“Са спадчынай продкаў – у  будучыню” Маларыцкі раённы цэнтр культуры прэзентаваў анлайн-выставу Маларыцкага строю (відэа)

Маларыцкі строй адзення – багатая культурная спадчына, якую захавалі нашы продкі. Яго не зблытаеш з іншым. Уражвае хараство і багацце вышытых і вытканых узораў. Гледзячы на арнамент, адчуваеш гонар за тых, хто змог не толькі ўбачыць, але і перадаць нюансы мясцовага каларыту адзення. Зачароўвае не толькі непаўторная прыгажосць, але і дзівосная цеплыня, якая адчуваецца ў кожным вырабе. Маларыцкім строем захапляюцца не толькі мастацтвазнаўцы, але і многія сучасныя модніцы. Нядаўна Маларыцкі раённы цэнтр культуры арганізаваў анлайн-выставу-прэзентацыю касцюма Маларыцкага строю адзення “Са спадчынай продкаў – у будучыню”.

Яна падрыхтавана Мала­рыцкім раённым цэнтрам куль­­туры. У  рэалізацыі праекта прынялі ўдзел Маларыцкі раённы цэнтр народнай твор­часці, а таксама заслужаны ка­лектыў Рэспублікі Беларусь узорны дзіцячы клуб аматараў фальклору “Вясковая табала” (кіраўнік Галіна Хомік, Ха­ціс­лаўскі СДК). Работа прыме ўдзел у першым этапе рэс­­публіканскага конкурсу на лепшы культурны праект патрыятычнай тэматыкі ў на­мінацыі “Лепшае культурнае мерапрыемства народнай творчасці патрыятычнай тэматыкі”, арганізатарам якога з’яўляецца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

– Праект “Са спадчынай продкаў – у будучыню”, – гаворыць дырэктар Маларыцкага раённага цэнтра культуры Вольга Краско, – гэта найперш – паказ калекцыі жаночага і элементаў мужчынскага адзення нашага строю пачатку ХІХ стагоддзя. Мы прэзентуем  таксама і кас­­цюмы, якія за апошнія гады вытканы адноўленай тэх­налогіяй “кажушком” з пе­­разнятым арнаментам са старажытнага касцюма нашага рэгіёна майстрыхамі цэнтра. Праект уяўляе сабой невялікую сцэнічную пас­таноўку, дзе цесна пераплятаецца мінулае і сучаснае. Пад­час відэапрэзентацыі гучаць песні, выконваюцца побытавыя танцы “Вясковай та­балой”. Маларыцкі стройадзення з’яўляецца багатай куль­турнай спадчынай,  якую за­хавалі нашы продкі. Ён,  на­пэўна, самы дасканалы не толькі на Брэстчыне, але і ва ўсёй Беларусі. Касцюмы Маларыцкага строю адзення,  на думку многіх спецыялістаў, можна смела назваць эталонам народнага ткацтва. Іх прыгажосць, самабытнасць і непаўторнасць мы якраз і імкнуліся паказаць у сваёй конкурснай рабоце.

–Падчас відэапрэзентацыі мы таксама як бы пункцірна, мазкамі спрабуем паказаць гледачу, як ствараюцца нашы тканыя касцюмы, – гаворыць загадчыца Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці Валянціна Струнец. – Праўда, увесь гэты працэс працаёмкі і доўгі, таму мы паказваем толькі самыя галоўныя і важныя этапы і элеманты ў працэсе ткацтва. Аднак пераканана, што каб нарадзіўся сапраўдны тканы шэдэўр, для сапраўднага майстра сваёй справы не так многа чаго і трэба (смяецца).

Мікалай   НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 10
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий