парытэтных пачатках – 50% кампенсуе дзяржава і 50% – за кошт спажыўцоў.
Старшыня Макранскага сельвыканкама Пётр Губей узняў пытанне рамонту асфальтавага пакрыцця па вуліцы Савецкай у вёсцы. Кіраўнік раёна адказаў, што распыляцца немэтазгодна, таму населеныя пункты паступова прыводзяцца да ладу мэтанакіравана і комплексна з нагоды правядзення раённых «Дажынак». Ёсць графік, у якім пазначаны і Ляхаўцы, а значыць усім раёнам будзе абуладкоўвацца і гэты населены пункт.
Падрыхтаваў Аляксей Грушэвіч.